Чакаецца, што Вышэйшы савет так званай «саюзнай дзяржавы» Беларусі і Расеі зацьвердзіць новы трохгадовы інтэграцыйны пакет у пачатку 2024-га, паведаміў міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў, якога цытуе ТАСС.
«29 лістапада ў Маскве адбылося пасяджэньне Савету міністраў саюзнай дзяржавы. На ім кіраўнікі ўрадаў зацьвердзілі новы комплекс інтэграцыйных мерапрыемстваў на наступную трохгодку (на 2024–2026 гады), і мы чакаем, што гэты пакет будзе зацьверджаны Вышэйшым дзяржсаветам саюзнай дзяржавы ў пачатку наступнага году», — сказаў кіраўнік расейскай дыпляматыі, адкрываючы разам зь беларускім калегам Сяргеем Алейнікам пасяджэньне калегіі замежнапалітычных ведамстваў Расеі і Беларусі.
Лаўроў сказаў, што на МЗС дзьвюх краін усклалі задачу дыпляматычнай падтрымкі працы ў паглыбленьні інтэграцыі.
Пасьля падтрымкі ўладамі Беларусі расейскага ўзброенага нападу на Ўкраіну ў Маскве і Менску паскорылі крокі ў так званай інтэграцыі ў палітычнай, эканамічнай і іншых сфэрах. На думку экспэртаў, гэтыя крокі пагражаюць сувэрэнітэту Беларусі.
Прэм’ер-міністры Беларусі і Расеі Раман Галоўчанка і Міхаіл Мішусьцін 29 лістапада ў Маскве правялі пасяджэньне Савету міністраў так званай «саюзнай дзяржавы» Расеі і Беларусі, падчас якога гаварылі пра ход выкананьня дамоўленасьцяў паміж Масквой і Менскам, 28 так званых саюзных праграм, стратэгіі навукова-тэхнічнага разьвіцьця да 2035 году, Канцэпцыю міграцыйнай палітыкі і сумесных праектаў у сфэры адукацыі, культуры, гуманітарны сэктар.
Прэм’ер-міністар РФ Міхаіл Мішусьцін заявіў, што Расея і Беларусь выканалі больш за 90% «інтэграцыйных мерапрыемстваў», агулам іх рэалізавана 990: сярод іншага, «закладзена аснова для правядзеньня адзінай макраэканамічнай, прамысловай і аграрнай палітыкі, фармаваньня агульнага транспартнага рынку і правілаў канкурэнцыі, прававой прасторы для бізнэсу і нашых грамадзян, забесьпячэньня роўных магчымасьцяў для спажыўцоў».
Па выніках пасяджэньня прэм’еры Беларусі і Расеі Раман Галоўчанка і Міхаіл Мішусьцін падпісалі шэраг дакумэнтаў, сярод іх пастанова аб аказаньні гуманітарнай дапамогі зь бюджэту «саюзнай дзяржавы» навучэнцам і адукацыйным арганізацыям самаабвешчаных рэспублік «ДНР» і «ЛНР», паведамляюць расейскія навінавыя агенцтвы.
Таксама прынялі пастанову «Аб праграме саюзнай дзяржавы „Мадэрнізацыя абʼектаў тылавога забесьпячэньня, якія плянуюцца да сумеснага выкарыстаньня ў інтарэсах забесьпячэньня рэгіянальнай групоўкі войскаў (сіл) Рэспублікі Беларусь і Расейскай Фэдэрацыі“ на 2023–2027 гады».
Таксама зацьвердзілі шэраг дакумэнтаў у іншых кірунках супрацоўніцтва Беларусі і Расеі, сярод іх:
- рэзалюцыя аб паляпшэньні падрыхтоўкі спэцыялістаў у сфэры высокіх тэхналёгій;
- пастанова, прысьвечаная рэалізацыі Канцэпцыі міграцыйнай палітыкі «саюзнай дзяржавы» ў 2022–2026 гадах;
- рэзалюцыя «Аб задачах у рэалізацыі стратэгіі навукова-тэхналягічнага разьвіцьця „саюзнай дзяржавы“ на пэрыяд да 2035 году»;
- рэзалюцыі, якія тычацца сьвяткаваньня «80-годзьдзя вызваленьня Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў» і мерапрыемстваў у гонар «25-годзьдзя падпісаньня Дамовы аб стварэньні саюзнай дзяржавы» ў 2024 годзе.
Беларусь і Расея рэалізуюць 28 інтэграцыйных галіновых праграм, якія ў лістападзе 2021 году зацьвердзілі Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін. Праграмы накіраваныя на набіжэньне заканадаўства ў розных галінах эканомікі, роўныя ўмовы вядзеньня бізнэсу, а таксама стварэньне адзіных фінансавых і энэргетычных рынкаў, транспартнай прасторы.
На пачатку лістапада міністар эканамічнага разьвіцьця Расеі Максім Рашэтнікаў заяўляў, што выканана амаль 90% мерапрыемстваў у рамках 28 праграм саюзнай дзяржавы, а 13 зь іх выкананы «ў поўным аб’ёме».