Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галоўчанка ў Маскве падпісаў дакумэнты аб мадэрнізацыі тылоў «саюзнай дзяржавы» і дапамозе Данбасу


Прэм'ер-міністар Беларусі Раман Галоўчанка
Прэм'ер-міністар Беларусі Раман Галоўчанка

Прэм’ер-міністры Беларусі і Расеі Раман Галоўчанка і Міхаіл Мішусьцін 29 лістапада ў Маскве правялі пасяджэньне Савету міністраў так званай «саюзнай дзяржавы» Расеі і Беларусі. Гэта ўжо 53-е пасяджэньне савету, папярэдняе прайшло ў сакавіку ў Маскве.

Падчас пасяджэньня гаварылі пра ход выкананьня дамоўленасьцяў паміж Масквой і Менскам, 28 так званых саюзных праграм, стратэгіі навукова-тэхнічнага разьвіцьця да 2035 году, Канцэпцыю міграцыйнай палітыкі і сумесных праектаў у сфэры адукацыі, культуры, гуманітарны сэктар.

Прэм’ер-міністар РФ Міхаіл Мішусьцін заявіў, што Расея і Беларусь выканалі больш за 90% «інтэграцыйных мерапрыемстваў» — агулам іх рэалізавана 990: сярод іншага, «закладзена аснова для правядзеньня адзінай макраэканамічнай, прамысловай і аграрнай палітыкі, фармаваньня агульнага транспартнага рынку і правілаў канкурэнцыі, прававой прасторы для бізнэсу і нашых грамадзян, забесьпячэньня роўных магчымасьцяў для спажыўцоў».

Па выніках пасяджэньня прэм’еры Беларусі і Расеі Раман Галоўчанка і Міхаіл Мішусьцін падпісалі шэраг дакумэнтаў, сярод іх — пастанова аб наданьні гуманітарнай дапамогі зь бюджэту «саюзнай дзяржавы» навучэнцам і адукацыйным арганізацыям так званых самаабвешчаных рэспублік «ДНР» і «ЛНР», паведамляюць расейскія навінавыя агенцтвы.

Таксама прынялі пастанову «Аб праграме саюзнай дзяржавы „Мадэрнізацыя абʼектаў тылавога забесьпячэньня, якія плянуюцца да сумеснага выкарыстаньня ў інтарэсах забесьпячэньня рэгіянальнай групоўкі войскаў (сіл) Рэспублікі Беларусь і Расейскай Фэдэрацыі“ на 2023-2027 гады».

Таксама зацьвердзілі шэраг дакумэнтаў па іншых напрамках супрацоўніцтва Беларусі і Расеі, сярод іх:

  • рэзалюцыя аб паляпшэньні падрыхтоўкі спэцыялістаў у сфэры высокіх тэхналёгій;
  • пастанова, прысьвечаная рэалізацыі Канцэпцыі міграцыйнай палітыкі «саюзнай дзяржавы» ў 2022-2026 гадах;
  • рэзалюцыя «Аб задачах у рэалізацыі стратэгіі навукова-тэхналягічнага разьвіцьця „саюзнай дзяржавы“ на пэрыяд да 2035 году»;
  • рэзалюцыі, якія тычацца сьвяткаваньня «80-годзьдзя вызваленьня Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў» і мерапрыемстваў у гонар «25-годзьдзя падпісаньня Дамовы аб стварэньні саюзнай дзяржавы» ў 2024 годзе.

Беларусь і Расея рэалізуюць 28 інтэграцыйных галіновых праграм, якія ў лістападзе 2021 году зацьвердзілі Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін. Праграмы накіраваныя на набіжэньне заканадаўства ў розных галінах эканомікі, роўныя ўмовы вядзеньня бізнэсу, а таксама стварэньне адзіных фінансавых і энэргетычных рынкаў, транспартнай прасторы.

На пачатку лістапада міністар эканамічнага разьвіцьця Расеі Максім Рашэтнікаў заяўляў, што выканана амаль 90% мерапрыемстваў у рамках 28 праграм Саюзнай дзяржавы, а 13 зь іх выкананы «ў поўным аб’ёме».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG