Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ЗША Палата прадстаўнікоў прагаласавала за пачатак расьсьледаваньня дзеля імпічмэнту Байдэна


Кагрэс ЗША. Ілюстрацыйнае фота
Кагрэс ЗША. Ілюстрацыйнае фота

У Белым доме назвалі гэтае расьсьледаваньне фактычна неабгрунтаваным і палітычна матываваным.

Палата прадстаўнікоў (ніжняя палата Кангрэсу ЗША), якую кантралюе Рэспубліканская партыя, падтрымала пачатак расьсьледаваньня дзеля імпічмэнту прэзыдэнту ЗША Джо Байдэну, нягледзячы на тое, што доказаў парушэньняў зь ягонага боку не змаглі знайсьці.

Гэтае рашэньне падтрымалі 221 прадстаўнік Палаты прадстаўнікоў, 212 выказаліся супраць. У часе расьсьледаваньня будуць вывучаць пытаньне, ці не атрымліваў Джо Байдэн незаконнай выгады ад замежных дзелавых сувязяў свайго 53-гадовага сына Гантэра. Галасаваньне адбылося празь некалькі гадзін пасьля таго, як малодшы Гантэр Байдэн адмовіўся даць паказаньні на закрытым пасяджэньні камітэту па рэглямэнце.

У Белым доме назвалі гэтае расьсьледаваньне фактычна неабгрунтаваным і палітычна матываваным. Цяперашні прэзыдэнт-дэмакрат рыхтуецца да паўторнага супрацьстаяньня на выбарах 2024 са сваім папярэднікам Дональдам Трампам (ён стаў першым прэзыдэнтам ЗША, супраць якога двойчы пачыналі імпічмэнт). Цяпер супраць Трампа адбываецца чатыры крымінальныя судовыя працэсы.

Як паведаміў «Голас Амэрыкі», намаганьні па імпічмэнце Байдэна, хутчэй за ўсё, будуць безвыніковымі, нават калі Палата прадстаўнікоў прагаласуе за адхіленьне яго ад пасады, бо ў Сэнаце, які мусіць падтрымаць гэтае рашэньне двума трацінамі галасоў, рэспубліканцам ня хопіць галасоў. У верхняй палаце Кангрэсу дэмакраты маюць большасьць.

Што заявіў Джо Байдэн

Дзейны прэзыдэнт ЗША, рэагуючы на рашэньне Палаты прадстаўнікоў, заявіў, што амэрыканскаму народу патрэбныя лідэры ў Кангрэсе, каб ухваліць меры па важных для краіны і сьвету прыярытэтах.

«У аўторак я сустрэўся з прэзыдэнтам Украіны, які вядзе свой народ у барацьбе за свабоду супраць расейскай агрэсіі. Ён прыляцеў у Амэрыку, каб папрасіць у нас дапамогі. Народ Ізраілю вядзе барацьбу з тэрарыстамі і чакае нашай дапамогі. Тым ня менш рэспубліканцы ў Кангрэсе ня будуць дзейнічаць, каб дапамагчы ім», — заявіў Джо Байдэн.

Прэзыдэнт ЗША падкрэсьліў, што неабходна вырашаць сытуацыю на паўднёвай мяжы Амэрыкі.

«Нам патрэбна фінансаваньне для ўмацаваньня бясьпекі мяжы, але рэспубліканцы ў Кангрэсе ня будуць дзейнічаць, каб гэтаму дапамагчы. Мы павінны працягваць прагрэс у эканоміцы і сачыць за тым, каб інфляцыя зьніжалася, а колькасьць працоўных месцаў павялічвалася. Наперадзе вялікая праца, але... Рэспубліканцы ў Кангрэсе ідуць амаль на месяц на канікулы, нічога не зрабіўшы для вырашэньня гэтых надзённых праблем», — дадаў ён.

«Кожны дзень я прачынаюся, факусуючыся на праблемах, якія стаяць перад амэрыканскім народам. Замест таго, каб зрабіць што-небудзь для паляпшэньня жыцьця амэрыканцаў, яны сканцэнтраваныя на тым, каб атакаваць мяне хлусьнёй. Амэрыканскі народ заслугоўвае лепшага. Я ведаю, на чым зьбіраюся засяродзіцца. Запрашаю рэспубліканцаў у Кангрэсе далучыцца да мяне», — заклікаў Джо Байдэн.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG