Міністэрства юстыцыі ЗША выставіла новыя крымінальныя абвінавачаньні супраць Гантэра Байдэна, сына дзейнага амэрыканскага прэзыдэнта, па факце нявыплаты 1,4 мільёна даляраў падаткаў.
Гэта другая крымінальная справа супраць сына дзейнага амэрыканскага прэзыдэнта.
У апублікаваным абвінаваўчым акце 56 старонак. У ім пералічылі абвінавачаньні па дзевяці пунктах, у тым ліку няплата падаткаў, пазьбяганьне падаткаў, а таксама падача махлярскай падатковай дэклярацыі.
«Гантэр Байдэн удзельнічаў у чатырохгадовай схеме, у межах якой ён вырашыў не плаціць сама меней 1,4 мільёна даляраў фэдэральных падаткаў, якія ён завінаваціўся за 2016–2019 гады, і ўхіліцца ад налічэньня падаткаў за 2018 год, калі ён падаў ілжывыя дэклярацыі», — адзначаецца ў паведамленьні Офісу спэцыяльнага пракурора Дэвіда Вайса, які расьсьледуе справу Гантэра Байдэна з 2019 году.
Паводле дакумэнтаў абвінавачаньня, з 2016 да 2020 году Байдэн-малодшы атрымаў больш за 7 мільёнаў даляраў даходу ад замежных апэрацый, у тым ліку аплату за працу ў радзе дырэктараў украінскай газавай кампаніі Burisma і ўдзел у кітайскім інвэстыцыйным фондзе.
У дакумэнце адзначаецца, што сын прэзыдэнта «марнаваў мільёны даляраў на экстравагантны лад жыцьця, замест таго каб аплочваць свае падатковыя рахункі». Пракуроры сьцьвярджаюць, што Гантэр Байдэн траціў грошы на «наркотыкі, эскорт і сябровак, раскошныя гатэлі і арэнду нерухомасьці, шыкоўныя аўтамабілі, адзеньне і іншыя прадметы асабістага характару».
Гантэру Байдэну паводле гэтых абвінавачаньняў пагражае да 17 гадоў пазбаўленьня волі.
Гэта ўжо другая крымінальная справа пасьля таго, як у ліпені сарвалася дамова са сьледзтвам аб прызнаньні вінаватасьці.
Белы дом пакуль не камэнтаваў гэтай інфармацыі.
Прэзыдэнт Джо Байдэн 5 сьнежня заявіў аб сваім намеры балятавацца на другі прэзыдэнцкі тэрмін. Гэтае рашэньне ён патлумачыў удзелам у будучых выбарах папярэдняга прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа, якога Джо Байдэн лічыць «пагрозай для краіны».
У сваю чаргу Дональд Трамп, які сутыкнуўся з крымінальнымі абвінавачаньнямі за свае спробы скасаваць вынікі выбараў 2020 году, таксама характарызуе Байдэна як небясьпечнага аўтакрата.
Супраць Трампа завялі ўжо чатыры крымінальныя справы. Ні ў адной зь іх віны Трамп не прызнае.
Зыходзячы з апошніх апытаньняў амэрыканцаў, Трамп — патэнцыйны пераможца праймэрыз Рэспубліканскай партыі. У гэтым выпадку ён будзе змагацца за пасаду прэзыдэнта ЗША зь верагодным кандыдатам ад Дэмакратычнай партыі Джо Байдэнам і некалькімі самавылучэнцамі.