Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У камітэце Сейму Літвы падтрымалі прапанову павялічыць тэрмін дазволу на жыхарства для беларусаў да трох гадоў


Беларускія сьцягі ля Сейма Літвы, 2023
Беларускія сьцягі ля Сейма Літвы, 2023

Прапанова зыходзіць ад МУС Літвы.

Камітэт міжнародных справаў Сейму Літвы падтрымаў прапанову міністаркі ўнутраных спраў Агне Білатайце павялічыць тэрмін дзеяньня дазволу на жыхарства (ДНЖ) для беларусаў з аднаго да трох гадоў. Пра гэта напісаў на сваёй старонцы ў «Фэйсбуку» дарадца Сьвятланы Ціханоўскай у канстытуцыйнай рэформе і парлямэнцкім супрацоўніцтве Анатоль Лябедзька па выніках сустрэчы з кіраўніком згаданага камітэту Жыгімантасам Павілёнісам.

У камэнтары «Позірку» Лябедзька ўдакладніў, што ў камітэце адбылося галасаваньне ў гэтым пытаньні.

У канцы кастрычніка стала вядома, што супраць адпаведнай прапановы Білатайце выказаўся камітэт нацыянальнай бясьпекі і абароны Сейму, які ўзначальвае дэпутат Лаўрынас Кашчунас.

Акрамя таго, у пачатку сьнежня ён разам з шэрагам іншых парламэнтароў зарэгістраваў у Сейме папраўкі, якія прадугледжваюць абмежаваньне выдачы беларусам часовага ДНЖ.

Папраўку ў закон «Аб прававым статусе іншаземцаў» Білатайце аргумэнтавала тым, што ДНЖ выдаецца ў асноўным грамадзянам Беларусі, якія ратуюцца ад рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Сытуацыя ў краіне «працяглы час не мяняецца», беларусы «ня могуць вярнуцца на радзіму пасьля заканчэньня году і вымушаны падаваць новую заяўку» на ДНЖ. На думку міністра, павелічэньне тэрміну дзеяньня гэтага дакумэнта дазволіла б пазьбегнуць нязручнасьцяў, выкліканых неабходнасьцю часта яго мяняць, а Дэпартамэнт міграцыі пры МУС зэканоміў бы адміністрацыйны рэсурс на апрацоўку заяў.
Білатайце прапанавала пры пасярэдніцтве Міністэрства замежных спраў выдаваць ДНЖ на тры гады толькі іншаземцам, якія перасьледуюцца недэмакратычнымі рэжымамі, якія пацярпелі або могуць пацярпець ад рэпрэсій.

Павелічэньне тэрміну дзеяньня ДНЖ, на думку кіраўніцы МУС, «вырашыла б праблему, звязаную з выдачай дзейнага праязнога дакумэнта іншаземцам гэтай катэгорыі, калі яны з аб’ектыўных прычынаў ня могуць атрымаць праязны дакумэнт, выдадзены ў краіне паходжаньня» (маецца на ўвазе пашпарт, які немагчыма памяняць у беларускіх дыппрадстаўніцтвах пасьля набыцьця моцы 7 верасьня ўказу Аляксандра Лукашэнкі № 278), і просяць выдаць «пашпарт замежнай асобы», які дзейнічае столькі ж, колькі і ДНЖ.

14 сьнежня ў Сейме Літвы па ініцыятыве Офісу Сьвятланы Ціханоўскай пройдуць слуханьні і дыскусія ў фармаце пашыранага пасяджэньня Камітэту міжнародных справаў і групы дэпутатаў «За дэмакратычную Беларусь». На іх Офіс дэмакратычнай лідэркі хоча засяродзіцца «на абмеркаваньні становішча беларусаў у прававым полі Літвы».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG