— У чым мэта Стратэгічнага дыялёгу і чым гэтая сустрэча адрозьніваецца ад усіх папярэдніх, якія былі ў Дзярждэпартамэнта і беларускіх дэмакратычных сіл.
— Мэта стратэгічнага дыялёгу заключаецца ў тым, каб пацьвердзіць, што ЗША знаходзяцца ў саюзе з нашымі блізкімі партнэрамі ў дэмакратычных сілах Беларусі, у прыватнасьці са Святланай Ціханоўскай, а таксама зь іншымі прадстаўнікамі Аб’яднанага пераходнага кабінэту, грамадзянскай супольнасьці, каб у нас быў плян па прасоўваньні наперад у нашым стратэгічным узаемадзеяньні і дапамозе, якую мы аказваем грамадзянскай супольнасьці, СМІ і па іншых напрамках для падтрымкі дэмакратыі ў Беларусі.
— Прайшло тры гады з моманту пратэстаў у Беларусі. Лукашэнка ўсё яшчэ трымае ўладу. Відавочна, што без дапамогі такіх саюзьнікаў, як ЗША і ЭЗ, ні ў дэмакратычных сіл, ні ў беларускага народа не атрымаецца перамагчы рэжым. Ёсьць у вас уяўленьні, як ЗША могуць дапамагчы ў аднаўленьні закону і дэмакратыі ў Беларусі?
— Мы застаёмся прынцыпова прыхільнымі да падтрымкі імкненьняў беларускага народу да дэмакратыі, правоў чалавека, асноўных і фундамэнтальных свабод, якія душацца рэжымам Лукашэнкі, пачынаючы з выбараў у жніўні 2020-га вось ужо тры гады. Акрамя таго, сытуацыя пагоршылася, калі Лукашэнка падтрымаў уварваньне Пуціна ва Ўкраіну. І таму нашы дзеяньні накіраваныя як на падтрымку беларускіх дэмакратычных сіл, так і на ўвядзеньне санкцый і іншых мер, накіраваных на тое, каб прымусіць Лукашэнку і яго рэжым заплаціць за парушэньні правоў чалавека, нападкі на дэмакратыю і садзейнічаньне Пуціну ў яго ўварваньні ва Ўкраіну.
— Ці атрымлівалі ЗША нейкія прапановы ад прадстаўнікоў рэжыму Лукашэнкі аб тым, каб пачаць дыялёг ці нейкія перамовы па пытаньні вызваленьня палітвязьняў ці нейкіх умоў такога вызваленьня?
— Не, мы не атрымлівалі ніякіх падобных сыгналаў ад рэжыму Лукашэнкі. Але мы заклікаем рэжым Лукашэнкі вызваліць усіх палітвязьняў. Гэта будзе зыходны пункт для далейшых абмеркаваньняў аб тым, як далей разьвіваць нашы адносіны.
— І як вы думаеце санкцыі, якія ЗША наклалі на рэжым Лукашэнкі, змогуць дапамагчы ў вызваленьні палітвязьняў?
— Я думаю, што гэтыя санкцыі накіраваныя на дасягненьне таго эфэкту, каб прымусіць заплаціць суровую цану ня толькі Лукашэнку, але і людзей побач зь ім, якія падтрымліваюць яго рэжым у наступе на дэмакратыю і правы чалавека. І я веру, што санкцыі аказваюць эфэкт. І пакуль мы ня ўбачым зьмены ў паводзінах Лукашэнкі, мы будзем толькі нарошчваць нашы намаганьні па ціску на яго рэжым.
— Расея мае вялікі ўплыў на Лукашэнку. Ёсьць у ЗША, магчыма, нейкія ідэі наконт таго, як дапамагчы зьберагчы Беларусь ад Расіі?
— Вельмі расчароўвае бачыць, як Лукашэнка гандлюе беларускім сувэрэнітэтам дзеля захаваньня ўласнага становішча. Вельмі сумна назіраць за тым, як ён распараджаецца Беларусьсю для дасягненьня сваіх уласных карысьлівых мэт. І ЗША, як і ўсе папярэднія 30 гадоў, застаюцца прыхільнікамі дэмакратыі, сувэрэнітэту, міру і стабільнасьці ў Беларусі. Мы працягваем працаваць з усімі беларусамі, якія імкнуцца да тых жа мэт.
— Дэмакратычныя сілы кажуць, што сабралі дастаткова доказаў удзелу рэжыму Лукашэнкі ў незаконным вывазе ўкраінскіх дзяцей з тэрыторыі Ўкраіны. Яны спрабуюць дабіцца прыцягненьня Лукашэнкі да адказнасьці за гэта. ЗША нейкім чынам могуць у гэтым дапамагчы?
— Абсалютна. Мы сканцэнтраваныя на гэтым пытаньні ня толькі з пункту гледжаньня распаўсюджваньня інфармацыі аб той ролі, якую адыгрывае рэжым Лукашэнкі ў эксплёатацыі і выкраданьні дзяцей з Украіны, іх перамяшчэньні ў Беларусь і далей — у Расію. Але мы таксама сканцэнтраваныя і на санкцыйнай пэрспэктыве ў гэтым пытаньні. Літаральна 5 сьнежня мы ўвялі санкцыі, у тым ліку і супраць кіраўніка Беларускага Чырвонага Крыжа за яго непасрэдную ролю ў садзейнічаньні незаконнаму вывазу дзяцей з Украіны.
- З 4 па 8 сьнежня адбываецца візыт Сьвятланы Ціханоўскай у Злучаныя Штаты Амэрыкі.
- 4 сьнежня яна выступіла ў Ейльскім унівэрсытэце і заклікала арганізаваць там Беларускі цэнтар.
- 5 сьнежня ў Палаце прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША з удзелам Сьвятланы Ціханоўскай прайшлі слуханьні «Будучыня свабоды і дэмакратыі ў Беларусі», якія арганізаваў падкамітэт у справах Эўропы камітэту міжнародных зносін Палаты прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША.
- Падчас слуханьняў абмяркоўвалі палітыку ЗША ў дачыненьні Беларусі, санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі, дапамогу грамадзянскай супольнасьці. На пытаньні амэрыканскіх кангрэсмэнаў адказвала Сьвятлана Ціханоўская.
- Падчас адкрыцьця слуханьняў старшыня падкамітэту Томас Х. Кін-малодшы выступіў з прамовай, падчас якой назваў Аляксандра Лукашэнку «нелегітымным дыктатарам» і падкрэсьліў, што ў 2020 годзе рэжым Лукашэнкі пачаў перасьлед пратэстоўцаў, у тым ліку журналістаў — і згадаў імёны палітзьняволеных журналістаў Радыё Свабода — Ігара Лосіка і Андрэя Кузьнечыка, адзначыўшы, што цяпер агулам за кратамі знаходзяцца каля 1500 палітвязьняў.
- 6–8 сьнежня ў Вашынгтоне адбываецца першы Стратэгічны дыялёг ЗША – Беларусь, дзе амэрыканскі бок прадстаўляюць урадоўцы, а беларускі — дэмакратычныя сілы, што знаходзяцца ў апазыцыі да фактычнага кіраўніцтва Рэспублікі Беларусь.