Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінскі амбудсмэн агучыў новыя лічбы дэпартаваных у Расею дзяцей і заявіў, што частку іх цяпер вывозяць празь Беларусь


Дзьмітро Лубінец
Дзьмітро Лубінец

Упаўнаважаны Вярхоўнай рады Ўкраіны ў правах чалавека Дзьмітро Лубінец на міжнароднай праваабарончай канфэрэнцыі «Свабода або страх» назваў новую колькасьць дэпартаваных у Расею ўкраінскіх дзяцей.

19 546 украінскіх дзяцей былі незаконна дэпартаваныя ў Расейскую Фэдэрацыю. Менавіта такую колькасьць удалося афіцыйна вэрыфікаваць офісу ўпаўнаважанага Вярхоўнай Рады ў правах чалавека.

Большасьць — дзеці, якія апынуліся на акупаванай тэрыторыі пасьля поўнамаштабнага наступу Расеі, заявіў Дзьмітро Лубінец на брыфінгу канфэрэнцыі аб правах чалавека «Свабода або страх» у Кіеве 7 сьнежня.

Паводле амбудсмэна, вэрыфікацыя «максымальна ўскладненая з прычыны нежаданьня расейскага боку наагул даваць хоць нейкія зьвесткі пра ўкраінскіх дзяцей ні наўпрост, ні празь міжнародныя арганізацыі».

У той жа час упаўнаважаны ў правах чалавека дадаў, што, паводле зьвестак расейскага боку, на тэрыторыі РФ цяпер знаходзяцца больш за 700 тысяч украінскіх дзяцей. Таму відавочна, што афіцыйная лічба будзе расьці, бо вывезеных дзяцей значна больш.

Таксама, як заявіў амбудсмэн, Расея працягвае дэпартаваць дзяцей. Офіс упаўнаважанага мае інфармацыю, што кожны дзень расейскі бок складае «новыя і новыя сьпісы дзяцей, якіх трэба вывезьці на тэрыторыю РФ», — заявіў Лубінец.

Да таго ж РФ выкарыстоўвае новую тактыку — дзяцей з Данецкай і Луганскай вобласьцяў вывозяць адразу не ў Расею, нягледзячы на блізкасьць, а спачатку вязуць на тэрыторыю Беларусі.

«Яны спрабуюць іх вывезьці на тэрыторыю Беларусі, а пасьля Беларусі на тэрыторыю РФ. Гэта такая, магчыма, новая тактыка ці ўключэньне яшчэ і Беларусі, і прэзыдэнта Беларусі таксама ў сьпіс адказных за дэпартацыю дзяцей. Ці, магчыма, максымальна новы інструмэнтар, які нам не дазволіць даказаць, што Расея дэпартуе ўкраінскіх дзяцей. Бо „неяк там праз тэрыторыю Беларусі“ максымальна ўскладняе нам задачу афіцыйнага пацьверджання гэтага факту», — тлумачыць Лубінец.

Паводле зьвестак упаўнаважанага ў правах чалавека, на гэты момант удалося вярнуць 522 украінскія дзіцяці, зь якіх 387 дзяцей былі незаконна дэпартаваныя на тэрыторыю РФ.

У агульны лік таксама ўваходзяць васьмёра дзяцей, якіх Украіна вярнула напярэдадні. Зрабілі гэта дзякуючы сумеснай працы з Катарам, які ўжо другі раз далучаецца да працэсу вяртаньня ўкраінскіх дзяцей, дадаў амбудсмэн.

Напярэдадні стала вядома, што яшчэ васьмёра дзяцей — чатыры дзяўчынкі і чатыры хлопчыкі ва ўзросьце ад васьмі да 18 гадоў — вярнуліся ва Ўкраіну пры пасярэдніцтве Катару. Пра гэта паведамляў кіраўнік офісу прэзыдэнта Ўкраіны Андрэй Ярмак.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG