Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пачаўся Стратэгічны дыялёг ЗША зь беларускімі дэмакратычнымі сіламі. Што ў праграме?


Сымболіка Стратэгічнага дыялёгу ЗША і дэмакратычных сілаў Беларусі
Сымболіка Стратэгічнага дыялёгу ЗША і дэмакратычных сілаў Беларусі

6–8 сьнежня ў Вашынгтоне адбудзецца першы Стратэгічны дыялёг «ЗША – Беларусь», дзе амэрыканскі бок будуць прадстаўляць урадоўцы, а беларускі — дэмакратычныя сілы, што знаходзяцца ў апазыцыі да фактычнага кіраўніцтва Рэспублікі Беларусь.

У сераду, 6 сьнежня, цягам 8 гадзін у будынку Гары Трумэна ў Вашынгтоне адбудуцца першыя пасяджэньні. Будынак названы імем 33-га прэзыдэнта Злучаных Штатаў, тут месьціцца Дзяржаўны дэпартамэнт.

«Сувэрэнная, стабільная, дэмакратычная Беларусь»

На першай панэлі «Сувэрэнная, стабільная, дэмакратычная Беларусь» будуць абмяркоўваць:

  • Спрыяньне дэмакратычнаму пераходу і дэмакратычным каштоўнасьцям у Беларусі;
  • Сувэрэнітэт і супрацьдзеяньне ўплыву і кантролю Расеі;
  • Забесьпячэньне бачнасьці і актуальнасьці дзейнасьці для беларусаў у Беларусі.

З амэрыканскага боку возьмуць удзел памочнік дзяржаўнага сакратара ў пытаньнях Эўропы і Эўразіі Крыстафэр Сьміт, намесьнік памочніка адміністратара USAID (Агенцтва ЗША для міжнароднага разьвіцьця) у бюро Эўропы і Эўразіі Марк Сімакоўскі, каардынатарка дапамогі Марыя Лонгі, дырэктар у пытаньнях Расеі Кэралайн Сэвэдж.

Зь беларускага боку ў перамовах выступяць дэмакратычная лідэрка Сьвятлана Ціханоўская, старшыня Каардынацыйнай рады Андрэй Ягораў і прадстаўнік Аб‘яднанага пераходнага кабінэту Беларусі ў міжнародных справах Валер Кавалеўскі.

Будынак Гары Трумэна ў Вашынгтоне, штаб-кватэра Дзяржаўнага дэпартамэнта ЗША. Архіўнае фота
Будынак Гары Трумэна ў Вашынгтоне, штаб-кватэра Дзяржаўнага дэпартамэнта ЗША. Архіўнае фота

«Правы чалавека і палітыка»

На другой панэлі «Правы чалавека і палітычныя вязьні» абмяркуюць:

  • Праблемы правоў чалавека і стрымліваньня рэпрэсіяў;
  • Забесьпячэньне вызваленьня і захады для рэабілітацыі палітвязьняў;
  • Пытаньні правоў працоўных (артыкул 33 Статуту Міжнароднай арганізацыі працы; палітвязьні, зьвязаныя з прафсаюзамі, і г.д.).

Дакладчыкамі ад ЗША будуць памочніца дзяржаўнага сакратара зь Бюро дэмакратыі, правоў чалавека і працы Ніколь Чулік, ужо згаданы Крыстафэр Сьміт, дырэктарка офісу падтрымкі ініцыятываў пераходу да дэмакратыі Агенцтва ЗША для міжнароднага разьвіцьця Брытані Браўн і спэцыяльная прадстаўніца ў міжнародных прафсаюзных пытаньнях Келі Радрыгес.

Зь беларускага боку ўдзел у дыскусіі прымуць прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінэту Вольга Гарбунова, жонка палітвязьня і Нобэлеўскага ляўрэата Алеся Бяляцкага Натальля Пінчук, прадстаўніца Каардынацыйнай рады Тацяна Хоміч і прадстаўнік «Рабочага руху» Юры Рававы.

Сьвятлана Ціханоўская з Натальляй Пінчук (справа). Вашынгтон, 5 сьнежня 2023
Сьвятлана Ціханоўская з Натальляй Пінчук (справа). Вашынгтон, 5 сьнежня 2023

«Мэханізмы справаздачнасьці»

У панэлі № 3 пойдзе абмеркаваньне тэмаў:

  • Міжнародны крымінальны суд і Міжнародны суд ААН, унівэрсальная юрысдыкцыя;
  • Санкцыі;
  • Мэханізмы ААН

Ад ЗША ў дыскусіі возьме ўдзел амбасадар Робэрт Гілкрыст, Ніколь Чулік, дырэктар эканамічнага бюро Гізэр Якабсэн, каардынатар офісу санкцый Джым Малінакс, а таксама прадстаўнікі офісу глябальнага крымінальнага правасудзьдзя і бюро міжнародных арганізацыяў Дзяржаўнага дэпатрамэнту, Скарбніцы.

Ад Беларусі выступяць кіраўнік Нацыянальнага антыкрызіснага ўпраўленьня, удзельнік АПК Павал Латушка, дарадца офісу Ціханоўскай у праўных пытаньнях Крысьціна Рыхтэр, праваабаронца цэнтру «Вясна» Алег Пашкевіч.

Увечары пройдзе сустрэча з кангрэсмэнам Дыясам Балартам і камітэтам асыгнаваньняў, а затым удзельнікаў чакае штогадовая лекцыя Ліпсэта і сустрэча з Лары Даймандам — старшым навуковым супрацоўнікам інстытуту Гувэра Стэнфардзкага ўнівэрсытэту і сурэдактарам-заснавальнікам Journal of Democracy.

Cлуханьні «Будучыня свабоды і дэмакратыі ў Беларусі» ў Палаце прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША. 5 сьнежня 2023
Cлуханьні «Будучыня свабоды і дэмакратыі ў Беларусі» ў Палаце прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША. 5 сьнежня 2023

«Прыватны сэктар і прадпрымальніцтва»

У чацьвер, 7 сьнежня, адбудуцца наступныя панэлі дыялёгу. У 4-й панэлі «Прыватны сэктар і прадпрымальніцтва» ў парадку дня:

  • Дыскрымінацыя і зьніжэньне рызыкаў, зь якімі сутыкаецца беларускі бізнэс, які працуе за мяжой; уплыў санкцыяў;
  • Зьмяншэньне эканамічнай залежнасьці ад Расеі, рост прысутнасьці на заходніх рынках;
  • Падтрымка беларускага бізнэсу і прадпрымальніцкай адукацыі;
  • Будучая эканамічная мадэль Беларусі і прыватнага сэктару, падрыхтоўка прадпрыемстваў і прадпрымальнікаў да вяртаньня.

Ад ЗША ў дыскусіі выступяць Крыстафэр Сьміт, Марк Сімакоўскі, старшая дарадца USAID у пытаньнях Беларусі Маргат Эліс, прадстаўнік дэпартамэнту камэрцыі.

Беларускія прадстаўнікі: кіраўніца Imaguru і сябра Каардынацыйнай рады Тацяна Марыніч, прадстаўнік Асацыяцыі беларускага бізнэсу за мяжой (ABBA) Алесь Аляхновіч, эканаміст BEROC і прадстаўнік Каардынацыйнай рады Зьміцер Крук.

Cлуханьні «Будучыня свабоды і дэмакратыі ў Беларусі» ў Палаце прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША. Вашынгтон, 5 сьнежня 2023
Cлуханьні «Будучыня свабоды і дэмакратыі ў Беларусі» ў Палаце прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША. Вашынгтон, 5 сьнежня 2023

«Мэдыя і супрацьдзеяньне прапагандзе»

На пятай панэлі ў парадку дня:

  • Супрацьдзеяньне прапагандзе рэжыму і расейскай дэзынфармацыя;
  • Падтрымка незалежных мэдыя;
  • Стратэгічныя камунікацыі; зварот да ўнутранай і цяжкадаступнай аўдыторыі;
  • Тэхналягічныя праблемы (кібэрбясьпека);
  • Біг-тэк; доступ насуперак цэнзуры і рэпрэсіям.

Прадстаўнікамі амэрыканскага боку будуць Марк Сімакоўскі, Ніколь Чулік, Крыстафэр Сьміт, кіраўніца аддзелу лічбавай дэмакратыі і правоў Вэра Закем, а таксама прадстаўнік Глябальнага цэнтру ўзаемадзеяньня.

Ад беларусаў выступяць: галоўны дарадца Ціханоўскай Франак Вячорка, прадстаўніца АПК у справе нацыянальнага адраджэньня Аліна Коўшык, прадстаўніца Прэс-клюбу Натальля Белікава, лідэрка ініцыятывы «Честные люди» Алена Жываглод.

«Беларуская ідэнтычнасьць, культура, спорт, праблемы дыяспары»

У пятніцу, 8 сьнежня, у будынку Атлянтычнай рады пройдзе абмеркаваньне тэмаў панэлі № 6. Сярод тэмаў:

  • Міжлюдзкія сувязі;
  • Прапаганда беларускай мовы і культуры; змаганьне з навязваньнем расейскіх каштоўнасьцяў, гістарычнага наратыву і мовы ў Беларусі з боку Крамля;
  • Удзел беларускіх спартоўцаў у міжнародным спаровым жыцьці;
  • Падтрымка беларускай дыяспары/эмігрантаў, гісторыя.

Удзельнікі ад ЗША: намесьніца памочніка сакратара ў Бюро пытаньняў асьветы і культуры Ніколь Элькан, Брытні Браўн, прадстаўнікі USAID, бібліятэкі Кангрэсу.

Выступоўцы ад Беларусі: Аліна Коўшык, прадстаўніца Моладзевай рады Маргарыта Ворыхава, адна з стваральніц Асацыяцыі беларусаў у Амэрыцы Надзея Нортан, прадстаўнікі Каардынацыйнай рады Павал Церашковіч, Яраслаў Бекіш.

Таксама ў Атлянтычнай радзе заплянаваныя круглы стол дыяспары і падзея з удзелам Сьвятланы Ціханоўскай.

Амбасада ЗША: «Мы рады працаваць разам дзеля дэмакратычнай Беларусі»

Амбасада ЗША ў Беларусі прывітала пачатак Стратэгічнага дыялёгу ЗША і Беларусі:

«Сёньня ў Вашынгтоне вітаем Сьвятлану Ціханоўскую і больш за 20 дэмакратычных лідараў з Каардынацыйнай рады, Аб’яднанага пераходнага кабінэта і іншых груп грамадзянскай супольнасьці для ўдзелу ў Першым стратэгічным дыялёгу з урадам ЗША. Мы рады працаваць разам дзеля дэмакратычнай Беларусі».

Ціханоўская і Кавалеўскі пра чаканьні ад Стратэгічнага дыялёгу

Прадстаўнік АПК у замежных справах Валер Кавалеўскі, які прымаў актыўны ўдзел у запуску Стратэгічнага дыялёгу, акрэсьліў свае чаканьні наконт працы пляцоўкі:

«Стратэгічны дыялёг выводзіць адносіны дэмакратычных сіл Беларусі з урадам Злучаных Штатаў Амэрыкі на вышэйшы ўзровень. Гэты фармат унікальны і для саміх Злучаных Штатаў: такія стратэгічныя дыялёгі звычайна пачынаюцца менавіта зь дзяржавамі. Камунікацыя дэмакратычных сілаў Беларусі з афіцыйнымі структурамі ЗША на такім узроўні — і яшчэ і на пастаяннай аснове — значнае для нас дасягненьне.

Стратэгічны дыялёг сьведчыць аб асэнсавананьні важнасьці Беларусі ў вачах Злучаных Штатаў. Ён дазволіць больш апэратыўна вырашыць практычныя пытаньні, якія на парадку дня ўжо сёньня, і абмеркаваць стратэгію сумесных дзеяньняў».

Прадстаўнік у замежных справах Кабінэту дадаў, што разам з Стратэгічным дыялёгам адбываецца праграма візыту кіраўніцы Кабінэту ў ЗША, у прыватнасьці перамовы ў кангрэсе.

Сьвятлана Ціханоўская ў The Washington Post адзначыла:

«Стратэгічны дыялёг выводзіць супрацоўніцтва ЗША і дэмакратычных сілаў на новы ўзровень. Гэта можа зьмяніць правілы гульні ў нашай трыццацігадовай барацьбе за свабоду. Спадзяюся, што гэта дасьць нам шанец вярнуць Беларусь да дэмакратыі і вызваліць яе з кіпцюроў Расеі. Аднойчы і назаўсёды».

Стратэгічны дыялёг Беларусь — ЗША

Неабходнасьць выпрацаваць праграму стратэгічнага дыялёгу ў сакавіку 2023 году абвясьціла намесьніца дзяржаўнага сакратара ЗША Вэндзі Шэрман.

На яе думку, гэта дасьць магчымасьць Дзяржаўнаму дэпартамэнту ЗША, USAID і іншым структурам ураду ЗША арганізавана і мэтанакіравана сесьці за стол перамоваў з усімі ўдзельнікамі беларускага дэмакратычнага руху — з максымальна шырокім прадстаўніцтвам, ад палітычных інстытутаў да грамадзянскай супольнасьці, арганізацый, незалежных СМІ, прыватнага сэктару.

Перамовы праходзяць, каб разам вызначыць, як далей Злучаным Штатам падтрымліваць разьвіцьцё беларускай грамадзянскай супольнасьці і палітычных інстытутаў, як ЗША будуць далей падтрымліваць прыватны сэктар у выгнаньні, а таксама беларускія незалежныя СМІ.

Амэрыканскі бок акрэсьліў, што жадае бачыць шырокае кола беларускіх дэмакратычных суб’ектаў, у тым ліку:

  • палітычных лідэраў;
  • прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці;
  • незалежных журналістаў;
  • праваабаронцаў;
  • юрыстаў;
  • лідэраў прафсаюзаў;
  • навукоўцаў.

Раней прадстаўнікі Офісу Ціханоўскай і і галоўны намесьнік памочніка дзяржаўнага сакратара ЗША ў супрацоўніцтве зь міжнароднымі арганізацыямі Дэвід Макфарлан абмяркоўвалі спосабы недапушчэньня сяброўства Беларусі ў Радзе Бясьпекі ААН у 2024–2025 гадах (па квоце Ўсходняй Эўропы) і арганізацыю слуханьняў па Беларусі ў Радзе Бясьпекі ААН, «каб патлумачыць важнасьць краіны для бясьпекі рэгіёну».

Амэрыканскія сэнатары Джын Шагін і Роджэр Уікер пасьля сустрэчы са Сьвятланай Ціханоўскай заснавалі двупартыйную групу «Вольная Беларусь». Яны таксама ўзначалілі двупартыйную рэзалюцыю, якая пацьвярджае падтрымку ЗША беларускага прадэмакратычнага руху, які летась аднагалосна прыняў Сэнат.

На 6-8 сьнежня 2023 году ў Вашынгтоне прызначаны першы Стратэгічны дыялёг Беларусь — ЗША.

Зь беларускага боку ў ім возьмуць удзел Сьвятлана Ціханоўская, прадстаўнікі яе офісу, Аб’яднанага пераходнага кабінэту, Каардынацыйнай рады, праваабарончага цэнтру «Вясна», Беларускага прэс-клюбу, «Кібэрпартызанаў» і іншых арганізацый, а таксама незалежных СМІ.

У першым дыялёгу абмяркоўваюць пытаньні правоў чалавека і шляхі вызваленьня палітзьняволеных, разьвіцьцё прыватнага сэктару Беларусі, пагрозы сувэрэнітэту Беларусі з боку Расеі. Асобным пунктам перамоваў стане абмеркаваньне візавай і міграцыйнай праблематыкі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG