Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што з намі робяць беларускія дэмэнтары


Кадр зь фільму пра Гары Потэра
Кадр зь фільму пра Гары Потэра

У кнігах пра Гары Потэра былі дэмэнтары — сьляпыя істоты, што сілкуюцца добрымі эмоцыямі людзей і вымушаюць іх зноў і зноў перажываць найгоршыя ўспаміны. Вось і рэжым Лукашэнкі — такі вялізны дэмэнтар, што высмоктвае з нас добрыя ўспаміны і, здаецца, самую здольнасьць адчуваць нешта добрае.

Сваю 11 клясу я скончыла ў ліцэі БДУ, і тады гэта была найлепшая школа ў краіне — і паводле афіцыйнага рэйтынгу, і паводле здаровага розуму. Гэта была выспа свабоды, на якую я трапіла пасьля тыраніі ў Берасьцейскім ліцэі імя Аляксандра Пушкіна, дзе галоўным патрабаваньнем была школьная форма пэўных парамэтраў, а галоўным сьвятам — уласна народзіны Пушкіна. Ліцэй БДУ быў месцам, дзе я ўбачыла, што сыстэма адукацыі ў Беларусі можа быць зусім іншай.

А ў 2022 годзе Ліцэй БДУ разам з КДБ праводзіў культурна-патрыятычны конкурс, у адной з намінацыяў якога прапаноўвалася маляваць комікс пра жыцьцё Фэлікса Дзяржынскага. Сярод мэтаў конкурсу былі названыя папулярызацыя спадчыны Дзяржынскага, стварэньне станоўчага вобразу супрацоўніка КДБ, прыцягненьне ўвагі моладзі да «гераічнага подзьвігу» чэкістаў і разьвіцьцё цікавасьці да працы ў КДБ.

Зрэшты, частку добрых успамінаў пра Ліцэй дэмэнтары высмакталі ўжо тады, калі мой аднаклясьнік Андрэй Лазуткін стаў прапагандыстам і адданым таварышам Грыгорыя Азаронка. Але то быў адзін чалавек, а цяпер гаворка пра ўвесь Ліцэй, які пасьпяхова «нармалізавалі» служкі Лукашэнкі.

Таксама я памятаю, як балюча было даведацца, што мой навуковы кіраўнік ва унівэрсытэце, свабодалюбівы і дэмакратычны, як здавалася, філёзаф Андрэй Дудчык, стаў чальцом камісіі для вызначэньня „экстрэмістаў“. І вось усе ўспаміны пра яго цікавыя лекцыі і сэмінары, пра нашу супрацу страцілі колеры. Замест гэтага — проста шэрасьць.

А зусім нядаўна дэмэнтары ўзяліся яшчэ за адны мае ўспаміны — нацыянальны лягер «Зубраня». У падлеткавым узросьце я езьдзіла туды двойчы, і ўспаміны засталіся найлепшыя. Там вучылі крытычна думаць, дапамагалі разьвіваць лідэрскія якасьці, давалі шмат свабоды і ўсяляк дэманстравалі, наколькі гэтая свабода важная.

А некалькі дзён таму ў лягеры арганізавалі гульню «Суд над экстрэмістам». Удзельнічалі ў ёй дзеці з профільнага атраду «Клюб будучых выбарнікаў» — яны гралі ролі судзьдзі, сакратара, пракурора, адваката, сьведкі, пацярпелых, экспэртаў і прысяжных. А кіраваў працэсам малады выкладчык гісторыі Ігар Новікаў, які толькі ў 2022 годзе скончыў Магілёўскі дзяржаўны унівэрсытэт і працуе ў лягеры, відаць, па разьмеркаваньні.

Для мяне асабліва дзіўна бачыць, як гэтую сыстэму падтрымліваюць зусім маладыя людзі: у іх жа ня мусіць быць аніякай настальгіі па СССР! Але яны з радасьцю і поўнай аддачай робяцца новымі дэмэнтарамі і падтрымліваюць гэтую сыстэму, каб яна ня рухнула.

Усе разам гэтыя дэмэнтары высмоктваюць усё добрае, што было ў мінулым — зачыняюць адны месцы і «нармалізуюць» іншыя, падмяняюць добрых настаўніц і настаўнікаў ідэалягічна правільнымі, саджаюць у турму ці выціскаюць з краіны найбольш актыўных і прынцыповых.

Толькі калі гэта спыніцца, мы зможам пачаць загойваць раны.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG