Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Міжпартыйным форуме «8+100» у Брусэлі абмеркавалі стратэгію эўрапейскага выбару Беларусі. ВІДЭА


Акцыя ў падтрымку Беларусі ў Брусэлі, сакавік 2021
Акцыя ў падтрымку Беларусі ў Брусэлі, сакавік 2021

Беларускія і эўрапейскія партыі сабраліся разам на форум у Эўрапарлямэнце.

6 сьнежня ў Бруселі прайшоў Міжпартыйны форум «8+100», у якім удзельнічалі сьпікеры Эўрапарлямэнту, прадстаўнікі беларускіх і эўрапейскіх палітычных партыяў.

Падчас форуму абмеркавалі агульную стратэгію ў дачыненьні Беларусі, шляхі прасоўваньня эўрапейскага выбару для краіны, а таксама магчымасьці супрацы паміж беларускімі і эўрапейскімі палітычнымі партыямі.

Сьвятлана Ціханоўская зьвярнулася да ўдзельнікаў форуму з заклікам абмеркаваць эўрапейскую пэрспэктыву для Беларусі:

«Мы ўсе разумеем, што Беларусь можа быць па-сапраўднаму вольнай і незалежнай толькі ў рамках Эўрапейскага зьвязу. Я ведаю, што на гэта спатрэбіцца час. Але мы можам рыхтавацца да гэтага ўжо цяпер.

Паколькі ЭЗ абмяркоўвае ўступленьне Малдовы і Ўкраіны, цяпер самы час абмеркаваць эўрапейскую пэрспэктыву і для Беларусі. І я спадзяюся, што гэта стане часткаю вашай сёньняшняй размовы».

Таксама Ціханоўская заклікала ўдзельнікаў дапамагчы прыцягнуць рэжым Лукашэнкі да адказнасьці за злачынствы супраць чалавечнасьці і за выкраданьне ўкраінскіх дзяцей.

Што ў парадку дня форуму

Абмеркаваньне і ўзгадненьне агульнай стратэгіі дэмакратычнай Беларусі, яе эўрапейскага выбару і фармаваньня рэгіянальнай сыстэмы бясьпекі зь яе ўдзелам (уступленьне ў ЭЗ і NATO адпаведна) — асноўная мэта Міжпартыйнага форуму «8+100».

Паводле інфармацыі, якую даў «Позірку» дарадца Сьвятланы Ціханоўскай у канстытуцыйнай рэформе і міжпарлямэнцкай супрацы Анатоль Лябедзька, на панэльных дыскусіях будуць разгледжаны ключавыя выклікі для супольнасьці эўрапейскіх дэмакратычных краін і Беларусі, рызыкі для незалежнасьці Беларусі, пэрспэктывы інтэграцыі ў эўрапейскую і эўраатлянтычную прастору.

Чакаецца, што на сустрэчы будзе сфармуляваная адзіная пазыцыя наконт выбарчай кампаніі, якую рэжым Аляксандра Лукашэнкі плянуе правесьці ў 2024 годзе, а таксама наконт будучых дэмакратычных выбараў у Беларусі.

Удзельнікам форуму будзе прапанавана выпрацаваць «найбольш эфэктыўныя шляхі прасоўваньня праэўрапейскіх настрояў і эўрапейскага парадку дня ў беларускім грамадзтве». Яны дадуць ацэнку праблеме палітвязьняў, якая «набыла ўзровень гуманітарнай катастрофы», выпрацуюць прапановы зьмякчэньня і мінімізацыі небясьпекі сытуацыі.

У выніку форуму плянуецца прыняць рэзалюцыю аб агульнай стратэгіі і пляне сумесных дзеяньняў беларускіх і эўрапейскіх партыяў. Акрамя таго, эўрапейскія партыі могуць выступіць з заявай аб прызнаньні беларускіх партнэраў (нягледзячы на іх фармальную ліквідацыю рэжымам Лукашэнкі) як «асновы дэмакратычнага адраджэньня Беларусі».

У міжпартыйным форуме «8+100» маюць намер удзельнічаць прадстаўнікі васьмі беларускіх і, як чакаецца, да ста эўрапейскіх партыяў. Беларусь будуць прадстаўляць Аб’яднаная грамадзянская партыя, Партыя БНФ, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя «Грамада», Беларуская партыя «Зялёныя», рух «За свабоду» (зьліквідаваныя ўладамі), аргкамітэты партыяў «Разам» (каманда Віктара Бабарыкі), «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя», «Народная Грамада».

Іх асноўнымі партнэрамі, як чакаецца, стануць партыі – сябры правацэнтрысцкай Эўрапейскай народнай партыі, эўрапейскіх сацыял-дэмакратаў, згуртаваньняў «зялёных», лібэралаў, кансэрватараў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG