Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галоўнага лесьніка — у турму, сэнатарку пасьля вызваленьня — на фабрыку. Як Лукашэнка звальняе набліжаных да сябе людзей


Аляксандар Лукашэнка і яго атачэньне. Каляж.
Аляксандар Лукашэнка і яго атачэньне. Каляж.

27 лістапада прэс-служба Лукашэнкі паведаміла, што з пасады зьнялі памочніка Лукашэнкі — інспэктара па Віцебскай вобласьці Ігара Брыло. З фармулёўкай «за ўчынак, не сумяшчальны зь дзяржаўнай службай».

Ігару Брыло 51 год, ён родам з Барысава, мае ступень кандыдата сельскагаспадарчых навук і дыплём вэтэрынара. Сьпярша ён працаваў вэтэрынарам у Барысаве, потым там жа быў галоўным вэтэрынарным доктарам. З 2013 году Брыло займаў пасаду намесьніка міністра сельскай гаспадаркі, а з 2022-га па ліпень 2023-га быў ужо міністрам у гэтым ведамстве.

Belarus - Dmitriy Pantus, Aleksei Avramenko, Ihar Brylo, Ivan Kubrakou, Aleksandar Rogozhnik, Siarhei Aleynik. Photo president.gov.by.
Ігар Брыло трэці зьлева. Фота - president.gov.by.

Брыло таксама працаваў некаторы час вэтэрынарам на Барысаўскім камбінаце. Якраз там тады быў кіраўніком Генадзь Скітаў, кіраўнік «Бабушкиной крынки», які цяпер затрыманы ў гучнай «малочнай справе». Нібыта ён прадаваў прадукцыю ў Расею па заніжаных цэнах празь фірмы-пракладкі. Брыло ў гэты час якраз працаваў на высокіх пасадах у Міністэрстве сельскай гаспадаркі.

«Наша ніва» са спасылкай на свае крыніцы паведамляе, што Ігара Брыло ня толькі зьнялі з пасады, але і арыштавалі, а сам ён цяпер знаходзіцца ў СІЗА КДБ. Афіцыйна гэтай інфармацыі не пацьвярджалі.

Расказваем, каго з набліжаных да сябе людзей Лукашэнка звальняў за апошні час і што было зь імі далей.

Куратар працы КДБ

Уладзімер Арчакаў
Уладзімер Арчакаў

Летась у жніўні Лукашэнка звольніў намесьніка дзяржсакратара Савету бясьпекі Ўладзімера Арчакава. У Савеце бясьпекі ён быў куратарам працы КДБ, ён жа распрацоўваў Канцэпцыю інфармацыйнай бясьпекі Беларусі, якую зацьвердзілі ў 2019 годзе.

Уладзімер Арчакаў мае званьне генэрал-майора, перад зьняцьцем з пасады меў 55 гадоў, то бок па ўзросьце ён мог на ёй знаходзіцца далей толькі пасьля адпаведнага ўказу Лукашэнкі. Такія ўказы ня рэдкасьць, але ў выпадку з Арчакавым ён дадзены ня быў.

На месца Арчакава тады прызначылі Аляксандра Невяроўскага. Чым цяпер займаецца сам Арчакаў, невядома.

Галоўны лясьнік

Зьлева трэці Віталь Дрожжа
Зьлева трэці Віталь Дрожжа

У траўні мінулага году пасады пазбавіўся міністар лясной гаспадаркі Віталь Дрожжа. Афіцыйная прычына — «учынак, не сумяшчальны з дзяржаўнай службай».

А ўжо ў студзені гэтага году Віталя Дрожжу асудзілі на 7 гадоў і 6 месяцаў калёніі за хабар у асабліва буйным памеры. Па вэрсіі сьледзтва, Дрожжа браў хабар у прадстаўніка замежнай кампаніі, у якой пасьля ведамства закупляла тэхніку.

Цяпер Міністэрства лясной гаспадаркі ўзначальвае Аляксандар Кулік. А Віталь Дрожжа ўжо ў верасьні выйшаў на свабоду і ўзначаліў адно з падразьдзяленьняў Нацыянальнага парку «Белавеская пушча».

Ахова Лукашэнкі

Андрэй Уцюрын у судзе. Архіўнае фота
Андрэй Уцюрын у судзе. Архіўнае фота

Андрэя Ўцюрына, намесьніка дзяржаўнага сакратара Савету бясьпекі і былога кіраўніка службы аховы Лукашэнкі, затрымалі пры атрыманьні хабару ў 148,6 тысячы даляраў ад камэрцыйнай расейскай структуры. Такую інфармацыю распаўсюджвалі афіцыйна і агучвалі падчас суду. У ліпені 2020 году Ўцюрыну прысудзілі 12 гадоў турмы.

Былы ахоўнік Лукашэнкі дагэтуль за кратамі. Пра яго ў сваіх аповедах згадвалі былыя палітзьняволеныя.

Адстаўкі ў Генштабе

Андрэй Пасека
Андрэй Пасека

У сьнежні 2019 году адмысловым загадам кіраўніка Міністэрства абароны Раўкова звольнілі з пасады намесьніка начальніка Генэральнага штабу Андрэя Пасеку.

«Дваццаць трэцяга сьнежня міністар абароны падпісаў загад аб звальненьні палкоўніка Пасекі ў сувязі са зьдзяйсьненьнем правіны, прадугледжанай кантрактам аб праходжаньні вайсковай службы, у якасьці падставы для датэрміновага яго скасаваньня», — паведаміла тады Мінабароны.

Тады вайсковая камэндатура праводзіла праверку. Чым яна скончылася, не паведамлялася.

Затрыманьні сэнатараў

Ганна Шарэйка, 2016 год.
Ганна Шарэйка, 2016 год.

У 2014 годзе ў Беларусі пазбавілі недатыкальнасьці і затрымалі адразу двух сяброў Савету Рэспублікі — кіраўніцу Віцебскай бройлернай птушкафабрыкі Ганну Шарэйку і бізнэсоўца з Магілёўшчыны Віталя Кастагорава.

Віталь Кастагораў
Віталь Кастагораў

Апошні кампэнсаваў страты і выйшаў з-за кратаў пад хатні арышт. Інфармацыі пра суд над ім не было. Ганну Шарэйку ў 2016 годзе прызналі вінаватай у злоўжываньні службовымі паўнамоцтвамі, але вызвалілі ў залі суду. У справе Шарэйкі таксама асудзілі ейнага каханага, літоўскага бізнэсоўца Вальдэмараса Норкуса. Пасьля вызваленьня яны ўзялі шлюб.

У 2019 годзе ўжо Ганну Норкус прызналі «чалавекам году Віцебшчыны — 2018». Яна працуе кіраўніцай Віцебскай бройлернай птушкафабрыкі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG