Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму мы радзей чуем пра хатні гвалт, хоць ён робіцца больш жудасным


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Штодзень мы даведваемся пра новыя рэпрэсіі ў Беларусі (хоць і далёка не пра ўсе), маем навіны пра нашых добраахвотнікаў ва Ўкраіне, хутка даведваемся пра тое, што адбываецца ў беларускіх дыяспарах у розных краінах. Але хатні гвалт у Беларусі стаў яшчэ больш схаваным, і гэта таксама наступствы палітыкі, якую вядзе рэжым Лукашэнкі.

Раней пра гендэрна абумоўлены гвалт у дачыненьні да жанчын мы даведваліся альбо зь дзяржаўных крыніц, альбо ад недзяржаўных арганізацый, якія працавалі непасрэдна з пацярпелымі на месцы. Тады таксама было нюансаў, і далёка ня ўсе гісторыі траплялі ў СМІ. Але цяпер усё нашмат, нашмат горш.

Цяпер у нас амаль няма недзяржаўных крыніц інфармацыі пра хатні гвалт у Беларусі. Арганізацыі, якія працавалі з гэтым раней, зьліквідаваныя, а ініцыятывы, якія працуюць цяпер, робяць гэта пераважна па-партызанску. Усякая грамадзянская актыўнасьць у Беларусі, не накіраваная на падтрымку рэжыму Лукашэнкі, знаходзіцца пад пагрозай, а абарона жанчын ніяк ня ўпісваецца ў сфэру інтарэсаў гэтага рэжыму.

І гэта паўбяды, што мы не даведваемся пра рэальны маштаб праблем з хатнім гвалтам у Беларусі. Жанчыны, якім акурат патрэбная дапамога, таксама часта ня ведаюць, куды можна было б бясьпечна зьвярнуцца.

Раней зьвесткі пра тую ж «Радзіславу», у якой было сваё сховішча для пацярпелых і якая надавала псыхалягічную і юрыдычную падтрымку, можна было лёгка знайсьці ў навінах. Цяпер жа «Радзіславы» няма, а іншыя ініцыятывы ня могуць шырока сябе рэклямаваць для ўласнай жа бясьпекі. Ну не зацікаўленая дзяржава ў тым, каб жанчыны былі ў бясьпецы!

Вольга Гарбунова, якая ў мінулым узначальвала «Радзіславу», а цяпер прадстаўніца ў сацыяльных пытаньнях Аб’яднанага пераходнага кабінэту, кажа, што сытуацыя з хатнім гвалтам у Беларусі моцна зьмянілася, і ня ў лепшы бок.

«Амаль уся статыстыка на гэтую тэму схаваная, але, як сьведчаць людзі ўнутры Беларусі і матэрыялы ў СМІ, карціна хатняга гвалту ў краіне вельмі зьмянілася. Цяпер гэта і агнястрэльныя раненьні, і падпалы жывога чалавека, аблітага бэнзінам, і шмат іншых жудасных здарэньняў. Ня дзіва, што зьвесткі пра такія выпадкі не публікуюцца ў афіцыйных крыніцах».

Праз тое, што ў СМІ цяпер нашмат менш магчымасьцяў пісаць пра выпадкі такога гвалту ў самой Беларусі, можа скласьціся памылковае ўражаньне, што яго стала менш. Але калі памятаць, што ў Беларусі агулам адбываецца, дык лёгіка падказвае нам, што гвалту мусіць чыніцца толькі болей. Агрэсары бачаць, колькі вакол беспакаранасьці, і гэта толькі спрыяе таму, каб яны рабіліся яшчэ больш жорсткімі.

Пры гэтым сам рэжым Лукашэнкі заяўляе: «Праблема не стаіць настолькі востра, каб казаць пра неабходнасьць прыняцца адмысловага закону». Зрэшты, для гэтых людзей востра стаіць толькі адна праблема – праблема захаваньня ўлады. А ўсё астатняе – драбяза.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG