Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мінабароны: Узброеныя сілы Беларусі пераходзяць на праграму падрыхтоўкі вайскоўцаў з улікам сусьветных канфліктаў


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

У Міністэрстве абароны Беларусі сёлета «вельмі сур’ёзна ўдакладнілі сыстэму падрыхтоўкі вайскоўцаў», заявіў 25 лістапада журналістам намесьнік міністра абароны Андрэй Жук на цырымоніі прыняцьця вайсковай прысягі навабранцамі ў 72‑м аб’яднаным навучальным цэнтры ў Печах.

«Ужо з гэтага году маладыя вайскоўцы пачнуць займацца паводле новай праграмы з улікам тых сусьветных канфліктаў, якія адбываюцца на гэты момант, для таго, каб вучыць таму, што неабходна на вайне», — цытуе военачальніка прэс-служба Мінабароны.

Ён адзначыў, што сёньня «трэба мець прафэсіяналаў для таго, каб зь дзяржавай, якая мае моцнае войска, ніхто не размаўляў з пазыцыі сілы».

Паводле яго, навучаць маладых вайскоўцаў будуць «добра падрыхтаваныя выкладчыкі і інструктары». Сёлета навабранцы «мусяць узяць удзел у вялікай колькасьці мерапрыемстваў баявой і апэратыўнай падрыхтоўкі», а таксама ў вучэньнях, у тым ліку міжнародных — па лініі АДКБ, удакладніў Андрэй Жук.

«Яны будуць удзельнічаць ва ўзмацненьні аховы дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь, як гэта ажыцьцяўляецца цяпер, і несьці баявое дзяжурства па супрацьпаветранай абароне», — дадаў намесьнік міністра абароны.

  • Аляксандар Лукашэнка падтрымаў расейскае ваеннае ўварваньне ва Ўкраіну 24 лютага 2022 году і дазволіў скарыстаць тэрыторыю, вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору Беларусі для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў гарадоў Украіны, ахвярамі якіх сталі дзясяткі тысяч мірных украінцаў.
  • У першыя дні поўнамаштабнай вайны ўрад Украіны пастанавіў закрыць усе памежныя пункты зь Беларусьсю. Пасьля адыходу расейскіх войскаў з Кіеўскай і Чарнігаўскай вобласьцяў між краінамі працуе толькі адзін пункт пропуску — у Валынскай вобласьці. Празь яго ва Ўкраіну вяртаюцца ўкраінцы, якіх незаконна вывезьлі ў Расею.
  • Праз падтрымку Аляксандрам Лукашэнкам агрэсіі Расеі супраць Украіны былі ўведзеныя міжнародныя санкцыі адносна Беларусі.
  • Увесь час ад моманту расейскага ўварваньня ва Ўкраіну на тэрыторыі Беларусі амаль бесьперапынна праводзяцца вайсковыя вучэньні.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG