У Менску 22 лістапада прайшлі пасяджэньні Савету міністраў замежных спраў, Савету міністраў абароны і Камітэту сакратароў саветаў бясьпекі АДКБ. Гэтыя сустрэчы папярэднічалі сэсіі Савету калектыўнай бясьпекі Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бясьпецы, у якой возьмуць удзел Аляксандар Лукашэнка і кіраўнікі Кіргістану, Казахстану, Таджыкістану і Расеі.
Па выніках пасяджэньняў 22 лістапада міністар замежных спраў Беларусі Сяргей Алейнік паведаміў, што падчас пасяджэньня абмеркавалі ваенна-палітычную абстаноўку ў рэгіёнах калектыўнай бясьпекі АДКБ і ў прылеглых зонах, «дынаміку яе разьвіцьця і ўплыў на бясьпеку краін — чальцоў арганізацыі».
Алейнік заявіў, што цяпер «на зьнешнім пэрымэтры АДКБ захоўваецца вельмі напружаная сытуацыя»: «ідзе непрапарцыйнае і неабгрунтаванае нарошчваньне ваенных патэнцыялаў краін — чальцоў NATO», праводзіцца вялікая колькасьць вучэньняў, «у тым ліку ў непасрэднай блізкасьці ад зоны адказнасьці АДКБ», пры гэтым «максымальна зьніжаецца транспарэнтнасьць».
На думку Алейніка, паўднёвыя межы АДКБ падвяргаюцца ўзьдзеяньню «шматлікіх і разнаплянавых выклікаў і пагрозаў транснацыянальнага характару, такіх як тэрарызм і экстрэмізм, наркатрафік, нелегальная міграцыя».
Паводле яго, намаганьні беларускага старшынства ў АДКБ «былі накіраваныя на павышэньне згуртаванасьці арганізацыі, кансалідацыю сумесных намаганьняў па прадухіленьні дэстабілізацыі ў нашай зоне адказнасьці, умацаваньні бясьпекі яе дзяржаў-чальцоў».
Сустрэчы пройдуць без Армэніі
Спачатку прэм’ер-міністар Армэніі Нікол Пашыньян заявіў, што не прыедзе ў Менск на заплянаваны саміт, а пазьней стала вядома, што ня будзе і міністра замежных спраў Армэніі. Але АДКБ нават у адсутнасьць армянскай дэлегацыі ўсё ж разгледзіць пытаньне, датычнае гэтай краіны.
У парадак дня абмеркаваньня ўключылі праект рашэньня «Аб супольных мерах па наданьні дапамогі Рэспубліцы Армэнія». Гэты дакумэнт разглядаецца ўжо другі год — на саміце АДКБ у Ерэване ў лістападзе 2022 году Нікол Пашыньян не падпісаў праектаў дэклярацыі Савету калектыўнай бясьпекі АДКБ і дакумэнта аб супольных мерах у дапамозе Армэніі. Ён патлумачыў гэта адсутнасьцю ў дакумэнтах «дакладнай палітычнай ацэнкі сытуацыі на армяна-азэрбайджанскай мяжы».
А сёлета ў студзені Армэнія адмовілася праводзіць вучэньні АДКБ на сваёй тэрыторыі і ня ўдзельнічала ў вучэньнях гэтай арганізацыі на тэрыторыі Беларусі.
Каго чакаюць у Менску
Раней анансавалася, што на сустрэчу ў Менск прыбудзе прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін. Сёлета гэта будзе восьмая ягоная сустрэча з Аляксандрам Лукашэнкам.
Учора Адміністрацыя прэзыдэнта Кіргізстану паведаміла, што ў Беларусь 23 лістапада на саміт АДБК прыбудзе Садыр Жапараў. Ён прыляцеў у Менск у другой палавіне 22 лістапада.
Свой візыт у Менск пацьвердзіў прэзыдэнт Казахстану Касым-Жамарт Такаеў і прэзыдэнт Таджыкістану Эмамалі Рахмон. Апошні ўжо прыехаў у Беларусь з Расеі, дзе знаходзіўся з двухдзённым візытам з 21 лістапада.
Што будуць абмяркоўваць
Пакуль вядомая толькі агульная фармулёўка кола пытаньняў, якія плянуюць абмеркаваць на саміце. Гэта «актуальныя праблемы міжнароднай і рэгіянальнай бясьпекі, вызначэньне новых задач, а таксама ўхваленьне шэрагу дакумэнтаў, накіраваных на забесьпячэньне інтарэсаў калектыўнай бясьпекі».
Кіраўнікі пяці краін падсумуюць старшынства Беларусі ў арганізацыі і заслухаюць інфармацыю аб прыярытэтных кірунках дзейнасьці ў часе старшынства Казахстану ў 2024 годзе.
Арганізацыя Дамовы аб калектыўнай бясьпецы — вайскова-палітычны блёк. У АДКБ уваходзяць Армэнія, Беларусь, Казахстан, Кіргізстан, Расея і Таджыкістан.