Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея абвінаваціла Армэнію ў «недружалюбных кроках». У чым Ерэван «правініўся» перад Масквой


Міністар замежных справаў Расеі Сяргей Лаўроў, сакавік 2023
Міністар замежных справаў Расеі Сяргей Лаўроў, сакавік 2023

Амбасадара Армэніі выклікалі ў расейскі МЗС і зрабілі жорсткую вымову.

Сярод пералічаных Масквой прэтэнзій:

  • правядзеньне на армянскай тэрыторыі вайсковых вучэньняў з удзелам ЗША. Яны заплянаваныя на 11-20 верасьня. Раней прэм'ер-міністар Армэніі Нікол Пашыньян выказаўся пра немэтазгоднасьць вучэньняў АДКБ на тэрыторыі краіны сёлета. У інтэрвію газэце La Repubblica ён заявіў, што поўная залежнасьць ад Расіі ў сфэры бясьпекі была «стратэгічнай памылкай».
  • перадача гуманітарнай дапамогі Ўкраіне і візыт у Кіеў жонкі прэмʼер-міністра Армэніі Нікола Пашыньяна Ганны Акапян. Яна прыбыла на сустрэчу мужоў і жонак лідэраў сусьветных краін. Падчас візыту Акапян сфатаграфавалася з прэзыдэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім. Украінскія ўлады ў заяве расейскага МЗС названы «нацысцкімі».
  • запуск Армэніяй працэсу ратыфікацыі Рымскага статуту, які робіць краіну ўдзельніцай Міжнароднага крымінальнага суду ў Гаазе. Суд выпісаў ордэр на арышт прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна. Пасьля ратыфікацыі статуту армянскія ўлады абавязаныя будуць арыштаваць яго, калі ён зьявіцца ў краіне.
  • МЗС таксама перадало паслу ноту пратэсту, у якой гаворыцца аб непрымальнасьці абразьлівых выказваньняў сьпікера парлямэнту Армэніі Алена Сіманьяна на адрас афіцыйнай прадстаўніцы МЗС Марыі Захаравай. Той у рамках публічнай палемікі назваў яе «нейкай сакратаркай», адказваць якой ён лічыць «не сваім узроўнем».

У дакумэнце заяўляецца, што Масква, нягледзячы на прэтэнзіі, працягвае лічыць Армэнію саюзьнікам.

Міжнародны кантэкст

Ужо тыдзень на мяжы Армэніі і Азэрбайджану адбываюцца перастрэлкі, бакі абвінавачваюць адзін аднаго ў правакацыях. Пашыньян заявіў, што Баку рыхтуецца да новай вайны, Азэрбайджанскі МЗС адпрэчвае закіды.

Перастрэлкі адбываюцца на тэрыторыі недалёка ад Лачынскага калідора – дарогі, якая зьвязвае Армэнію і частку Нагорнага Карабаха, дзе жывуць армяне нібыта пад абаронай расейскіх міратворцаў. На Лачынскай дарозе ўсталяваны памежны КПП Азэрбайджану і правоз грузаў жорстка кантралюецца: у Баку лічаць, што дарога выкарыстоўваецца для правозу зброі ў Карабах. У Ерэване гэта адмаўляюць і абвінавачваюць Баку ў фактычнай блякадзе армян Карабаха і спробах правесьці там этнічную чыстку. Праз шматмесяцовую блякаду ў Нагорным Карабаху ўвяли карткі на хлеб.

Прэм'ер-міністар Армэніі Нікол Пашыньян раскрытыкаваў расейскі міратворчы кантынгент у Нагорным Карабаху, заявіўшы, што той не выконвае сваю задачу.

Армэнія ня верыць, што яе саюзьніца Расея зможа прыйсьці на дапамогу. «Сёньня, калі Расея сама мае патрэбу ў зброі і боепрыпасах, зразумела, што нават калі б яна захацела, не змагла б забясьпечыць патрэбы Армэніі ў сфэры бясьпекі», – сказаў Пашыньян 3 верасьня ў інтэрвію выданьню La Repubblica.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG