Пра гэта ён паведаміў 9 лістапада прэзыдэнту Казахстану Касым-Жамарту Такаеву падчас перамоваў у Астане.
«Неўзабаве сустрэнемся ў Менску на пасяджэньні Рады калектыўнай бясьпекі. А да канца году будзе дадатковая магчымасьць паразмаўляць у Пецярбургу падчас саміту Эўразійскага эканамічнага саюзу і традыцыйнай нефармальнай пераднавагодняй сустрэчы лідэраў СНД», — цытуе Пуціна «Московский комсомолец».
Беларусь у 2023 годзе старшынюе ў АДКБ, у 2024 годзе старшыняваньне пяройдзе да Казахстану.
Аляксандар Лукашэнка раней анансаваў перамовы з Пуціным падчас саміту СНД, які праходзіў у Бішкеку ў кастрычніку. Ён заяўляў, што мае намер «больш прадметна» абмеркаваць зь ім пытаньні сумеснага авіябудаваньня, магчымага будаўніцтва другой чыгуначнай веткі ў бок Санкт-Пецярбургу і паляпшэньня транзыту беларускіх тавараў праз РФ.
11 кастрычніка памочнік прэзыдэнта РФ Юрый Ушакоў заявіў, што двухбаковая сустрэча Пуціна і Лукашэнкі ў рамках саміту не плянуецца.
Сёлета Лукашэнка сустракаўся з Пуціным 7 разоў, летась — 12 разоў.