Падставай для звароту стала рашэньне рады звольніць кіраўніка кампаніі Сэма Альтмана і зьняць з пасады старшыню рады дырэктараў Грэга Брокмана. «Ваш падыход паставіў пад пагрозу ўсю нашу працу і падарваў місію кампаніі», — гаворыцца ў звароце. Яго цытуе часопіс Wired.
Сярод падпісантаў — адзін зь сябраў рады дырэктараў Ільля Суцкевер, які адказвае ў кампаніі за навуковы напрамак. Выданьне Axios адзначае, што менавіта ён узначальваў групу дырэктараў, якія дамагліся рашэньня звольніць Альтмана.
Перад публікацыяй ліста Суцкевер напісаў у сацсетцы Х, што шкадуе аб сваіх дзеяньнях. «Я ніколі не хацеў нашкодзіць OpenAI, — гаворыцца ў яго твіце. — Я люблю ўсё, што мы пабудавалі разам, і зраблю ўсё, што магу, каб аб’яднаць кампанію».
Альтман быў звольнены ў пятніцу, рашэньне аказалася нечаканым для індустрыі, большасьці супрацоўнікаў і інвэстараў кампаніі. Пасьля рэзкай рэакцыі інвэстараў рада падала сыгнал, што гатовая да вяртаньня топ-мэнэджара.
У нядзелю той апублікаваў сваю фатаграфію са штаб-кватэры OpenAI з бэйджам для госьця офісу. У панядзелак стала вядома, што ён выйшаў на працу ў аднаго з ключавых фундатараў OpenAI — карпарацыі Microsoft.
У лісьце да рады распрацоўнікі ChatGPT пагражаюць перайсьці на працу ў Microsoft. «Кампанія запэўніла нас, што для ўсіх супрацоўнікаў знойдуцца месцы», — гаворыцца ў тэксьце. Рада на момант публікацыі навіны на зварот не адрэагавала.
- У траўні 2023 году ўлады ЗША абвясьцілі пра пакет захадаў супраць патэнцыйных рызыкаў, зьвязаных з гонкай штучных інтэлектаў (ШІ). Гэта адбылося пасьля сустрэчы прэзыдэнта Джо Байдэна і віцэ-прэзыдэнткі Камалы Гарыс з кіраўнікамі найбуйнейшых тэхналягічных кампаніяў, якія вядуць распрацоўкі ў гэтай сфэры.
- Распаўсюд чат-ботаў выклікаў заклапочанасьць у сувязі з тым, што калі тэхналёгіі ШІ працягнуць разьвівацца бескантрольна, гэта можа прывесьці да небясьпечных наступстваў для людзей: ад некіраваных патокаў дэзынфармацыі, распаўсюду фэйкаў і парушэньняў капірайту да маштабнага закрыцьця працоўных месцаў і нават страты кантролю над цывілізацыяй.