Расея і Кітай цяпер — галоўныя гандлёвыя партнэры Беларусі. Як зьмяніліся аб’ёмы гандлю Менску з Масквой і Пэкінам, аналізуе ў інтэрвію Свабодзе доктар эканамічных навук, акадэмічны дырэктар дасьледчага цэнтру BEROC Леў Львоўскі.
Сьцісла:
- У гандлі з Расеяй да апошняга часу адмоўнае сальда ў гандлі таварамі кампэнсавалася станоўчым сальда гандлю паслугамі.
- У 2021-2022 гадах экспарт паслуг зь Беларусі вельмі моцна зьнізіўся.
- Адмоўнае сальда ў гандлі з той ці іншай асобнай краінай не зьяўляецца ані эканамічнай, ані палітычнай праблемай.
- У 2022-2023 гадах адбыўся злом трэнду ў гандлі з РФ і КНР, з прычыны санкцыяў таваразварот зь імі рос хутчэй, чым расла беларуская эканоміка.
- У 2022 годзе на Расею прыпадала 70% усяго замежнага гандлю Беларусі.
- Кітай стаў хіба не асноўным пакупніком беларускіх калійных угнаеньняў.
— Графікі гандлю краіны зь яе асноўнымі гандлёвымі партнэрамі ў нечым нагадваюць кардыяграму. Карыстаючыся гэтай мэтафарай, што гавораць гэтыя «кардыяграмы» пра стан здароўя «пацыента», пра стан нацыянальнай эканомікі?
— У гэтых графікаў ёсьць выразныя трэнды. У прыватнасьці, з Расеяй мы бачым доўгатэрміновы трэнд падвышэньня замежнагандлёвага абарачэньня. Мы традыцыйна шмат і імпартавалі з Расеі, і экспартавалі ў Расею. Абодва складнікі гандлю з РФ доўгі час ішлі на падвышэньне.
Аднак гандаль з Расеяй рэзка скокнуў угору з пачаткам расейскага ўварваньня ва Ўкраіну, калі адносна і Расеі, і Беларусі былі ўзмоцненыя ранейшыя санкцыі і ўведзеныя новыя.
У гандлі таварамі з РФ у нас заўсёды было адмоўнае гандлёвае сальда (перавышэньне імпарту над экспартам. — РС). Гэта нармальны стан рэчаў, бо мы з Расеі заўсёды пастаўлялі нафту і газ. Мы куплялі гэтых тавараў больш, чым быў попыт на іх з боку беларускай эканомікі. Раней мы перапрацоўвалі нафту ў нафтапрадукты і прадавалі іх ладную частку ва Ўкраіну. Раней гэтае адмоўнае сальда ў гандлі таварамі з Расеяй часткова кампэнсавалася станоўчым сальда ў гандлі паслуг. У Беларусі дзьве галоўныя сфэры экспарту паслуг — гэта ІТ і транспартныя, транзытныя паслугі. ІТ-паслуг мы ў Расею заўсёды пастаўлялі няшмат. Таму ў гандлі зь ёй размова ідзе найперш пра транспартныя паслугі.
Калі гаварыць пра беларускую эканоміку ў цэлым, то вытворчасьць тавараў прыкладна вярнулася на даваенны ўзровень. А вось з паслугамі ўсё значна горш — галоўныя страты ў нас якраз у сфэры паслуг, у тым ліку і ў транзытных паслугах. І тут прапанова не аднавілася.
Мы ня тое каб цалкам перасталі быць транзытнай краінай, але страцілі значную частку гэтага статусу. Абарачэньне грузаў празь Беларусь зьменшылася прыкладна на 40% у параўнаньні з 2021 годам.
І ў гандлі з Расеяй у нас цяпер паслугі ў меншай ступені кампэнсуюць «дзірку», якая ўтвараецца ў таварах.
З Кітаем сытуацыя іншая. Мы, як і іншыя краіны сярэдняга і высокага ўзроўню разьвіцьця, традыцыйна куплялі ў Кітаі шмат тавараў. Кітай у апошнія дзесяцігодзьдзі называлі «майстэрняй сьвету». Па меры таго, як расла беларуская эканоміка, рос і імпарт з КНР. А экспарт зь Беларусі ў Кітай быў у стагнацыі да апошняга часу. З пачатку поўнамаштабнай вайны і пасьля ўвядзеньня сур’ёзных санкцыяў Беларусь пачала павялічваць свой экспарт у Кітай. Але ўсё роўна наш экспарт у Кітай расьце больш павольнымі тэмпамі, чым імпарт з Кітаю.
Няма ўпэўненасьці, што ўсё, што мы цяпер купляем у Кітаі, кітайскае. Некаторыя журналісцкія расьсьледаваньні паказваюць, што частка імпарту з ЭЗ, які раней ішоў у Беларусь наўпрост, цяпер можа ісьці праз трэція краіны, у тым ліку і празь Кітай.
Сальда ў гандлі таварамі з Кітаем моцна адмоўнае і зь цягам часу яно павялічваецца.
У гандлі паслугамі зь Кітаем ніякіх сурʼёзных трэндаў не праглядаецца — ён даволі невялікі.
— Вы адзначылі, што ладную частку імпарту з Расеяй складаюць энэрганосьбіты. Попыт на іх, кажучы эканамічнай мовай, ня вельмі элястычны, пэўную іх колькасьць трэба купляць у любых умовах і амаль што па любой цане. У той жа час у кітайскім імпарце няма аналягічнага тавару, які складана замяніць і ад якога складана адмовіцца. Тым ня менш «нажніцы» разрыву паміж імпартам і экспартам імкліва разыходзяцца менавіта ў гандлі з Кітаем. Чаму?
— Адмоўнае сальда ў замежным гандлі многімі людзьмі ўспрымаецца як нешта кепскае. Насамрэч вялікай трагедыі ў гэтым няма. Пытаньне ня ў тым, якое сальда ў гандлі з той ці іншай канкрэтнай краінай, а якое яно ў гандлі з усім вонкавым сьветам. Гэта нармальна, што мы зь нейкай краіны купляем больш, чым прадаём туды. Няма ніякай неабходнасьці, каб сальда ў гандлі з кожнай краінай было на нулі ці станоўчае. Але калі няма краінаў, куды мы больш прадаём, чым купляем адтуль, то атрымліваецца агульнае адмоўнае сальда. І тады ўзьнікае патрэба абясцэньваць беларускі рубель адносна валютаў іншых краінаў.
— А чым пакрываецца адмоўнае сальда ў гандлі з пэўнай краінай ці з усім сьветам? Гэта доўг, гэта трата валютных рэзэрваў, гэта нешта іншае?
— Традыцыйна ў Беларусі ўжо шмат гадоў адмоўнае сальда гандлю таварамі па ўсіх краінах агулам, мы за мяжой купляем больш тавараў, чым прадаём усяму сьвету. Але ў апошняе дзесяцігодзьдзе гэтае адмоўнае сальда гандлю таварамі кампэнсавалася станоўчым сальда ў гандлі паслугамі. У выніку балянс сыходзіўся і сумарнае сальда было недзе каля нуля. Цяпер у нас захавалася адмоўнае сальда ў гандлі таварамі, но цяпер у нас экспарт паслуг гэтай «дзіркі» не кампэнсуе.
Што рабіць, калі мае месца такі агульны дэфіцыт у зьнешнім гандлі? Ёсьць некалькі спосабаў.
Калі гэта доўгатэрміновая тэндэнцыя, то трэба дэвальваваць нашую валюту. Тады аўтаматычна мы будзем менш спажываць дарагіх замежных тавараў. А для іншаземцаў нашыя тавары стануць больш таннымі і прывабнымі. Так, гэта пагоршыць нашую якасьць жыцьця, але мы прыйдзем да балянсу ў замежным гандлі.
Калі дысбалянс у замежным гандлі кароткатэрміновы, то некалькі месяцаў яго можна кампэнсаваць за кошт нейкіх запасаў, валютных рэзэрваў ці бюджэтнага прафіцыту.
— Вы напачатку сказалі, што адмоўнае сальда ў гандлі з той ці іншай замежнай краінай — гэта ў прынцыпе не трагедыя. Але калі гэтае адмоўнае сальда ў гандлі з гэтай краінай зьяўляецца шматгадовай тэндэнцыяй, гэта індыкатар паглыбленьня залежнасьці ад яе?
— Наагул кажучы, не. Скажам, у якім 2019 годзе мы куплялі шмат нафты ў Расеі, перапрацоўвалі яе, прадавалі нафтапрадукты ва Ўкраіну. У вынікі станоўчае сальда ў гандлі з Украінай кампэнсавала адмоўнае ў гандлі з Расеяй.
Нашая залежнасьць ад Расеі выкліканая больш шырокім наборам чыньнікаў — даўгамі перад ёй і тэхналягічнай залежнасьцю ад танных энэрганосьбітаў, Так, мы залежым ад Расеі, але не з прычыны адмоўнага сальда ў гандлі зь ёй.
— А якая вага палітычнага складніка ў гандлі з Кітаем і Расеяй? Калі б беларуская дзяржава не вызначала многае ў гэтым гандлі, ці быў бы ён такім жа, які ёсьць?
— Наўпрост з дынамікі гандлю з КНР і РФ немагчыма вызначыць вагу палітычнага складніка. Але з улікам іншых фактараў мы можам яе ацаніць. Таваразварот з Расеяй і з Кітаем расьце хутчэй, чым нашая эканоміка ў цэлым. Чаму? Таму што многія краіны, у тым ліку і нашыя суседзі, наклалі на Беларусь санкцыі — спачатку праз палітычны крызіс, потым за палітычны гвалт, потым за захоп самалёту і штучны міграцыйны крызіс, нарэшце — за саўдзел у вайне.
З гэтай прычыны таваразварот з Кітаем і Расеяй стаў расьці больш хуткімі тэмпамі.
— Графікі, пададзеныя вышэй, канчаюцца 2021 годам. У 2022 годзе беларускія ўлады абвясьцілі, што ня будуць абнародаваць дадзеныя замежнага гандлю па асобных краінах. Гэта матывавалася неабходнасьцю супрацьдзейнічаць санкцыям. Дадзеныя па гэтым беларускім гандлі можна вызначыць «люстэркавым» мэтадам — са статыстыкі замежнага гандлю краінаў — партнэраў Беларусі.
— Мы арыентуемся на гэтыя «люстэркавыя» дадзеныя. Ёсьць і іншыя спосабы, якія дазваляюць вылічыць з высокай верагоднасьцю дадзеныя па замежным гандлі Беларусі, прынамсі з найбуйнейшымі партнэрамі, у прыватнасьці з Расеяй.
У 2022 годзе адбыўся злом трэнду, найперш скачок у гандлі з Расеяй. Паводле дадзеных РФ, яе таваразварот зь Беларусьсю летась склаў 43,4 млрд даляраў, паводле дадзеных беларускага боку — 50 млрд даляраў. Цяпер ужо каля 70% гандлю Беларусі з усім сьветам прыпадае на адну краіну, Расею.
Гэта кепска, незалежна ад таго, як вашая аўдыторыя ставіцца да Расеі. Гэта кепска з пункту гледжаньня рызык, наш замежны гандаль цяпер не дывэрсыфікаваны і мы вымушаныя ўсе расейскія эканамічныя рызыкі прымаць на сябе.
У гандлі з Кітаем можна таксама заўважыць зьмену трэнду. Паводле дадзеных кітайскай мытнай статыстыкі, у 2022 годзе экспарт беларускіх тавараў у КНР вырас на 65%, да 1,8 млрд даляраў; імпарт — на 20%, да 3,275 млрд даляраў. У нас закрыўся шлях экспарту калійных угнаеньняў праз порт Клайпеды. Пэўны час мы маглі экспартаваць гэтыя ўгнаеньні толькі ў Кітай па чыгунцы. З цягам часу наладзілі экспарт у іншыя краіны праз расейскія порты. Але дагэтуль велізарная частка нашых калійных угнаеньняў ідзе па чыгунцы ў Кітай.
Санкцыі супраць Беларусі за падтрымку расейскай вайны ва Ўкраіне
Аляксандар Лукашэнка прызнаў, што зь Беларусі па ўкраінскай тэрыторыі стралялі ракетамі. Пры гэтым беларускіх вайскоўцаў на ўкраінскую тэрыторыю не адправілі.
Амбасадарка ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр у інтэрвію Свабодзе заявіла, што «рэжым Лукашэнкі — саўдзельнік цяперашняга ўварваньня Расеі ва Ўкраіну, бо дазволіў Расеі зрабіць напад зь беларускай тэрыторыі».
26 лютага санкцыі супраць Расеі і Беларусі абвясьцілі Канада і Рада Эўразьвязу. У сьпіс трапілі 20 беларускіх чыноўнікаў і вайскоўцаў. 15 юрыдычных і 8 фізычных асобаў трапілі ў санкцыйны сьпіс ЗША.
28 лютага амбасадары краін Эўразьвязу ўвялі візавыя санкцыі ў дачыненьні 22 беларускіх высокапастаўленых асобаў.
Маладачанская фабрыка «МэбеЛайн» пайшла ў прастой, бо швэдзкая кампанія IKEA згарнула бізнэс у краіне. IKEA шчыльна супрацоўнічала яшчэ з цэлым шэрагам вытворцаў і фабрык, у тым ліку дзяржаўных. Сярод іх дзяржаўны «Менскі мэблевы цэнтар» з Маладэчна, магілёўскі вытворца тэкстылю «Магатэкс», менскі гадзіньнікавы завод «Луч» і іншыя.
У сакавіку Эўразьвяз забараніў экспартаваць прадукцыю дрэваапрацоўкі, вырабленую ў Беларусі ці экспартаваную зь яе. Міністэрства лясной гаспадаркі заявіла, што вымушана скіраваць прадукцыю з Эўропы ў Азію.
Празь цяжкасьці вядзеньня бізнэсу ў рэгіёне ня дзейнічаюць у краіне сэрвісы пошуку жытла на час падарожжаў і выправаў Booking.com і Airbnb.
Дацкая транпартна-лягістычная кампанія Maersk заявіла аб спыненьні перавозак грузаў у Беларусь 4 сакавіка. Пры сыход зь беларускага рынку паведамілі іншыя кампаніі падобнага профілю — DHL і FedEx.
5 сакавіка фінская кампанія OLVI паведаміла пра пачатак згортваньня свайго бізнэсу ў Беларусі, дзе кампаніі належыць «Лідзкае піва». 840 супрацоўнікаў заводу пакуль будуць атрымліваць заробак, спыненьне бізнэсу будзе паступовым.
6 сакавіка наклала санкцыі Рэспубліка Карэя. Там увялі меры экспартнага кантролю для Беларусі, мяркуючы, што яна «істотна спрыяе ўварваньню Расеі ва Ўкраіну».
8 сакавіка санкцыі ўвяла Японія. Актывы фізычных і юрыдычных асобаў, якія трапілі пад новыя абмежаваньні, замарожваюцца. Забараняюцца пастаўкі тавараў двайнога прызначэньня ў Беларусь і экспарт у адрас Міністэрства абароны Беларусі і «Інтэгралу».
Сусьветны банк спыніў усе праграмы ў Беларусі. Банк адзначыў, што ён не ўхваляў новых крэдытаў Беларусі з 2020 году.
Абмежаваньні закранулі спартовую галіну. Зборныя Беларусі розных узростаў адхілілі ад удзелу ў міжнародных турніраў у хакеі, гандболе і баскетболе. Беларускую зборную не дапусьцілі да Паралімпійскіх гульняў — 2022.
Рэйтынгавае агенцтва Fitch, зважаючы на санкцыі, панізіла доўгатэрміновы сувэрэнны крэдытны рэйтынг Беларусі да ССС, што азначае рэальную магчымасьць дэфолту.
Амэрыканская фінансавая кампанія American Express прыпыніла аказаньне паслуг у краіне. Па яе картках цяпер немагчымыя ніякія апэрацыі.
9 сакавіка Эўразьвяз ухваліў адключэньне ад SWIFT трох беларускіх банкаў. Гэта «Белаграпрамбанк», банк «Дабрабыт» і Банк разьвіцьця.
16 красавіка ўведзена поўная забарона на перасячэньне грузавым транспартам Беларусі і Расеі мяжы з ЭЗ. У рашэньні Эўразьвязу, якое апублікавана ў афіцыйным часопісе, сказана, што ЭЗ у адпаведнасьці з уведзенымі санкцыямі забараняе ўвоз і транзыт грузаў аўтатранспартам зь Беларусі і Расеі на тэрыторыю Эўразьвязу.
22 лістапада Канада пашырыла ранейшыя санкцыі. У сьпісы ўключылі дадаткова 22 беларускіх чыноўнікаў, а таксама 16 беларускіх кампаніяў, зьвязаных з ВПК, машынабудаваньнем, фінансавым сэктарам і чыгуначным транспартам. Сярод падсанкцыйных асобаў апынуліся адказныя за перавозкі расейскіх вайскоўцаў і тэхнікі, якая выкарыстоўвалася для ўварваньня ва Ўкраіну. У сьпісе кампаніяў, якія трапілі пад санкцыі, апынуліся беларускія Альфа-Банк і МТБанк. У красавіку 2023 у сьпіс дадалі яшчэ 9 беларускіх банкаў.
28 студзеня 2023 году прэзыдэнт Украіны ўвёў у дзеяньне рашэньне Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны аб санкцыях супраць 185 юрыдычных і фізычных асоб, якіх Расея выкарыстоўвае для перавозкі па чыгунцы асабовага складу і вайсковай тэхнікі. У сьпіс трапілі «Беларуськалій», Гомельскі хімічны завод, «Беларуская чыгунка», «Белінтэртранс», «Грузавая служба-Захад», «Лякафарба», «Белгазпрамбанк», «ПЛМ-Інавацыі», «Кронаспан ОСБ», «Беллесэкспарт», «Супрацоўніцтва Транс-Агра», «Рэал-Агент», «Прамагралізінг», «АСБЛізінг», «Транзыт-Аўта-2003», «Ізатэрмічная лягістыка», «Омск-Карбон Магілёў» і іншыя.
20 ліпеня Аўстралія ўнесла ў санкцыйныя сьпісы высокапастаўленых вайскоўцаў Беларусі.