Reuters паведамляе, што перамовы двух лідэраў могуць паспрыяць зьмякчэньню спрэчак паміж дзьвюма звышдзяржавамі па пытаньнях збройных канфліктаў, гандлю наркотыкамі і разьвіцьця штучнага інтэлекту.
Байдэн прывітаў кітайскага лідэра ў маёнтку Філолі, за 48 кілямэтраў на поўдзень ад Сан-Францыска. Белы дом паказаў пачатак перамоваў дзьвюх дэлегацый на чале з прэзыдэнтам ЗША і кітайскім лідэрам. Яны абмяняліся прывітаньнямі і ўступнымі прамовамі.
Байдэн у сваёй прамове сказаў, што для яго «гонар і задавальненьне» прымаць кітайскага лідэра ў ЗША.
«Гутаркі сам-насам нічым не замяніць... Спадар прэзыдэнт, мы даўно ведаем адзін аднаго. Мы не заўсёды згаджаліся адзін з адным... але нашы сустрэчы заўсёды былі адкрытымі, прамымі і карыснымі», — дадаў Байдэн.
Ён адзначыў, што канкурэнцыя паміж ЗША і Кітаем не павінна прывесьці да канфлікту. Сі Цзіньпін, у сваю чаргу, сказаў, што канфлікт пацягнуў бы за сабой невыносныя наступствы для абодвух бакоў.
«Не ўяўляецца рэалістычным сцэнар, пры якім адна краіна перафарматуе іншую, магчымы канфлікт або канфрантацыя пацягнулі б за сабой невыносныя наступствы для абодвух бакоў», — адзначыў кітайскі лідэр.
Ён прызнаў, што за апошнія 50 гадоў адносіны Кітаю і ЗША «ніколі не былі гладкімі, але яны працягваюць рухацца наперад».
«КНР і ЗША ня маюць права паварочвацца адзін да адной сьпінай, канкурэнцыя не павінна стаць прэвалюючым трэндам», — адзначыў падчас сваёй прамовы Сі Цзіньпін.
Пасьля стартавала закрытая сустрэча Байдэна і Сі Цзіньпіна. Абодва палітыкі пасьля перамоваў возьмуць удзел у саміце арганізацыі Азіяцка-Ціхаакіянскага эканамічнага супрацоўніцтва.
- Гэта другая асабістая сустрэча двух лідэраў з моманту ўступленьня Байдэна на пасаду прэзыдэнта ЗША ў студзені 2021 году. Напярэдадні сустрэчы Байдэн казаў журналістам, што імкнецца зьмяніць да лепшага адносіны ЗША і Кітаю.
- Пэкін пайшоў на разрыў вайсковых кантактаў з ЗША ў жніўні 2022 году, пасьля таго як тагачасная сьпікерка Палаты прадстаўнікоў Нэнсі Пэласі наведала Тайвань.
- Напружанасьць у адносінах паміж Вашынгтонам і Пэкінам узрасла пасьля таго, як у лютым 2023 году Байдэн загадаў зьбіць кітайскі выведны аэрастат, які пралятаў над тэрыторыяй ЗША.