Сьцісла:
- Прызнаньне ўсёй творчасьці Дунін-Марцінкевіча «экстрэмісцкімі матэрыяламі» — гэта фактычная забарона клясыка беларускай літаратуры і ягонага імя.
- Забарона Дунін-Марцінкевіча ў Беларусі параўнальная з забаронай Тараса Шаўчэнкі ва Ўкраіне.
- Забарона можа быць сыгналам да наступнай забароны ўсёй беларускай літаратурнай клясыкі.
- Такі крок ня можа быць выгадны рэжыму, бо вядзе да разбурэньня самой краіны.
Што б сказаў Караткевіч
Мне жыва ўявілася, як успрынялі б гэтую навіну іншыя клясыкі нашай літаратуры, напрыклад Уладзімер Караткевіч. Спачатку — неразуменьне, пасьля пытаньне: «А што гэта значыць?» Дэ-факта гэта значыць забарону. Чаму тады суд так і не сказаў: «Забараніць»? Выглядае, што для непрыхаванай забароны патрэбныя падставы, а для прызнаньня «экстрэмісцкімі матэрыяламі» — не. Гэта як намёк кампэтэнтным органам: «Ату гэтага, Дунін-Марцінкевіча!».
Забарона ня першая, навіна сытуацыі ў тым, што гэтым разам клясыка беларускай літаратуры забаранілі ўсяго! Але ж, азадачыўся б Караткевіч, як гэта — усяго? Дапусьцім, творы можна «изъять» са школьнай праграмы, з тэатральных рэпэртуараў, кнігі — з кнігарняў і бібліятэк, а яшчэ ж ёсьць помнікі (прычым у самым цэнтры сталіцы), вуліцы ягонага імя (прычым на адной стаіць ня што іншае, а Менскі гарадзкі суд), мэмарыяльныя дошкі, цэлы Магілёўскі абласны драматычны тэатар у Бабруйску... Музэі... Калі гэта ўсё прыбраць, прычым без падставаў, а толькі адным намёкам... Якая ж тады пустата ўтворыцца навокал?
Няхай сабе дзесьці ў яго той «маскаль» сустракаецца, дык можна ж, як за савецкім часам, тры кропачкі паставіць. А калі «ўсяго», патрэбна прычына, і вельмі важная, проста велізарная шкода беларускаму народу ад таго Дунін-Марцінкевіча. «Маскаль» і ў Тараса Шаўчэнкі сустракаецца, таксама ж першы клясык і пачынальнік новай украінскай літаратуры, як Дунін-Марцінкевіч — новай беларускай. І таксама ж помнік яму ў цэнтры Менску і цэлы сталічны бульвар. Але, па сутнасьці, таго ж поля ягада, тая ж ідэалёгія, рамантызм, сэнтымэнталізм... А цяпер вось — экстрэмізм? Мутны тэрмін, ні ў адным законе не патлумачаны. Мы ж са школы прывыклі гаварыць пра іншае — праўда жыцьця і нацыянальнае адраджэньне.
Далей — уся беларуская клясыка
А яшчэ з твораў Дунін-Марцінкевіча бярэ пачатак уся беларуская літаратурная клясыка: і Купала, і Колас, і той самы Караткевіч. Важнасьць прызнаньня жыткавіцкага суду ў тым, што ён тым самым і на іх усіх намякнуў. Пабачыце, маўляў, гэта толькі пачатак, але сыгнал ясны — ня быць ніякай беларускай літаратуры, у прыродзе ня быць.
І ўсё ж мусіць быць лёгіка ў такога рашэньня або нейкая нябачная першакрыніца. Хто даў такую абсурдную, на першы погляд, каманду? Абсурдную, бо, па-першае, нелягічна, каб жыткавіцкі судзьдзя, колішні гадаванец беларускай школы, які на ўроку ў падручніку прымалёўваў Дунін-Марцінкевічу вусікі, цяпер сваёй воляй і адказнасьцю проста ўзяў ды выкрасьліў гэтае базавае для кожнага беларуса імя. Па-другое, жыткавіцкі суд напэўна ж не рабіў літаратурнай экспэртызы «усяго Дунін-Марцінкевіча», інакш сказалі б пра гэта. Па-трэцяе, ясна, што рашэньне такога маштабу суды апошніх гадоў не прымаюць. Таму сыгнал відавочна прыйшоў зьверху. А што там наверсе?
У лістападзе 2019 году ў Вільні на самым высокім дзяржаўным узроўні хавалі Кастуся Каліноўскага і ягоных паплечнікаў (Дунін-Марцінкевіч, дарэчы, удзельнік таго паўстаньня). У віленскай катэдры выступілі прэзыдэнты Літвы і Польшчы, мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, выступіў і віцэ-прэм’ер Беларусі Ігар Петрышэнка. Па-беларуску выступіў. У канцы ён крыху сапсаваў сваю прамову словамі «ня трэба палітызаваць» (гэта пра першага беларускага палітыка!), але ў цэлым яго ацэнкі і танальнасьць супадалі зь літоўскімі, польскімі і мітрапаліта.
Адкуль сыгнал?
Гэта я да таго, што рэжым цалкам можа быць адэкватным што да беларускіх герояў і клясыкаў. Нейкія «наезды» здараюцца, але ўсёй архітэктуры беларушчыны не разбураюць. Але апошняе жыткавіцкае прызнаньне — гэта ўжо сыгнал іншага парадку, як выбіваньне з-пад будынку вуглавога каменя.
І тут я бачу два «праблісковыя маячкі». Першы, нядаўні, калі Лукашэнка пры Пуціну ўстурбаваўся пашырэньнем расейскай мовы (куды ўжо пашыраць?!), што яўна не галоўны ягоны клопат і, хутчэй за ўсё, ініцыяванае было з Крамля. Другі, даўнейшы, расказваў Генадзь Бураўкін пра сваю размову з Машэравым. Машэраў дабраславіў Бураўкіна на беларусізацыю тэлевізіі, а калі Бураўкін «прычэпам» папрасіў пра беларускую школу, бо ў сталіцы не засталося ніводнай, адны расейскія, Машэраў запярэчыў: «А гэтага мы чапаць ня можам». І шматзначна паказаў пальцам угару.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.