Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Страціў прытомнасьць, ахоўнікі выклікалі „хуткую“». Што вядома пра беларуса, які памёр у нямецкім лягеры для ўцекачоў


Лагер для ўцекачоў у нямецкім Цырндорфе. Ілюстрацыйнае фота
Лагер для ўцекачоў у нямецкім Цырндорфе. Ілюстрацыйнае фота

Пагаварылі са сьведкам, які жыў у адным лягеры разам з памерлым. Па яго словах, беларус меў праблемы са здароўем і трапіў у нямецкі лягер не ўпершыню.

Пра сьмерць беларуса ў нямецкім лягеры ўцекачоў Цырндорф (гэта на тэрыторыі фэдэральнай зямлі Баварыя ў Нямеччыне) паведаміла «Люстэрка» са спасылкай на праваабаронцаў з «Гомельскай Вясны».

«48-гадовы Віктар Алексіевіч раптоўна памёр на тэрыторыі лягера. Прычына сьмерці невядомая», — гаварылася ў паведамленьні.

«Ад нас яго забралі ў шпіталь»

Свабода пагутарыла з Уладзімерам, былым жыхаром Гародні, які ў чаканьні інтэрвію аб атрыманьні статусу палітычнага ўцекача ў Нямеччыне жыў у лягеры Цырндорф у адным пакоі зь Віктарам Алексіевічам напярэдадні ягонай сьмерці. (Сваё сапраўднае імя Ўладзімер прасіў не называць, але яно ёсьць у рэдакцыі. — РС.) Паводле суразмоўцы, усё здарылася ў ноч на 7 лістапада.

«У ноч з панядзелка на аўторак, блізу 12:00, ён страціў прытомнасьць і ахоўнікі выклікалі да яго „хуткую“. Днём раней зь ім быў якраз такі прыступ, але тады ахоўнікі нікога не выклікалі, а самі памералі яму ціск і адправілі спаць. А цяпер выклікалі „хуткую“. Дактары прыехалі, прывялі яго ў прытомнасьць і ад нас забралі яго ў шпіталь. А бліжэй да абеду ў аўторак ахоўнікі прыйшлі да нас у пакой № 302, забралі ягоныя рэчы і сказалі, што ён памёр у шпіталі. Ад чаго памёр, не сказалі — далі зразумець, што гэта ня нашая справа», — расказаў Уладзімер.

Паводле сьведкі, памерлы Віктар адразу па зьяўленьні ў лягеры меў праблемы са здароўем.

«Ён прыехаў і скардзіўся на прыступы. Двойчы непрытомнеў, у душы і ў нашым пакоі. Расказваў, што баіцца замаху на яго і што яму пагражалі. Ахова лягера думала, што ён пад наркотыкамі. Але Віктар кляўся, што нічога не прымаў. У яго абшукалі ўсе рэчы і нічога не знайшлі. Не падобны ён быў на наркамана — кантактаваў з намі адэкватна».

Сярод таго, што расказваў Віктар Алексіевіч, больш за ўсё Ўладзімеру запомніліся ягонае сьцьверджаньне, што нібыта ён зьяўляецца сваяком пісьменьніцы Сьвятланы Алексіевіч. А таксама згадка пра тое, што ў лягеры Цырндорф памерлы апынуўся ўжо другі раз.

«Казаў пра Алексіевіч, што ён яе брат. Ня ведаю, ці гэта праўда. Шмат хто ў пакоі не паверылі. Я паглядзеў у інтэрнэт — не пацьвердзілася, што родны брат. Але ў душу да яго ніхто ня лез, усе бачылі, у якім ён быў прыгнечаным стане», — паведаміў Уладзімер. Пры гэтым суразмоўца зазначае, што словы Віктара пра Алексіевіч не выглядалі трызьненьнем.

Свабода даслала Сьвятлане Алексіевіч запыт з просьбай пацьвердзіць або зьняпраўдзіць заявы памерлага ўцекача аб магчымым сваяцтве, адказу мы пакуль не атрымалі.

Уладзімер дадае, што Віктар Алексіевіч сапраўды мог быць палітычным уцекачом, але пры гэтым зазначае, што дэталяў асабістай гісторыі пра перасьлед беларускіх уладаў ад суседа так і не пачуў.

«У яго праскоквалі фразы пра дыктатуру, рэпрэсіі, біцьцё людзей. Але агульныя, без падрабязнасьцяў. Можа, ён да нас таксама прыглядаўся, не асабліва шчырым быў. Ведаю, што прыехаў ён сюды з Польшчы. Сказаў, што ледзь праехаў праз кардоны. Вось цяпер я прыгадваю, што ён яшчэ дадаў, што каля году таму ўжо быў у гэтым лягеры», — расказаў Уладзімер.

Праз гэта суразмоўца Свабоды мяркуе, што Віктар Алексіевіч ня першы раз спрабаваў атрымаць палітычны прытулак у Нямеччыне.

«Магчыма, ён ужо падаваў заяву на прытулак, але атрымаў адмову. Можа, яго адсюль вярнулі ў Польшчу як у першую краіну Эўразьвязу, у якую ён заехаў. І ён вырашыў зноў сюды прыехаць і яшчэ раз паспрабаваў. Тут такіх гісторый шмат».

«Пасьля 15:00 лекараў у лягеры няма»

Больш падрабязна аб прызначэньні лягера Цырндорф, парадках, бытавых умовах і сыстэме мэдычнай дапамогі ў ім расказаў беларус Андрэй, які прыехаў у Нямеччыну зь Сьветлагорску. Андрэй таксама жыў у лягеры Цырндорф, у тым жа 302-м пакоі, але выехаў раней.

Паводле Андрэя, лягер Цырндорф лічыцца прамежкавым, куды ўцекачы трапляюць пасьля перасячэньня мяжы і дзе праходзяць першыя неабходныя праверкі, у тым ліку мэдычны агляд.

«Гэта як фільтар. Пабыў там — і накіроўваюць далей, дзе цягам некалькіх месяцаў будзеш чакаць інтэрвію з супрацоўнікам мігранцкай службы», — кажа суразмоўца.

Сам Андрэй прабыў у Цырндорфе тры тыдні, цяпер жыве ў іншым месцы. Пра лягер мае збольшага нэўтральныя ўспаміны.

«Пра будынак нам казалі, што гэта былая жаночая турма. Ня ведаю, але наш корпус быў расплянаваны адпаведна. Калідорная сыстэма, у пакоях па тры двух’ярусныя ложкі. У прыбіральні падлогавыя ўнітазы, рукамыйнікі ў рад. Паўсюль бар’ерчыкі, праход у сталовую праз мэталічны турнікет. Шмат аховы. На ўваходзе ў корпус таксама ахоўнікі і „добраахвотны вобшук“ — гэта калі ты сам паказваеш, што ў цябе ў торбе. Вядома, ніякага алькаголю праносіць нельга», — расказаў Андрэй.

Паводле суразмоўцы, у лягеры было некалькі соцень чалавек, але пра гучныя канфлікты ён ня чуў.

«Ахоўнікі, калі нешта ня тое, робяць заўвагі, кантралююць паводзіны. Перад абедам, калі ў сталоўку выстройваецца вялікая чарга, дык нават патрабуюць адключыць мабільныя тэлефоны, каб было спакайней», — расказаў беларускі ўцякач.

Андрэй таксама кажа, што ўсе навічкі ў лягеры Цырндорф праходзяць мэдычны агляд, але нескладаны.

«Указваеш у анкеце свае балячкі, хранічныя хваробы, ідзеш да лекара, там бяруць кроў на аналіз. Вось і ўсё. Яшчэ ў асобны дзень павязуць на рэнтген рабіць флюараграфію. Нас дык вазілі ў Нюрнбэрг. Мяне ў той жа дзень накіравалі на інтэрвію ў міграцыйную службу і зарэгістравалі як прасіцеля прытулку. Асноўнае інтэрвію будзе ў сьнежні», — паведаміў пра сябе Андрэй.

Суразмоўца дадае, што асноўны пэрсанал у лягеры Цырндорф працуе з раніцы да 15-й гадзіны, а пазьней застаюцца толькі ахоўнікі.

«Калі што са здароўем здараецца, дык яны ўжо аказваюць першую дапамогу ды выклікаюць „хуткую“. А ў самім лягеры лекара з 15:00 ужо няма», — сьцьвярджае Андрэй.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG