У Латвіі памёр 51-гадовы жыхар Віцебску Вадзім Кавалёў, былы палітвязень зь Віцебску, паведаміў сузаснавальнік фонду салідарнасьці BYSOL Андрэй Стрыжак.
Паводле яго, Вадзіма Кавалёва знайшлі нежывым у адным з паркаў Рыгі яшчэ 14 верасьня, але ягонае цела дасюль знаходзіцца ў моргу. Паліцыя зладзіла праверку па факце здарэньня. На жаль, у маці і брата памерлага няма сродкаў, каб рэпатрыяваць цела на радзіму, таму BySol абвясьціў збор сродкаў на дастаўку цела ў Беларусь і пахаваньне.
Раней Вадзім Кавалёў быў асуджаны за «зьдзек зь дзяржаўных сымбаляў» (арт. 370 Крымінальнага кодэксу) да 2 гадоў «хатняй хіміі», а пазьней унесены ў сьпіс грамадзян, якія маюць дачыненьне да «экстрэмісцкай» дзейнасьці. Напрыканцы 2022 году Вадзім зьехаў у Латвію, дзе атрымаў статус уцекача. Там ён займаўся аднаўленьнем пасьведчаньня кіроўцы, каб працягнуць працаваць дальнабойнікам.
У Нямеччыне, у лягеры для ўцекачоў у Цырндорфе, раптоўна памёр 48-гадовы Віктар Алексіевіч, паведамляе «Гомельская Вясна». Пра гэта распавёў былы сусед загінулага па пакоі. Што стала прычынай сьмерці — невядома. Па словах крыніцы, Віктар быў ураджэнцам Гомельшчыны.
У Нідэрляндах ад нажавога раненьня памёр беларускі дальнабойнік. Вядома, што ён працаваў у літоўскай транспартнай кампаніі Finėjas і ехаў з Паўднёвай Эўропы ў Нідэрлянды.
Інцыдэнт здарыўся 21 кастрычніка на стаянцы каля мяжы з Бэльгіяй. Параненага 25-гадовага беларуса знайшоў каля грузавіка іншы кіроўца і выклікаў дапамогу. Нягледзячы на рэанімацыйныя мерапрыемствы, малады чалавек памёр на месцы, паведамляла паліцыя Нідэрляндаў. Абставіны гібелі беларуса дакладна не вядомыя. Амбасада Беларусі знаходзіцца ў кантакце з праваахоўнымі органамі Нідэрляндаў і сям’ёй загінулага, паведамляе МЗС Беларусі.
У Італіі, каля берагоў Сардыніі судне загінуў пэнсіянэр зь Беларусі, які выйшаў у Міжземнае мора на ветразным судне, паведамляе італьянскае выданьне L’unione sarda. Ягоная 10-метровая ветразная лодка пацярпела крушэньне. Верагодна, гэта адбылося ўвечары 4 лістапада. Беларуса магло засьпець зьнянацку рэзкае пагаршэньне надвор’я на моры. Не выключана, што ён спаў, калі лодка ўрэзалася ў скалу. Захаваўся запіс тэлефоннай размовы, у якой мужчына просіць аб дапамозе берагавую ахову. Яго спрабавалі адшукаць, у тым ліку з дапамогай верталётаў.
Раніцай 5 лістапада былі знойдзеныя абломкі цалкам разбуранага судна і нежывое цела. З мора яго дасталі вадалазы. Цяпер ідзе расьсьледаваньне трагічнага здарэньня.