Пра гэта ў праграме «Падзея і камэнтар» на канале Свабода Premium гавораць дарадца Сьвятланы Ціханоўскай Франак Вячорка і намесьнік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінэту, прадстаўнік Сьвятланы Ціханоўскай у міжнародных справах Валер Кавалеўскі.
Глядзець размову на відэа цалкам
Тут фрагмэнты размовы
Вячорка:
- Больш за 20 дэпутатаў — удзельнікаў групаў «За дэмакратычную Беларусь» з розных краінаў — прыбылі ў Бэрлін. Гэтыя дэпутаты будуць працаваць у сваіх нацыянальных парлямэнтах, каб вырашаць пытаньні беларусаў у выгнаньні, вырашаць пытаньні санкцыяў, дапамогі незалежным мэдыя. Гэта нашыя адвакаты ў кожнай эўрапейскай краіне.
- Рэзалюцыя ў нямецкім Бундэстагу — адна з самых моцных, якія ўвогуле прымалі эўрапейскія краіны пасьля 2020 году. Яна паказвае падтрымку эўрапейскага выбару Беларусі і будзе прыкладам для іншых краін.
- Нямеччына ўжо шмат робіць — падтрымлівае праграмы рэабілітацыі для палітвязьняў, якія выйшлі з турмаў, падтрымлівае санкцыі супраць рэжыму, хоць там ёсьць і «шчыліны». Нямеччына фінансуе шэраг незалежных мэдыя, грамадзкіх ініцыятываў, культурных арганізацыяў.
- З таго, што яшчэ варта было б зрабіць, — выдача пашпартоў замежніка. Такой практыкі ў Нямеччыне не было. Мы спадзяёмся, што яна адновіцца, і Нямеччына будзе выдаваць і доўгія візы, і пашпарты замежніка беларусам, якія тут знаходзяцца.
- Сёньня ішла гаворка з дарадцам канцлера Шольца ў нацыянальнай бясьпецы, каб «закрыць шчыліны» і зрабіць так, каб рэжым ня мог абыходзіць санкцыі, уведзеныя Эўразьвязам у дачыненьні да Беларусі.
Кавалеўскі:
- Беларусь ня можа захоўваць той фармат адносінаў, які на сёньня склаўся з Расеяй. Гэта небясьпечна для беларускай дзяржавы і для беларускай нацыянальнай ідэнтычнасьці. Эўрапейскі Зьвяз — гэта тая прастора, якая дазволіць нам заставацца самімі сабой і захоўваць нашую дзяржаўнасьць.
- На момант пратэстаў 2020 году значная частка беларусаў ужо выступала за эўрапейскую інтэграцыю. За поўную інтэграцыю з Расеяй заўсёды выступалі толькі 3-4 працэнты беларусаў. Пры гэтым у Беларусі ніколі не было масавай інфармацыйнай кампаніі на тэму таго, што такое Эўрапейскі Зьвяз і што ён можа даць беларусам — і эканамічна, і палітычна.
- Мы можам толькі ўявіць, што будзе, калі мы раскажам пра тыя выгады, якія чакаюць беларусаў на гэтым шляху. Я ўпэўнены, што абсалютная большасьць будзе выступаць менавіта за такі выбар.
- На сёньня я не магу назваць сілаў у Расеі, якія маглі б стаць саюзьнікамі беларускіх дэмакратычных сілаў. У расейскай грамадзкасьці мы таксама не пабачылі актыўных дзеяньняў па супрацьдзеяньні ўмяшаньню Расеі ва ўнутраныя справы Беларусі. І мы не пабачылі кансалідаваных заяваў ад дэмакратычных сілаў Расеі пра тое, што яны адмаўляюцца ад палітыкі каляніялізму, імпэрыялізму датычна суседзяў.
- У рэзалюцыі Бундэстагу вельмі моцная палітычная пазыцыя па тых незаконных дзеяньнях, якія ўжывае Расея супраць Беларусі. Нам важна, каб іншыя краіны далучаліся да гэтага голасу і патрабавалі ад Расеі спыніць тое, што тая робіць.
- Мы гаворым пра санкцыі супраць Расеі за тое, што яны робяць у Беларусі. Да гэтага часу такога не адбылося, але гэта тое, што варта зрабіць.
- Тэрміны падрыхтоўкі «альтэрнатыўнага пашпарта» для беларусаў, на жаль, трохі ссунуліся. Нам трэба было вырашыць пытаньні з аўтарскімі правамі. Цяпер мы на этапе падпісаньня кантракту аб разьмяшчэньні замовы на матэрыялы для вырабу ўзораў дакумэнту. Спадзяюся, што ўжо ў найбліжэйшыя дні гэтая задача будзе выкананая. Паралельна мы працуем над стварэньнем органа, які будзе выдаваць гэты дакумэнт.
- Адначасова мы ўжо вядзем кампанію па прызнаньні гэтага дакумэнта. Мы інфармуем нашых партнэраў і вывучаем іх меркаваньні пра гэта. Ёсьць зацікаўленасьць і разуменьне таго, чаму гэта робіцца. Мы разьлічваем, што ўжо да канца сакавіка будуць першыя сапраўдныя пашпарты і мы зьвернемся з запытамі аб прызнаньні.