Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пра што гаварылі ў Бэрліне эўрапейскія дэпутаты — сябры новай Беларусі


Удзельнікі першай сустрэча Альянсу групаў «За дэмакратычную Беларусь». Бэрлін, 7 лістапада 2023
Удзельнікі першай сустрэча Альянсу групаў «За дэмакратычную Беларусь». Бэрлін, 7 лістапада 2023

Палітоляг, дасьледчыца Цэнтру новых ідэй Леся Руднік расказвае пра дыскусіі ў Бэрліне, дзе сабраліся дэпутаты з розных краінаў — удзельнікі групаў «За дэмакратычную Беларусь».

Сьцісла:

  • У нямецкім парлямэнце будзе прынятая рэзалюцыя аб Беларусі. Гэта беспрэцэдэнтны дакумэнт.
  • Прабеларуская пазыцыя некаторых дэпутатаў істотна адрозьніваецца ад тых крокаў, якія ў беларускай тэме робяць урады асобных краін.
  • Прыняцьце рэзалюцыі зусім не азначае, што стаўленьне ўсіх урадаў эўрапейскіх краінаў да беларускага пытаньня будзе настолькі ж спрыяльным.


— У Бэрліне праходзіць першая сустрэча Альянсу групаў «За дэмакратычную Беларусь». Гэта нарада дэпутатаў з розных краінаў Эўропы, якія стварылі ў сваіх парлямэнтах групы для падтрымкі дэмакратычнай Беларусі. Вы бераце ў ёй удзел у якасьці палітычнай экспэрткі. Ці ёсьць ва ўдзельнікаў гэтай сустрэчы стратэгічная задача прыняць нейкую сумесную рэзалюцыю, ці, хутчэй, галоўная мэта — пазнаёміцца, прадставіць свае пазыцыі, абмяняцца думкамі?

— Хутчэй другі варыянт. Альянс парлямэнцкіх групаў сяброў Беларусі зьбіраецца ўпершыню вочна, таму галоўная мэта — знаёмства, абмен думкамі, плянаваньне будучых мерапрыемстваў. Таксама асобна адбываліся сустрэчы з экспэртамі, куды запрасілі мяне і яшчэ некалькі беларускіх экспэртаў, падчас якіх эўрапейскія дэпутаты слухалі апошнюю аналітыку сытуацыі ў Беларусі, задавалі пытаньні.

Палітоляг, дырэктарка «Цэнтру новых ідэй» Леся Руднік
Палітоляг, дырэктарка «Цэнтру новых ідэй» Леся Руднік

Таму наўрад ці тут будуць прынятыя нейкія супольныя дакумэнты. Гэта хутчэй пачатак кааліцыйнага сяброўства. Была таксама ў дэпутатаў і закрытая частка сустрэчы, выступіла Сьвятлана Ціханоўская (тэкст прамовы апублікаваны на яе сайце).

Сёньня ў нямецкім парлямэнце, Бундэстагу, як чакаецца, будзе прынятая рэзалюцыя ў справах Беларусі.

Гэта вельмі важны і беспрэцэдэнтны дакумэнт, магчыма, першы такога кшталту пасьля 2020 году, які, сярод іншага, закранае пытаньні легалізацыі беларусаў у Эўропе.

Было б вельмі добра, каб такія рэзалюцыі прымаліся і ў іншых парлямэнтах эўрапейскіх краінаў.

— У гэтых парлямэнцкіх групах «За дэмакратычную Беларусь» бяруць удзел самыя розныя дэпутаты, часам апазыцыйныя да кіроўных урадаў у сваіх краінах. Ці можна сказаць, што іхнае стаўленьне да беларускай тэмы пэўным чынам адрозьніваецца ад палітыкі іх урадаў, што гэтыя дэпутаты больш актыўна падтрымліваюць дэмакратычную Беларусь?

— Нельга казаць за ўсіх, бо ў кожнай краіне па-свойму. Але калі ўсе гэтыя дэпутаты выказвалі сваю пазыцыю, мне здалося, што іхнае стаўленьне сапраўды адрозьніваецца ад больш асьцярожнай пазыцыі іх урадаў.
Напрыклад, дэпутаты ад Украіны. Там, як вядома, парлямэнцкая група «За дэмакратычную Беларусь» актыўна падтрымлівае полк імя Каліноўскага, дэмакратычную апазыцыю, — пры тым, што настроі ўкраінскага грамадзтва і стаўленьне да беларускай тэмы афіцыйнага Кіева даволі істотна адрозьніваюцца.

Тое самае зь літоўскім дэпутатам Юозасам Олекасам: ягоная прабеларуская пазыцыя даволі істотна адрозьніваецца ад тых крокаў, якія ў беларускай тэме робіць літоўскі ўрад. А, напрыклад, пазыцыя польскіх дэпутатаў мала адрозьніваецца ад пазыцыі польскага ўраду (урад у Польшчы, зрэшты, неўзабаве зьменіцца ў выніку парлямэнцкіх выбараў).
Прытым выступалі і дэпутаты з краінаў, якія раней не былі заўважаныя ў вялікай актыўнасьці ў беларускім пытаньні — Гішпаніі, Люксэмбургу.

— Ці можна сказаць, што ў большасьці дэпутатаў, якія сабраліся ў Бэрліне, ёсьць нейкае агульнае бачаньне беларускай сытуацыі, ці ўсё ж выяўляліся адрозьненьні ў падыходах?

— Так, у прадстаўнікоў гэтых дэпутацкіх групаў «За дэмакратычную Беларусь» погляды вельмі падобныя. Гэта, аднак, зусім не абавязкова азначае, што стаўленьне ўрадаў эўрапейскіх краінаў да беларускага пытаньня таксама будзе настолькі ж аднолькавым. Але натуральна, што салідарнасьць гэтых сяброўскіх групаў з розных краінаў будзе ўплываць на палітыкаў у канкрэтных дзяржавах і ў цэлым у Эўразьвязе.

З экспэртнай пазыцыі мы чулі вельмі цікавыя думкі і прапановы ў практычным сэнсе. Размовы былі і аб прызнаньні «пашпартоў новай Беларусі», і пра выдачу «дарожных дакумэнтаў». Гучалі вельмі канкрэтныя тлумачэньні, чаму неабходна ўжываць назву «Беларусь» у мовах тых краінаў, дзе яшчэ ўжываецца старая назва, канкрэтныя крокі ў падтрымцы палітзьняволеных. Таму я бачыла, што канкрэтных прапановаў прагучала вельмі шмат, і ёсьць адчуваньне, што практычная карысьць ад гэтай сустрэчы будзе. Справа не абмяжуецца толькі каардынацыяй і знаёмствам.

— Апошнія тыдні Лукашэнка робіць разнастайныя намёкі ў бок Захаду ўвогуле і ў адрас некаторых канкрэтных краінаў, нібыта ён гатовы на пэўныя зьмены ў адносінах, можна пайсьці на некаторыя крокі. Ці гучала гэтая тэма падчас сустрэчы?

— Дэпутаты, якія ўдзельнічаюць у гэтых групах, зьяўляюцца найперш сябрамі дэмакратычнай Беларусі: гэта палітыкі, якія падзяляюць мэты і каштоўнасьці беларускіх дэмакратычных сілаў. Натуральна, што сярод урадаў тых краінаў, якія яны прадстаўляюць, можа быць больш прыхільнікаў «рэалпалітык», аднак наўрад ці яны ёсьць сярод тых дэпутатаў, якія сабраліся цяпер у Бэрліне.

— Ня так даўно, 13 верасьня, Эўрапарлямэнт прыняў даволі рэзкую рэзалюцыю аб Беларусі. Ці казалі дэпутаты пра неабходнасьць прыняцьця нейкага новага дакумэнту на агульнаэўрапейскім узроўні, ці зараз больш важна прымаць рэзалюцыі ў парлямэнтах канкрэтных краінаў?

— Дэпутаты больш гаварылі пра рэзалюцыю Бундэстагу, якая можа быць прынятая сёньня. Я бачыла чарнавік гэтага дакумэнту, і калі кожны нацыянальны парлямэнт прыме нешта падобнае, то гэта будзе вельмі добра. Там шмат рашэньняў пра легалізацыю беларусаў у Нямеччыне, пра легалізацыю тых, хто выехаў ад вайны з Украіны.

Магчыма, згаданая вамі рэзалюцыя Эўрапарлямэнту паўплывала на гэтыя працэсы. Мы бачым, што цяпер актывізавалася Швэцыя, там прызначаны адмысловы прадстаўнік у справах Беларусі. Таму, думаю, можна прадказваць, што хутка ўсьлед за Нямеччынай зьявіцца і больш рэзалюцыяў аб Беларусі розных нацыянальных парлямэнтаў.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG