Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь — Захад: ці варта разьлічваць на хуткія перамены


Ілюстрацыйнае фота. Дэмакратычная лідэрка Беларусі Сьвятлана Ціханоўская выступае на канфэрэнцыі «Падтрымка дэмакратычнай Беларусі сіламі парлямэнтаў». Бэрлін, 7 лістапада 2023 году
Ілюстрацыйнае фота. Дэмакратычная лідэрка Беларусі Сьвятлана Ціханоўская выступае на канфэрэнцыі «Падтрымка дэмакратычнай Беларусі сіламі парлямэнтаў». Бэрлін, 7 лістапада 2023 году

Чым больш у сьвеце розных забурэньняў і войнаў, тым цяжэй утрымліваць беларускую тэму ў міжнародным парадку дня. Альянс парлямэнцкіх групаў «За дэмакратычную Беларусь», які ствараецца, дапаможа вырашаць гэтую праблему, дазволіць больш шырока агучваць пасланьні беларускай дэмакратычнай супольнасьці.

Сьцісла:

  • Падчас форуму ў Бэрліне ствараецца альянс парлямэнцкіх групаў «За дэмакратычную Беларусь». Будзе каардынавацца іх дзейнасьць.
  • Лукашэнка ўбачыў на гарызонце пэўныя форткі магчымасьцяў, якія, як ён лічыць, ствараюць спрыяльныя ўмовы для размарожваньня адносін з Захадам.
  • Менск не зьбіраецца нешта мяняць у сваёй вонкавай і ўнутранай палітыцы. Разьлік робіцца выключна на тое, што нешта памяняецца ў палітыцы заходніх краін.
  • Прапановам Лукашэнкі пачаць размаўляць з суседзямі спадарожнічае вельмі агрэсіўная рыторыка. Калі партнэр па меркаваным дыялёгу адначасова атрымлівае супрацьлеглыя, узаемавыключныя сыгналы, то ён на іх ня можа рэагаваць усур’ёз.
  • За словамі афіцыйнага Менску няма дзеяньняў. Дакладней, дзеяньні ёсьць, але яны цалкам супярэчаць заявам Лукашэнкі.

7 лістапада ў Бэрліне адбылася важная падзея для дэмакратычных сілаў Беларусі. Там прайшоў форум парлямэнцкіх групаў «За дэмакратычную Беларусь», якія існуюць у 22 парлямэнтах эўрапейскіх краін. І ня толькі эўрапейскіх. Напрыклад, групы падтрымкі стварылі ў ЗША, Грузіі. У іх розны юрыдычны статус, колькасьць сяброў. Але яны тым ці іншым чынам уплываюць на палітыку сваіх уладаў адносна Беларусі. Гэта такое прабеларускае лобі ў краінах Эўропы, Захаду. З прамовай на форуме выступіла лідэрка дэмакратычных сілаў Беларусі Сьвятлана Ціханоўская.

Падчас форуму ў Бэрліне пачалося стварэньне альянсу парлямэнцкіх групаў «За дэмакратычную Беларусь». Будзе каардынавацца іх дзейнасьць. Цалкам рэальныя рэгулярныя сустрэчы гэтых групаў.

Праблема ў тым, што чым больш у сьвеце адбываецца розных забурэньняў, войнаў, тым цяжэй утрымліваць беларускую тэму на міжнародным парадку дня. Альянс парлямэнцкіх групаў «За дэмакратычную Беларусь» дапаможа вырашаць гэтую праблему, дазволіць трымаць руку на палітычным пульсе краіны, агучваць пасланьні беларускай дэмакратычнай супольнасьці.

Цікава тое, што апошнім часам і афіцыйны Менск спрабуе нагадаць пра сябе на заходнім кірунку. Усе зьвярнулі ўвагу, што ў сваіх публічных заявах Аляксандар Лукашэнка ўсё часьцей гаворыць пра жаданьне пачаць нейкі дыялёг з краінамі ЭЗ, найперш суседзямі. Чаму раптам?

З аднаго боку, падціскае наяўнасьць праблем, якія неабходна вырашыць. А з другога боку, як лічыць афіцыйны Менск, прыадчыняецца калі не вакно, то форткі магчымасьцяў, якія грэх было б не выкарыстаць.

Калі казаць аб праблемах, то самая галоўная — гэтае пэўнае непаразуменьне з Кітаем. Усе экспэрты заўважылі адсутнасьць Лукашэнкі на трэцім форуме «Адзін пояс — адзін шлях» у Пэкіне ў кастрычніку. Гэта сымптом таго, што Кітай не задаволены тым ступарам у адносінах Беларусі з ЭЗ, найперш з заходнімі суседзямі. Такая сытуацыя адмоўна адбіваецца на эканамічных інтарэсах КНР, кітайскім транзыце. Сэнс сыгналу, які атрымаў Лукашэнка з Пэкіна, прыкладна такі: з гэтым трэба нешта рабіць.

Акрамя таго, Лукашэнка ўбачыў на гарызонце нейкія форткі магчымасьцяў, якія ствараюць спрыяльныя ўмовы для размарожваньня адносін з Захадам. Найперш гэта вайна на Блізкім Ўсходзе, якая адцягнула ўвагу ад агрэсіі Расеі супраць Украіны, павялічыла антыізраільскія і, адначасова, антыамэрыканскія настроі ў мусульманскім сьвеце, увогуле ў краінах глябальнага Поўдня (глядзіце галасаваньне ў Генэральнай Асамблеі ААН). У Масквы і Менску ёсьць спадзевы, што вайна на Блізкім Усходзе выкліча новы мігранцкі крызіс, які выплюхнецца на Эўропу, створыць для краін ЭЗ вялізныя праблемы, і ім у выніку будзе не да Ўкраіны.

На Захадзе мэдыя пішуць, што грамадзтва стамілася ад вайны ва Ўкраіне, ад неабходнасьці выдаткоўваць рэсурсы на падтрымку Кіева. Адгалоскамі гэтых настрояў стала больш антыўкраінская пазыцыя Вугоршчыны, перамога прарасейскіх сіл у Славакіі. Верагодны прыход да ўлады апазыцыі ў выніку парлямэнцкіх выбарах у Польшчы, як казаў Лукашэнка, таксама зьяўляецца пазытыўным момантам для адносін паміж суседзямі. Масква разам зь Менскам разьлічваюць, што перамога Дональда Трампа на прэзыдэнцкіх выбарах у ЗША радыкальна памяняе расклад сіл на карысьць Расеі і Беларусі. Таму, як лічаць у Менску, трэба намацваць нейкія спробы для магчымага дыялёгу.

Аднак ёсьць вялікія сумневы, што найбліжэйшым часам дыялёг можа пачацца. Па-першае, Менск не зьбіраецца нешта мяняць у сваёй замежнай і ўнутранай палітыцы. Разьлік робіцца выключна на тое, што нешта памяняецца ў палітыцы заходніх краін.

Па-другое, прапановам Лукашэнкі пачаць размаўляць з суседзямі спадарожнічае вельмі агрэсіўная рыторыка. Лідэраў Польшчы і Літвы ён называе «мярзотнікамі», «вар’ятамі», разьюшанымі«. Абвінавачвае іх у падрыхтоўцы агрэсіі, у тым, што яны ў вялікай колькасьці забіваюць мігрантаў і перакідваюць іх празь мяжу зь Беларусьсю ды інш. Так прапановы ня робяцца. Калі партнэр па меркаваным дыялёгу адначасова атрымлівае супрацьлеглыя, узаемавыключныя сыгналы, то ён на іх ня можа рэагаваць усур’ёз. Такія прапановы не працуюць.

Па-трэцяе, за словамі няма дзеяньняў. Дакладней, дзеяньні ёсьць, але яны цалкам супярэчаць заявам Лукашэнкі. Мілітарысцкая ліхаманка, якая сьведчыць пра падрыхтоўку краіны да рэальнай вайны; разьмяшчэньне на тэрыторыі Беларусі расейскай ядзернай зброі; перадысьлякацыя ў Беларусь ПВК «Вагнэр»; атака на суседзяў з дапамогай мігрантаў; пагроза разьмясьціць на Астравецкай АЭС яшчэ адзін (трэці) рэактар — усё гэта дэманстрацыя нядобразычлівасьці. Калі хочуць дыялёгу, то робяць нейкія міралюбівыя жэсты, а не наадварот. Прычым гэтыя жэсты нават не патрабуюць нейкіх значных пераменаў у палітыцы. Напрыклад, спыніць мігранцкі крызіс ці вызваліць Анджэя Пачобута, па сутнасьці, амаль нічога не каштуе для беларускіх уладаў.

А паколькі попыт і прапанова ў адносінах Беларусі і Захаду не супадаюць, то разьлічваць на нейкія перамены не выпадае.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG