Вызваленьне беларускіх палітвязьняў зьяўляецца найвышэйшым прыярытэтам палітыкі нямецкага Бундэстагу, гаворыцца ў праекце рэзалюцыі заканадаўчага органа Нямеччыны «За дэмакратычную Беларусь у эўрапейскай сям'і». Абмеркаваньне дакумэнта адбываецца 8 лістапада, піша Pozirk.online.
Галасаваньне па рэзалюцыі чакаецца ў другой палове дня 8 лістапада.
У прэамбуле дакумэнта адзначана, што зь лета 2020 году «беларускі рэжым ажыцьцяўляе беспрэцэдэнтную хвалю рэпрэсій супраць насельніцтва». Вынікі прэзыдэнцкіх выбараў 9 жніўня 2020 года называюцца сфальсыфікаванымі, «непрызнанымі Эўрапейскім зьвязам», заяўляецца, што Аляксандар Лукашэнка ня мае легітымнасьці.
Аўтары акцэнтуюць увагу на «бесчалавечных умовах утрыманьня ў беларускіх турмах і папраўчых калёніях». У дакладзе Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека, які выйшаў у пачатку 2023 года, пацьвярджаюцца «сыстэматычныя, шырока распаўсюджаныя і сурʼёзныя парушэньні правоў чалавека ў Беларусі, некаторыя зь якіх могуць клясыфікавацца як злачынствы супраць чалавечнасьці».
У праекце рэзалюцыі гаворыцца, што Беларусь «стала базай і пляцдармам расейскай арміі ў агрэсіўнай вайне супраць Украіны», у чым Бундэстаг бачыць парушэньне міжнароднага права.
Разьмяшчэньне расейскай тактычнай ядзернай зброі, на думку дэпутатаў, пацьвярджае, што Лукашэнка «застаецца памагатым» прэзыдэнта Расеі Пуціна. Пры гэтым яны лічаць даказаным тое, што «беларускі рэжым зьяўляецца саўдзельнікам аднаго з самых жахлівых ваенных злачынстваў Расеі — дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей».
У той жа час у дакумэнце падкрэсьлена, што большасьць жыхароў Беларусі не падтрымлівае расейскай агрэсіўнай вайны: людзі арганізуюць «асобныя мужныя акцыі з мэтай сабатажу шляхоў забесьпячэньня расейскай арміі», ва ўкраінскай арміі «ваюе шмат беларускіх добраахвотнікаў», перакананых, што «без свабоднай Украіны ня можа быць свабоднай Беларусі». Такія акты салідарнасьці, а таксама дзеяньні беларускай грамадзянскай супольнасьці і Абʼяднанага пераходнага кабінэта, на думку Бундэстагу, сьведчаць, што «рэжым нельга прыраўноўваць да народу Беларусі».
У праекце рэзалюцыі «рашуча асуджаюцца» падтрымка ўладамі ў Менску вайны Расеі супраць Украіны, іх «жорсткія дзеяньні» супраць уласнага народу і «бязьлітасны перасьлед беларускага дэмакратычнага руху». Асуджаюцца «ўсе выпадкі забойства крытыкаў рэжыму, выкраданьні, палітычна матываваныя арышты і прысуды, катаваньні і сэксуальны гвалт», а таксама «незаконнае асуджэньне палітвязьняў, мэтанакіраванае зьнішчэньне кола іх родных і блізкіх, бесчалавечныя ўмовы іх утрыманьня ў турмах».
Дэпутаты заклікаюць рэжым Лукашэнкі спыніць рэпрэсіі, вызваліць усіх палітвязьняў, стварыць умовы для правядзеньня свабодных і справядлівых выбараў пад назіраньнем АБСЭ і неадкладна спыніць падтрымку Расеі ў вайне супраць Украіны.
У праекце гучыць заклік да Фэдэральнага ўраду Нямеччыны, сярод іншага, выступаць за захаваньне дзяржаўнага сувэрэнітэту, а таксама культуры і мовы Беларусі і даць адназначна зразумець Расеі, што паступовае паглынаньне Беларусі, якое фарсуе Крэмль пры падтрымцы з боку Аляксандра Лукашэнкі, абсалютна непрымальнае і будзе адхілена самым рашучым чынам.
Таксама ў Бундэстагу заклікаюць урад Нямеччыны працягваць на ўзроўні ЭЗ і далей уводзіць пэрсанальныя і сэктаральныя санкцыі ў дачыненьні да прадстаўнікоў рэжыму ў Менску і структур, якія яго фінансуюць; садзейнічаць «інтэнсіўнаму дыялёгу» ў рамках кансультацыйнай групы ЭЗ і дэмакратычных сіл Беларусі; падтрымліваць інтэграцыю беларускай грамадзянскай супольнасьці і дэмакратычных сіл у праграму «Ўсходняе партнэрства»; рыхтавацца да будучыні Беларусі як дэмакратычнай і свабоднай краіны і «паслаць сыгнал, што дэмакратычную Беларусь вітаюць у эўрапейскай супольнасьці каштоўнасьцяў».
«Гэтая салідарнасьць і нястомныя намаганьні дэмакратычнай грамадзянскай супольнасьці і Аб’яднанага пераходнага кабінэту, якія стаяць у апазыцыі да дыктатара Лукашэнкі, ясна паказваюць, што альтэрнатыва дыктатарскаму рэжыму ў Беларусі магчымая і што моцнае і разнастайнае беларускае грамадзтва ня можа быць прыроўнівацца да рэжыму. Нямецкі Бундэстаг цьвёрда стаіць на баку беларускага дэмакратычнага руху, Сьвятланы Ціханоўскай і ўзначаленага ёю Абʼяднанага пераходнага кабінэту. Дэпутаты Бундэстагу ўдзячны за іх мужнасьць, сілу, стойкасьць і барацьбу за эўрапейскія каштоўнасьці». — гаворыцца ў тэксьце.