Былога журналіста «Белсату» Алеся Любенчука асудзілі за нібыта стварэньне экстрэмісцкай арганізацыі на 3 гады зьняволеньня і трымаюць у калёніі № 15 пад Магілёвам. Яшчэ ў 2022 годзе, у менскім СІЗА, у палітвязьня абвастрылася хвароба хрыбетніка, і цяпер гэта для яго самае праблемнае пытаньне, расказала пра Любенчука дасьведчаная крыніца.
«Наколькі можна меркаваць, яму цяжка займацца нават спортам, чым там усе ратуюцца. Гэта яго заўважна засмучае», — кажа крыніца.
Працуе Алесь Любянчук на ачыстцы дратоў ад ізаляцыі. «Прызнаваўся, што праца гэтая цяжкая і шкодная для здароўя, але даводзіцца трываць», — паведаміла крыніца.
Пакуль Алесь Любянчук быў у СІЗА на Валадарскага, ён шмат чытаў. Тады, паводле суразмоўцы, за чатыры месяцы ён прачытаў больш за 50 кніг. «Мяркую, у калёніі ён таксама працягвае шмат чытаць, бо вельмі любіць гэты занятак. А там бібліятэка неблагая, ёсьць добрая мастацкая літаратура і падручнікі для саманавучаньня», — кажа крыніца Свабоды.
Да арышту ў траўні 2022 году Алесь Любянчук жыў у вёсцы Крывічы Івейскага раёну. Акрамя журналістыкі, займаўся дабрачыннай дзейнасьцю, а галоўным хобі Любенчука быў водны турызм.
«Ён вельмі любіў сплаўляцца па беларускіх рэках, займаецца гэтым ужо каля 10 гадоў. На байдарцы па Беразіне, па Нёмане сплаўляўся ў складзе як малых, гэтак і вялікіх групаў. У апошнія гады ягоным улюбёным маршрутам стала рэчка Гаўя, якая цячэ праз Івейскі раён у Нёман. Бачна па ягоных лістах, па тым, як ён сумуе па прыродзе, па рэчках, што гэтая мара — зноў сплавіцца па Гаўі ў Нёман — яго не пакідае. Спадзяёмся, гэтак і будзе», — мяркуе крыніца, абазнаная ў справах палітвязьня Алеся Любенчука.
На волю Алесь Любянчук мае выйсьці ў студзені 2025 году. Беларускія праваабаронцы прызналі журналіста Любенчука палітвязьнем.