Міхаіл Лапуноў — бацька палітзьняволенага Мікіты Залатарова. Днямі ён меўся выйсьці на волю, але гэтага не адбудзецца, бо яго зноў арыштавалі. 3 лістапада ў судзе Цэнтральнага раёну Гомля прайшоў чарговы суд над ім паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП («распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў»). Судзьдзя Віктар Казачок прызначыў яму чарговыя 15 сутак, піша «Гомельская Вясна».
Міхаіла затрымалі 8 жніўня і з таго часу не выпускаюць з ізалятара часовага ўтрыманьня. Агулам ён правядзе за кратамі больш за тры месяцы.
Сын Лапунова — Мікіта Залатароў — адзін з наймалодшых палітвязьняў, затрыманых у выніку пратэстаў 2020 году. Агульны тэрмін пакараньня для яго склаў чатыры з паловай гады выхаваўчай калёніі.