Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Атавізм эпохі Лукашэнкі. Што засталося ад «сьвята Кастрычніцкай рэвалюцыі»


Сьвяткаваньне 7 лістапада 2023 году ў Менску на Плошчы незалежнасьці
Сьвяткаваньне 7 лістапада 2023 году ў Менску на Плошчы незалежнасьці

Аднойчы прынятае рашэньне пра сьвяткаваньне «Дня Кастрычніцкай рэвалюцыі», зробленае ў зусім іншую гістарычную эпоху, нельга адмяніць, нават калі палітычная сытуацыя радыкальна памянялася.

Бо гэта можа быць успрынята як памылка. А правадыр памыляцца ня можа.

Сьцісла:

  • Аляксандар Лукашэнка аднавіў гэтае сьвята ў 1995 годзе, калі ў грамадзтве панавала масавая настальгія па СССР.
  • Сёньня сьвята 7 лістапада стала атавізмам, анахранізмам.
  • Даводзіцца штучна прыдумляць розныя абгрунтаваньні, чаму гэтае сьвята ў Беларусі нібыта патрэбна.
  • Можна не сумнявацца, што тэрмін існаваньня сьвята Кастрычніцкай рэвалюцыі наўпрост залежыць ад тэрміну існаваньня дзейнага рэжыму.

Беларусь — адзіная краіна ў сьвеце, дзе 7 кастрычніка адзначаецца як сьвята Кастрычніцкай рэвалюцыі. Праўда, яшчэ яго сьвяткуюць у Прыднястроўі, але гэта непрызнаная тэрыторыя.

У СССР дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі было галоўным дзяржаўным сьвятам. Пасьля краху камуністычнай сыстэмы, распаду Савецкага Саюзу яно было адменена на ўсёй постсацыялістычнай прасторы, у тым ліку і ў Беларусі.

Аляксандар Лукашэнка аднавіў гэта сьвята ў 1995 годзе. У той час Беларусь, як і іншыя постсавецкія краіны, перажывала цяжкі сацыяльна-эканамічны крызіс, вынікам якога стала масавая настальгія ў грамадзтве па СССР. Тады на рэфэрэндуме 1995 году большасьць беларускага насельніцтва падтрымала вяртаньне герба і сьцяга БССР. Лукашэнка гуляў на гэтых настроях грамадзтва, абяцаў вярнуцца ў савецкія часы: «Можа, мы прыйдзем ізноў да Савецкага Саюзу і, магчыма, яшчэ больш жорсткага, чым у Савецкім Саюзе».

Акрамя таго, ідэя камуністычнага рэваншу была ў значнай ступені скіраваная на Расею, якая перажывала часы, названыя пазьней у публіцыстыцы «ліхія 90-я». Рэформы Барыса Ельцына былі вельмі непапулярныя ў РФ. І Лукашэнка, які прэтэндаваў у той час на крамлёўскі пасад, марыў узначаліць аб’яднаную беларуска-расейскую дзяржаву, прапанаваў праграму антырэформаў. У такіх гістарычных умовах і зьявілася ідэя вяртаньня сьвята Кастрычніцкай рэвалюцыі. У першыя гады яно адзначалася даволі шырока.

Аднак тыя часы даўно мінулі. Зьмяніліся пакаленьні. Мары пра крамлёўскі пасад даўно зьніклі. У гістарычнай памяці беларусаў няма наратываў пра Кастрычніцкую рэвалюцыю, нягледзячы на помнікі на плошчах і назвы вуліц. Сьвята 7 лістапада стала нейкім атавізмам, анахранізмам. Яно фактычна і не сьвяткуецца на агульнадзяржаўным узроўні. Толькі мясцовыя ўлады ладзяць нешта зусім фармальнае. У такіх варунках было б лягічна адмяніць гэта сьвята ўвогуле.

Акрамя таго, тут мы сутыкаемся з пэўным лягічным парадоксам. Важна падкрэсьліць, што ў афіцыйным беларускім ідэалягічным канструкце сама ідэя рэвалюцыі ацэньваецца крайне нэгатыўна. Сам Лукашэнка, дзяржаўныя мэдыя асуджаюць рэвалюцыі паўсюль. Яны даводзяць, што дзяржаўная ўлада, якая б яна ні была — рэч сакральная. А «рэвалюцыі, майданы» — гэта гвалт, хаос. Дзяржаўныя мэдыя шмат даводзяць, да якіх нэгатыўных наступстваў прывялі рэвалюцыі ў тых краінах, дзе яны адбыліся. А вось да Кастрычніцкай рэвалюцыі, якая па сваіх сацыяльных наступствах была самай радыкальнай у сусьветнай гісторыі, стаўленьне абсалютна пазытыўнае.

Аднак Лукашэнка ня можа адмяніць гэтае сьвята зь дзьвюх прычын. Па-першае, сытуацыя вакол гэтага сьвята ў пэўным сэнсе адлюстроўвае сутнасьць пэрсаналісцкага рэжыму, які існуе працяглы час. Аднойчы прынятае рашэньне, зробленае ў зусім іншую гістарычную эпоху, ня можа быць адмененае, нават калі палітычная сытуацыя радыкальна памянялася. Бо гэта можа быць успрынята як прызнаньне памылкі. А правадыр памыляцца ня можа паводле азначэньня.

Па-другое, фармаваньне аўтарытарнага рэжыму ў Беларусі адбывалася на савецкай ідэалягічнай спадчыне.

І атрымліваецца, што сёньня для існага палітычнага рэжыму дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі — гэта як чамадан бяз ручкі: і несьці цяжка, і кінуць шкада.

І даводзіцца прыдумляць розныя штучныя абгрунтаваньні, чаму гэтае сьвята ў Беларусі дагэтуль існуе. Вось у сёлетнім афіцыйным віншаваньні беларусаў Лукашэнка адзначае, што Кастрычніцкая рэвалюцыя «паслужыла імпульсам для разьвіцьця нацыянальнай беларускай дзяржаўнасьці». Тут варта заўважыць, што БССР у складзе СССР не была паўнацэннай дзяржавай. І калі ўжо існы рэжым лічыць яе правобразам незалежнай Беларусі, то лягічна было б зрабіць сьвятам ня дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі, а дзень утварэньня БССР (1 студзеня 1919 году).

Яшчэ адной ідэалягемай, якая распаўсюджваецца на афіцыйным узроўні, стаў тэзіс аб тым, што Кастрычніцкая рэвалюцыя паклала пачатак канцэпту сацыяльнай дзяржавы. І, маўляў, сёньня Беларусь працягвае гэтую традыцыю, сацыяльна арыентаваная палітыка ў краіне — гэта спадчына Кастрычніка.

На самай справе мадэль сацыяльнай дзяржавы пачала фармавацца ў Заходняй Эўропе яшчэ на рубяжы ХIХ—ХХ стагодзьдзяў. Сёньня ступень сацыяльнай абароны ў краінах ЭЗ на парадак вышэйшая, чым у Беларусі. І там ніхто не апэлюе да ідэалаў Кастрычніка.

Лукашэнка падчас нядаўняй паездкі ў Астравец тлумачыў, што, маўляў, мы захавалі такое сьвята, каб, паводле савецкай традыцыі, дарыць народу да гэтай даты розныя падарункі, вось цяпер запускаем другі энэргаблёк АЭС.

Варта заўважыць, што для падарункаў можна знайсьці іншыя сьвяты, кшталту Раства Хрыстовага ці Новага году, калі людзі сапраўды абменьваюцца падарункамі.

Можна не сумнявацца, што тэрмін існаваньня ў беларускім афіцыйным календары сьвята Кастрычніцкай рэвалюцыі наўпрост залежыць ад тэрміну існаваньня дзейнага рэжыму. Па-іншаму наўрад ці атрымаецца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG