Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Нацдэмы» ў 1930-я, «эти свядомые» ў наш час. Антыбеларуская «мова нянавісьці»


Сталінская піпка, ілюстратыўны малюнак
Сталінская піпка, ілюстратыўны малюнак

Больш як сто гадоў таму камуністычная ўлада пачала клеіць на беларускіх дзеячоў сьмерцяносныя ярлыкі: «кулакі», «ахвосьце недабітага нацдэмакратызму», «ворагі народу», «польскія шпіёны». Ярлыкі сёньняшнія — «пятая калёна», «эти свядомые» — такая самая злавесная праява «мовы нянавісьці».

Сьцісла:

  • Найважнейшы інструмэнт гібрыднай вайны — „мова нянавісьці“, якою папярэдне кляймяць ворага, рыхтуючы фізычны напад на яго.
  • Дэмакратычны сьвет толькі нядаўна пачаў усьведамляць небясьпеку гэтага складніку „гібрыдных войнаў“ і ствараць нормы міжнароднага і нацыянальнага права, каб змагацца з „моваю нянавісьці“.
  • Але ўжо больш як сто гадоў таму бальшавікі абрынулі на нашую краіну „мову нянавісьці“, скіраваную супраць абаронцаў беларускай ідэнтычнасьці і незалежнасьці, заможных сялян, наагул нацыянальнай эліты.
  • Прапагандысцкія ярлыкі „кулакі“, „прышчэпаўшчына“, „балахоўцы“, „нацдэмы“, „ворагі народу“ рыхтавалі фізычную расправу з адпаведнымі групамі людзей.
  • „Фашыстамі“ ў міжваеннай БССР ярлыкавалі беларускіх незалежнікаў, якія дзейнічалі ў Заходняй Беларусі, у тым ліку сацыял-дэмакрата Антона Луцкевіча, хрысьціянскага дэмакрата Адама Станкевіча. Іх вобразы расчалавечвалі, прыпадабнялі да жывёльных (гэтым займаўся, напрыклад, Кандрат Крапіва).
  • Антыбеларуская „мова нянавісьці“ сталінскіх гадоў жыве ў сучаснай Беларусі: у безупынным узгадваньні „пятай калёны“, у пагрозах у адрас так званых „свядомых“.
Наўпроставы лінк

Гібрыдная вайна Расеі супраць Украіны нагадала, што перш чым пральецца людзкая кроў, на людзкія розумы і пачуцьці скіроўваецца інфармацыйная атака. Дэмакратычны сьвет пачынае ўсьведамляць небясьпеку агрэсіўнага слова.

У апошнія 30 гадоў зьявіўся тэрмін для такіх маніпуляцыяў сьвядомасьцю — па-ангельску hate speech, мова нянавісьці. Гэта калі словам падбухторваюць да варажнечы, дыскрымінацыі, гвалту, гэта выказваньні,

„якія пашыраюць, распальваюць, папулярызуюць або апраўдваюць расавую нянавісьць, ксэнафобію, антысэмітызм ці іншыя формы нянавісьці, заснаваныя на нецярпімасьці“

Будынак Рады Эўропы ў Страсбургу. 8 красавіка 2014
Будынак Рады Эўропы ў Страсбургу. 8 красавіка 2014

(Рэкамэндацыя № R(97)20 Камітэту міністраў Рады Эўропы „Аб «мове нянавісьці» ад 30 кастрычніка 1997 году; праўда, Рэспубліка Беларусь — адзіная геаграфічна эўрапейская дзяржава, якая не ўваходзіць у Раду Эўропы).

Рада Эўропы рэкамэндуе ствараць адпаведныя нормы права, каб змагацца з „мовай нянавісьці“, пры гэтым не парушаючы права на свабоду выказваньня.

Але ўжо больш як сто гадоў таму адбыўся бальшавіцкі пераварот, які захлынуў і Беларусь. І абрынуў на нашую краіну хвалі той самай мовы нянавісьці, паняцьце і азначэньне якой толькі цяпер пачалі фармуляваць на Захадзе.

Кадар зь фільму „1984“ паводле Дж. Орўэла
Кадар зь фільму „1984“ паводле Дж. Орўэла

Камуністы першыя паставілі татальны псыхалінгвістычны экспэрымэнт над цэлымі народамі. Праз апісаную Орўэлам „навамову“ ўкараняліся нецярпімасьць і нянавісьць да цэлых сацыяльна-эканамічных групаў, да носьбітаў нацыянальнай сьвядомасьці. Звычайныя словы набывалі пагрозьлівае гучаньне, а паўтораныя ў выступах правадыроў і правадырчыкаў, у газэтах і радыё, ператвараліся ў сьмяротныя прысуды, прычым загіпнатызаваная і застрашаная грамада маўчала.

„Кулакі-міраеды“. Словы, якія па-беларуску нічога ня значаць, але...

У Беларусі ніколі не было так званай „абшчыны“, кожны ведаў сваю зямлю, шанаваліся праца і набытак дбайнага селяніна. Аж раптам апошняму клеяць мянушку „кулак“. Слова кулак і ў значэньні сьціснутых пальцаў у нас стары русізм (уласныя словы — корх, пясьць), пагатоў у значэньні ‘багаты селянін’ ці там ‘эксплюататар’ беларуская мова слова „кулак“ раней ня ведала. Цяпер жа той, каго абвясьцілі „кулаком“, рабіўся „ворагам“, ягоная маёмасьць падлягала рэквізыцыі, а ён сам зь сям’ёй — у лепшым разе высылцы ў Сыбір. „Вылазкай кулацкіх элемэнтаў“ бальшавіцкія прапагандысты абзывалі Слуцкі збройны чын БНР. У масавую сьвядомасьць укараняліся ярлыкі „кулакі-міраеды“ (па-беларуску жыхарства вёскі не называлася „мір“), „кулацкія банды“, а псэўдафальклярысты кляпалі псэўданародныя прыказкі —

Кулаку ад калгасных варот круты паварот.
Не пускай злодзея да воза, а кулака да калхоза.

Гэта яшчэ самыя бяскрыўдныя.

Нагнятаючы псыхоз, людзей пазбаўлялі права на імёны. Напрыклад, у вёсцы Уліцінках Лепельскага раёну, дзе спрадвеку жылі цэлыя вуліцы сем’яў з прозьвішчам Кулак, іх прымушалі перапісвацца на Кулаковых. Паспрабуй не паслухай, калі новая народная ўлада ва ўсе ерыхонскія трубы пад выглядам народных трубіла такія прыпеўкі:

Пойдзем мы з чырвоным сьцягам
Па ўсім сьвеце з краю ў край.
Альбо мёртвымі паляжам,
Альбо зробім усюды рай.

Чытай — паложым колькі трэба жыцьцяў для таго раю. Бо ўсе, хто адстойваў права народаў на іншы выбар, падлягалі татальнаму зьнішчэньню й вечнай зьнявазе. Вайскавод і дзяржаўны дзяяч Украінскай Народнай Рэспублікі інтэлігентны Сымон Пятлюра выклікаў у бальшавікоў асаблівую нянавісьць. Пра яго таксама кляпалі беларускія псэўдапрыказкі —

Ад Пятлюры засталася толькі шкура,


а слова „пятлюраўцы“ у грэблівым кантэксьце ў савецкіх падручніках, газэтах і фільмах павінна было выпрацаваць у савецкіх масах асацыяцыю зь пятлёй і трывалы адмоўны рэфлекс на ўкраінскую незалежніцкую ідэю.

„Балахоўцы“, „прышчэпаўшчына“, „нацдэмы“

Падобна бальшавікі дыскрэдытавалі і беларускіх незалежніцкіх вайсковых дзеячоў: „контрарэвалюцыянэры, бандыты і пагромшчыкі булак-балахоўцы“. Але як толькі абрынуўся савецкі таталітарны кантроль, слова „балахоўцы“ набыло іншае гучаньне:

Гурт „Дзецюкі”.

Наркам земляробства БССР Зьмітро Прышчэпаў, адукаваны і дзяржаўна адказны чалавек, ведаў ня толькі беларускую зямельную рэальнасьць, але і досьвед, прыкладам, Даніі, і таму ён спрабаваў абмежаваць насаджэньне „саўгасаў“ і даць больш зямлі сялянам. У выніку яго ў 1930 г. абвінавацілі ў насаджэньні „кулацкіх гаспадарак“. „Прышчэпаўшчыну“ гáнілі газэты і парторгі, першым на той сьвет быў адпраўлены сам Прышчэпаў, за „прышчэпаўшчыну“ — мноства людзей.

Тых, хто не пагаджаўся з пэрспэктывай зьнікненьня беларускае нацыі ў бальшавіцкім катле, хто працаваў дзеля беларускай мовы й нацыянальнай сьвядомасьці, камуністы ярлыкавалі „нацыянал-дэмакратамі“ або скарочана, адпаведна савецкай словаўтваральнай мадэлі, „нацдэмамі“, а ўвесь беларускі рух — „нацдэмаўшчынай“. Для адэптаў Леніна-Сталіна і беларушчына, і дэмакратыя несьлі пагрозу. (Дарэчы, расейскіх „нацдэмаў“ у бальшавіцкім лексыконе не было.)

Слова „нацдэм“ рабілі складнікам мовы нянавісьці, ставячы яго ў адпаведны кантэкст: атрута нацдэмакратызму. Пісьменьнікі Максім Лужанін, Лукаш Калюга, Юлі Таўбін былі названыя ахвосьцем недабітага нацдэмакратызму, Язэп Пушча — гэта нацдэмаўскі трубадур, Уладзімер Дубоўка — збраяносец нацдэмізму.

Антон Луцкевіч („фашысцкая сава“ паводле Крапівы) і Вацлаў Ластоўскі („агалцелы белагвардзейскі нацдэм“ паводле А. Александровіча)
Антон Луцкевіч („фашысцкая сава“ паводле Крапівы) і Вацлаў Ластоўскі („агалцелы белагвардзейскі нацдэм“ паводле А. Александровіча)

Асабліва нязмыўна прыпячаталі мовазнаўцаў: Язэп Лёсік — махровы нацдэм (А. Александровіч), ну а Вацлаў Ластоўскі — агалцелы белагвардзейскі нацдэм.

Нацыянальны дэмакратызм прыблізна з 1927–28 году лічыцца „варожай ідэалёгіяй“, а слова „нацдэмы” ўжываецца як сынонім самага страшнага ярлыка — „ворагі народу“, які цягнуў за сабой, як правіла, расстрэл. Акадэмічныя навукоўцы, дзяржаўныя дзеячы, творцы, наша нацыянальная эліта — усе, каго сталінская крывавая машына назвала ворагамі народу, папраўдзе былі абаронцамі яго, беларускага народу, самога існаваньня. Паводле прынцыпаў апісанай Орўэлам навамовы з заменай сэнсаў на 180° — „вайна гэта мір“, „свабода гэта няволя“.

Возьмемся за рукі, ворагі народу!
Шчыльнымі шыхтамі станем перад катам.
Тыя трыццаць срэбнікаў юдавай „свабоды“
Мы заменім хай адным вольнасьці дукатам!

Пра гонар належаць да тых самых „ворагаў народу“ сьпяваў Сяржук Сокалаў-Воюш.

Хто такія „фашысцкія совы“ ў байцы Крапівы?

Асабліва цынічны быў яшчэ адзін ярлык. Усе памятаем са школы байку Кандрата Крапівы „Сава, асёл ды сонца“, дзе выраз „Каб сонца засланіць, вушэй асьліных мала“. Але звычайна не ўспамінаем яе рэзюмэ:

Вось гэту праўду едкіх слоў
Нясу, абураны, я на фашысцкіх соў
I іх заступнікаў-аслоў.

Чытала дзяўчынка-школьніца на конкурсе «Радыё Культура». Відаць, і яна, і 99% слухачоў перакананыя, што ідзецца пра нямецкі фашызм, або нацызм, пачвару, якая прынесла гэтулькі гора Эўропе і Беларусі. Але байка напісаная ў 1926 годзе, калі ў Нямеччыне не было нацыстаў ва ўладзе, а мусалініеўскія фашысты ў далёкай Італіі не былі асноўнай тэмай савецкай прапаганды.

Сьвятар, палітык, вучоны Адам Станкевіч. 1920-я гады
Сьвятар, палітык, вучоны Адам Станкевіч. 1920-я гады

Выяўляецца, гэта пра беларускіх дзеячоў Заходняй Беларусі — сацыял-дэмакрата Антона Луцкевіча, хрысьціянскага дэмакрата Адама Станкевіча — выбітных і сьветлых людзей, беларускіх патрыётаў-незалежнікаў, апанэнтаў ўсякага таталітарызму, у тым ліку савецкага. За гэта і ярлык ад камуністычных прапагандыстаў.

Азьвярэньне

Вышэй цытавалася байка, у гэтым літаратурным жанры дапускаецца вывядзеньне людзей у вобразах жывёлін. Але адзін з найважнейшых прыёмаў „мовы нянавісьці“, стварэньня вобразу ворага — гэта дэгуманізацыя, расчалавечваньне апанэнтаў зусім ня ў жанры байкі:

З звярынай нянавісцю нацдэмы адносіліся да слоў аднародных з рускай мовай і да слоў рускага паходжання, якія ўліліся ў беларускую мову ў выніку пераможнага хода пролетарскай рэволюцыі, якія ўвайшлі ў культуру, у быт і сталі інтэрнацыянальнымі словамі, сталі словамі ўсіх народаў Совецкага Саюза.
Андрэй Александровіч. 1934

Або і наўпрост атаясамленьне апанэнта (тут — Антона Луцкевіча) з жывёлінай, як у вершы Кандрата Крапівы „З фашыстоўскай падваротні“:

Пёс рахманы ды ласкавы,
Даць яму вяндліны й кавы:
Пан Луцкевіч — еж, еж,
Будзеш гаўкаць лепш!..(...)
А за ім яшчэ паўсотні
З фашыстоўскай падваротні
На працоўных — гір, гір...
28.11.1932

Калі Саветы занялі Заходнюю Беларусь, то і Станкевіч, і Луцкевіч прынялі пакутніцкую сьмерць ад сталінскіх катаў. І зусім невыпадкова праз 90 гадоў крамлёўская прапаганда падобна працуе супраць дэмакратычнай Украіны дый беларускай незалежніцкай думкі.

Болек і Лёлек таксама пайшлі б этапам

Сувязь з замежжам — найстрашнейшае абвінавачаньне савецкае пары. Юнака з Койданава, які вучыўся ў мастацкім тэхнікуме, зьвінавацілі ў шпіянажы на карысьць чамусьці Італіі, і мастак шчыра „прызнаўся“: ягоныя інструктары — італьянцы Леанарда да Вінчы, Мікелянджэла і Рафаэль. Сьледчы-энкавэдыст радасна — ёсьць вынік допыту! — запісаў іх у пратакол. Але самымі папулярнымі ў НКВД былі польскія шпіёны. У іх масава запісвалі інтэлігенцыю, асабліва беларускіх мовазнаўцаў, якія „набліжалі беларускую мову да мовы фашысцкай Польшчы“.

Героі „Народнага альбому“ Болек і Лёлек высьмейваюць савецкую шпіёнаманію. Але тады беларусам было не да сьмеху. Як „польскі шпіён“ расстраляны НКВД ў 1938 г. выдатны беларускі мовазнаўца і нацыянальны дзяяч Браніслаў Тарашкевіч, які, нагадаю, правёў да таго некалькі гадоў акурат у польскіх турмах.

Эти свядомыя

Традыцыі „мовы нянавісьці“ сталінскіх гадоў нікуды не падзеліся ў сучаснай Беларусі. Іх водгалас — у безупынным узгадваньні „пятай калёны“, у якую нібыта ўваходзяць усе апанэнты палітычнага і геапалітычнага курсу кіраўніцтва дзяржавы (нагадаю, што „пятая калёна“ — мэтафара варожай агентуры). Або вось гэтая пагроза ў адрас так званых „свядомых“:

„У нас «свядомыя» в Минске в социальных сетях, Интернете призывают к забастовкам, — отметил глава государства. — Я так буду смотреть, наблюдать, а потом как шандарахну — не успеют за границу перебежать“.

Сьвядомы чалавек — значыць і прытомны, і разумны, і адказны, і з каштоўнасьцямі. У гаворках — ‘справядлівы, разважлівы’. Зусім пазытыўнае слова ў беларускай мове. На шчасьце, гэта адчувае бальшыня беларусаў:

Але калі беларускае слова сьвядомы грэбліва ўжываецца ў расейскамоўнай плыні, ды яшчэ ў спалучэньні з пагрозамі, то гэта ня што іншае, як злавесны працяг ужываньня бальшавіцкай мовы нянавісьці ў адрас беларускіх патрыётаў.

Першая публікацыя на сайце 9 лістапада 2019 г.

«Па-беларуску зь Вінцуком Вячоркам» — аўтарская рубрыка, дзе ацэнкі і меркаваньні неканечне адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

  • 16x9 Image

    Вінцук Вячорка

    Нарадзіўся ў Берасьці ў 1961. Як мовазнаўца вывучаў мову выданьняў Заходняй Беларусі міжваеннага часу, ініцыяваў сучаснае ўпарадкаваньне беларускага клясычнага правапісу, укладаў беларускія праграмы і чытанкі для дашкольных установаў. Актыўны ўдзельнік нацыянальнага руху, пачынаючы з "Майстроўні" і "Талакі" 1980-х. Аўтар і ўкладальнік навукова-папулярных тэкстаў і кніг, у тым ліку пра нацыянальную сымболіку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG