Сьцісла:
- Можна канстатаваць, што антызаходнія наратывы ў афіцыйнага Менску аслабелі недзе з канца лета гэтага году.
- Нельга выключаць, што Менск загадзя паведаміў Маскве, што зьбіраецца рабіць тыя ці іншыя крокі, і атрымаў згоду.
- Менская канфэрэнцыя можа падавацца Беларусьсю для Расеі як магчымасьць стварэньня такой пляцоўкі, на якой можа быць кантакт паміж рознымі гульцамі ў гэтым рэгіёне.
- Ня трэба перабольшваць незалежнасьць Вугоршчыны, бо да агульных санкцыяў Эўразьвязу супраць Беларусі яна далучылася.
- МЗС можа нешта прадпрымаць толькі пасьля таго, як тэндэнцыі з новай гульнёй з Эўразьвязам стануць больш устойлівымі.
— Міжнародная канфэрэнцыя «Эўразійская бясьпека: рэальнасьць і пэрспэктывы ў сьвеце, які трансфармуецца» праходзіць у Менску 26–27 кастрычніка. Аляксандар Лукашэнка падчас размовы зь міністрам замежных справаў і гандлю Вугоршчыны Пэтэрам Сіярта, які ўдзельнічае ў канфэрэнцыі, заявіў: «Прэзыдэнт Беларусі зьяўляецца зацятым прыхільнікам захаваньня Эўрапейскага Зьвязу». Што гэта азначае, ці сьведчыць гэта пра нейкую тэндэнцыю?
— Мы сапраўды можам дакладна фіксаваць зьмену наратыву афіцыйнага Менску. Дастаткова доўга, усе апошнія тры гады, мы чулі толькі моцную антызаходнюю рыторыку. Чулі пра тое, што Захад развальваецца, у яго няма пэрспэктывы, Эўразьвяз доўга не праіснуе.
Зараз мы чуем ад Лукашэнкі словы пра тое, што Эўразьвяз — гэта аснова сьветапарадку (разам зь іншымі). І гэта прызнаньне рэальнасьці: маўляў, без эўрапейцаў гэтых нікуды не падзенемся.
Гэта нешта новае. Але ці будзе гэта праяўляцца ў нейкіх канкрэтных дзеяньнях — паглядзім. Аднак гэтая новая рыторыка — гэта ўжо цікава. Можна канстатаваць, што антызаходнія наратывы ў афіцыйнага Менску аслабелі недзе з канца лета гэтага году. Таму, можа, сапраўды мы пачнём назіраць нейкія зьмены. Але тут шмат падводных камянёў, і адзін зь іх — ці дазволіць Расея Менску гуляць у такія гульні.
— Лукашэнка сёньня сустракаўся зь міністрам замежных справаў Лаўровым і зноў гаварыў рытуальныя словы пра адданасьць. Дык можа быць так, што Расея і зусім ня супраць гэтых новых заляцаньняў Менску з Захадам? І што гэтая новая рыторыка ўзгодненая з Крамлём?
— Ня выключана. Бо ўзровень каардынацыі беларускай зьнешняй палітыкі з расейскай вельмі высокі. Апошнія тры гады была амаль поўная сынхранізацыя, казалі цалкам аднолькавыя словы на розных міжнародных пляцоўках.
Таму нельга выключаць, што Менск загадзя паведаміў Маскве, што зьбіраецца рабіць тыя ці іншыя крокі, і атрымаў згоду. Мяркую, што менская канфэрэнцыя можа падавацца Беларусьсю для Расеі як магчымасьць стварэньня такой пляцоўкі, на якой можа быць кантакт паміж рознымі краінамі і рознымі гульцамі ў нашым рэгіёне. У прыватнасьці, паміж Эўразьвязам і Расеяй. Каб у выніку зноў паспрабаваць выйсьці з замежнапалітычнай ізаляцыі.
Але можна канстатаваць, што нейкія сур’ёзныя крокі ў заходнім кірунку Менск зараз не наважыцца рабіць без узгадненьня з Масквой.
— Вялікую ўвагу прыцягнуў прыезд у Менск (ужо другі за гэты год) міністра замежных справаў і гандлю Вугоршчыны Пэтэра Сіярта. Відавочна, што беларуская прапаганда будзе падаваць гэта як вялікую перамогу, як разрыў міжнароднай ізаляцыі. Зразумела, наколькі гэта важна і патрэбна Менску. Але для чаго гэта Вугоршчыне?
— Вугоршчына — гэта адзін з такіх нешматлікіх ланцугоў, які спрацаваў. Я думаю, спробы рабіліся ў розных краінах, але толькі з Вугоршчынай атрымалася такое зрабіць. Будапэшт сапраўды займае асаблівую пазыцыю ў Эўразьвязе, спрабуе весьці альтэрнатыўную зьнешнюю палітыку, разьвіваць супрацоўніцтва з Кітаем, Турэччынай... Беларусь тут не выключэньне. Таму для Менску гэта можа быць «пунктам уваходу».
Хаця, трэба прызнаць, гэта не найлепшы «пункт уваходу». Бо магчымасьці і пазыцыі Вугоршчыны ў Эўразьвязе дастаткова абмежаваныя. Асабліва на фоне таго, што пасьля выбараў у Польшчы зьмяняецца ўлада, якая таксама спрабавала процістаяць Брусэлю.
Пазыцыя вугорскага ўраду апошнія гадоў 15 была ў тым, каб разьвіваць альтэрнатыву, супрацоўнічаць з тымі краінамі, у якіх кепскія адносіны з Эўразьвязам, і на гэтым атрымліваць пэўныя выгады. Аднак ня трэба перабольшваць незалежнасьць Вугоршчыны ў гэтых пытаньнях, бо да агульных санкцыяў Эўразьвязу супраць Беларусі яна далучылася. Па самых прынцыповых пытаньнях яна мусіць ісьці разам з агульнай палітыкай Эўразьвязу.
— Ад імя Беларусі на канфэрэнцыі выступіў з прамовай міністар замежных спраў Сяргей Алейнік. Прамова была дастаткова канцэптуальная з гледзішча таго, як бачыць сьвет і вонкавую палітыку беларускае кіраўніцтва. Дзеля захаваньня бясьпекі, на думку беларускага міністра, трэба «ўмацоўваць дзейныя і фармаваць новыя міжнародныя арганізацыі, такія як ЭАЭС, ШАС, БРІКС, АДКБ, НУМДА». То бок не заходнія і не эўрапейскія структуры. Вы кажаце, што зьмянілася рыторыка ў дачыненьні да Захаду, аднак эўразійская рыторыка застаецца ранейшай.
— Пакуль мы маем толькі першыя выпадкі за апошнія 3 гады, калі беларуская ўлада кажа нешта пазытыўнае пра Эўразьвяз. Замежнапалітычная інэрцыя і стратэгія пакуль не мянялася, міністар замежных справаў мусіць прытрымлівацца таго, што раней было заяўлена. МЗС можа нешта рабіць толькі пасьля таго, як тэндэнцыі з новай гульнёй з Эўразьвязам стануць больш устойлівымі.
Рыторыка пра ШАС і іншыя незаходнія пляцоўкі вельмі добра ўпісваецца, дарэчы, у вугорскую візію замежнай палітыкі. Там таксама нярэдка кажуць, што такія незаходнія аб’яднаньні павінны быць вельмі важным кірункам палітыкі. Так што я ня думаю, што першае і другое неяк супярэчыць адно аднаму — гэта проста гульня на розных узроўнях.