Аляксандар Лукашэнка заявіў, што зьяўляецца заўзятым прыхільнікам захаваньня Эўрапейскага Зьвязу.
«Чамусьці ў Эўразьвязе лічаць, што мы, Беларусь, зьяўляемся праціўнікамі Эўрапейскага Зьвязу. Ведаеце, мы людзі не злапомныя і, нягледзячы на цяперашнюю турбулентнасьць у ЭЗ і санкцыі, якія Эўразьвяз уводзіць супраць нас, вы павінны ведаць, што прэзыдэнт Беларусі зьяўляецца заўзятым прыхільнікам захаваньня Эўрапейскага Зьвязу», — працытавала дзяржаўнае агенцтва БелТА Аляксандра Лукашэнку зь ягонай сустрэчы зь міністрам замежных спраў і замежнага гандлю Вугоршчыны Пэтэрам Сіярта.
У той жа час Лукашэнка дадаў:
«Не таму, што я вельмі люблю Эўрапейскі зьвяз, а таму што ЭЗ разам з ЗША, Кітаем, Расеяй, у нейкай ступені Індыяй, зьяўляюцца моцнымі апорамі існаваньня нашай плянэты. Калі гэтую апору вырваць з-пад гэтай сыстэмы, будзе вельмі дрэнна для ўсіх».
Вугоршчына адзіная з Эўразьвязу не падтрымала дакладу АБСЭ аб парушэньнях правоў чалавека ў Беларусі.
Таксама Вугоршчына дамагаецца, каб з будучага пакету санкцый Эўразьвязу прыбралі трох чалавек, у тым ліку кіраўніка Беларускай чыгункі Ўладзімера Марозава.
Адносіны Вугоршчыны з Эўразьвязам дасягнулі найбольшай напружанасьці ў 2015 годзе ў пытаньні аб міграцыі, калі прэм’ер-міністар краіны Віктар Орбан пабудаваў памежную агароджу і выступіў супраць прыёму ўцекачоў. Прыкладна ў той жа час агенцтва ЭЗ у барацьбе з махлярствам OLAF падняло трывогу з нагоды нямэтавага выкарыстаньня грошай, якія выдзяляюцца Вугоршчыне з агульнага бюджэту. Вугоршчына таксама выступае супраць вайсковай дапамогі Ўкраіне.
Пасьля Сіярту Лукашэнка абмеркаваў Эўразьвяз з Лаўровым
Міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў на сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам заявіў, што «Расея і Беларусь адкрытыя для супрацы і ні для каго не зачыняюць дзьверы», у тым ліку для Эўрапейскага Зьвязу.
«Калі яны (эўрапейцы) адумаюцца і зразумеюць, што яны самі сябе пазбаўляюць узаемавыгадных эканамічных пэрспэктыў, і вярнуцца, напэўна, тады мы з вамі і з усімі тымі, хто будзе цяпер супрацоўнічаць у нашых інтэграцыйных структурах, будзем глядзець, зь якімі ідэямі яны прыйдуць», – працытавала БЕЛТА Сяргея Лаўрова.