Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Удзельнічаць у прэміі турэмнай літаратуры імя Аляхновіча можна ананімна


Радыё Свабода і Беларускі ПЭН пачалі прыём заявак на прэмію імя Францішка Аляхновіча за найлепшы твор, напісаны аўтарам, які быў зьняволены.

Як ужо паведамлялася, прысуджэньне прэміі імя Францішка Аляхновіча адбудзецца ў Дзень зьняволенага пісьменьніка 15 лістапада. На разгляд прымаюцца творы, апублікаваныя цалкам ці часткова ў пэрыяд зь лістапада 2021 па лістапад 2023 году.

Арганізатары просяць сваякоў, сяброў зьняволеных зьбіраць і захоўваць творчасьць з-за кратаў, перадаць вязьням запросіны ўдзельнічаць у стварэньні літаратуры памяці і зычэньні хуткай свабоды.

Дзеля бясьпекі арганізатары прэміі прапануюць пры жаданьні захаваць ананімнасьць і гарантуюць канфідэнцыйнасць аўтарам і сваякам зьняволеных, ад якіх паступяць заяўкі. Прозьвішчы будуць апублічаныя толькі пасьля таго, як гэта будзе бясьпечна для аўтараў.

Даведацца больш аб прэміі імя Францішка Аляхновіча і яе ляўрэатах можна на адпаведнай старонцы на сайце ПЭНу.

Летась заснавальнікі прэміі, Радыё Свабода і Беларускі ПЭН, перанесьлі цырымонію ўзнагароджаньня на 2023 год.

Няспынныя рэпрэсіі, арышты аўтараў і выдаўцоў цягам мінулага году зрабілі амаль немагчымым публічнае зьяўленьне твораў, напісаных у няволі. Усяго ў няволі, паводле беларускага ПЭНу, на дадзены момант 31 чалавек слова.

Беларускі ПЭН адсочвае і фіксуе храналёгію Людзей Слова, якія цяпер за кратамі: літаратараў, перакладчыкаў і дасьледчыкаў літаратуры, публіцыстаў, інтэлектуалаў, а таксама тых, хто стварае і пашырае культуру, бароніць слова і яго майстроў.

Прысылайце творы ці спасылкі на іх на адрас info@penbelarus.org з пазнакай «Прэмія Аляхновіча».

Арганізатары плянуюць уручаць прэмію імя Францішка Аляхновіча, пакуль сытуацыя ў краіне будзе даваць для гэтага падставы, але спадзяюцца, што яна неўзабаве страціць сваю актуальнасьць.

Прэмія Аляхновіча

У 2013 годзе Беларускі ПЭН і Радыё Свабода супольна заснавалі прэмію за творы, напісаныя ў зьняволеньні, і прысьвяцілі яе драматургу і рэжысэру Францішку Аляхновічу (1883–1944), чыя кніга «У капцюрох ГПУ» адной зь першых расказала сьвету пра савецкі ГУЛАГ.

Першую прэмію Францішка Аляхновіча атрымаў Ігар Аліневіч за кнігу «Еду в Магадан».

Узнагарода: Дыплём і падарункі.

Ляўрэатамі прэміі імя Францішка Аляхновіча станавіліся Ігар Аліневіч (2013), Алесь Бяляцкі (2014), Зьміцер Дашкевіч (2014), Фэлікс Пекер (2014), Павал Севярынец (2014), Аляксандар Фядута (2014), Ірына Халіп (2014), Мікола Дзядок, Зьміцер Дрозд, Андрэй Саньнікаў (2017), Леанід Пятрэнка (2017), Аляксандар Лапшын (2018), Уладзімер Някляеў (2018), Вольга Мікалайчык (2018), Алесь Пушкін (2019), Сяргей Скрабец (2019), Андрэй Аляксандраў (2021), Аляксандар Васілевіч (2021), Максім Знак (2021), Вольга Калацкая (2021), Сьвятлана Купрэева (2021), Мікола Папека (2021), Андрэй Скурко (2021) і іншыя.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG