Ён пачынаў як актор польскіх тэатраў, але стаў «бацькам сучаснай беларускай драматургіі». Добраахвотна выбраў жыцьцё ў БССР, але стаў адным зь першых у сьвеце аўтараў, які раскрыў праўду пра сталінскія лягеры. Выхоўваў свайго сына беларусам, але той амаль да сьмерці мусіў хаваць праўду пра бацьку і сваю беларускасьць. Сёньня 140 гадоў з дня нараджэньня Францішка Аляхновіча.
У сьвеце няма, бадай, чалавека, які ведае пра жыцьцё Аляхновіча больш, чым гісторык Алена Глагоўская. Спадарыня Алена нарадзілася, вырасла і жыве ў Польшчы, але яна беларуска і ўсё жыцьцё займаецца дасьледаваньнем беларускай гісторыі і яе герояў. Жыцьцё Аляхновіча яна вывучала ня толькі праз дакумэнты, але і з прыватных размоваў зь яго нашчадкамі і людзьмі, якія добра зналі яго асабіста.
На помніку Аляхновічу на віленскіх «Росах» адназначная эпітафія — «Беларускі драматург». Ён пісаў беларускія п’есы, граў як актор у беларускіх спэктаклях, быў, як цяпер бы сказалі, тэатральным мэнэджарам. Адна праблема — беларускага тэатру ў яго не было. І каб рэалізаваць сваю мару, Аляхновіч пайшоў адзіным магчымым шляхам — ён стаў адным са стваральнікаў беларускага тэатру.
Першую драму напісаў у турме
Тэатральнаму мастацтву Аляхновіч вучыўся ў Польшчы. Да І сусьветнай вайны ён граў у польскіх тэатрах — у Варшаве, Кракаве, Любліне. І мог стаць польскім акторам. Зрэшты, у «Энцыкляпэдыі польскага тэатру» ёсьць нават артыкул, прысьвечаны Аляхновічу. Але Аляхновіча цікавіў беларускі тэатар.
«У 1910 годзе ён быў адначасова і рэжысэрам, і акторам першага беларускамоўнага спэктакля ў Вільні. Тады гэта была яшчэ не свая пʼеса, а пераклад твору ўкраінскага драматурга Марка Крапіўніцкага „Па рэвізіі“. Пісаць свае пʼесы Аляхновіч пачаў толькі тады, калі апынуўся ў турме на Лукішках. Там ён напісаў сваю першую драму „На Антокалі“, дарэчы, па-польску. Толькі праз пару год ён перакладзе яе на беларускую мову», — расказвае Алена Глагоўская.
Любоў да тэатру ў Аляхновіча ад бацькі, які быў музыкам і граў на скрыпцы, у тым ліку і ў тэатрах. Як Аляхновіча ні прымушалі вучыцца ў фізыка-матэматычным напрамку, яго цягнула ў тэатар. Беларускасьць жа была ў ягоным родзе натуральнай. Маці была сваячкай беларускага дзеяча Францішка Ўмястоўскага, які ініцыяваў выданьне «Нашай Нівы».
Падчас І сусьветнай вайны, дзякуючы братам Івану і Антону Луцкевічам, Аляхновіч пачынае супрацоўнічаць зь беларускай газэтай «Гоман» і публікуе там свае беларускія творы.
«Але цікава, што грошы на ежу і жытло ў той час ён зарабляў зусім не тэатрам і не публіцыстыкай. Ён працаваў пажарнікам, сьпісваў паказаньні электрычных лічыльнікаў. І гэтая праца стала натхненьнем для многіх самаіранічных фэльетонаў. Таксама Аляхновіч працаваў на радыё, карэктарам у газэтах, багатым ён ніколі ня быў. Браў любую працу, якая давала грошы на пражыцьцё», — кажа Глагоўская.
Ствараў тэатар у БНР
Калі ў Менску абвясьцілі незалежнасьць Беларускай Народнай Рэспублікі, Аляхновіча запрасілі разьвіваць у Менску беларускі тэатар. Яго прызначылі загадчыкам рэпэртуару Беларускага дзяржаўнага тэатру. Менск ня быў для Аляхновіча чужым горадам, там жыла ягоная маці. У Менску Аляхновіч супрацоўнічаў з Флярыянам Ждановічам і стварыў сваю трупу. Але неўзабаве горад занялі бальшавікі. Аляхновіч ідзе на працу і да іх, працуе дырэктарам пралетарскага тэатру.
«Гэта быў пік ягонай дзейнасьці, бо на тэатар тады давалі грошы. Там тады асабліва ніхто не разьбіраўся, хто такі Аляхновіч. Але і бальшавікоў тады не ўспрымалі так, як мы сёньня. Ніхто яшчэ ня ведаў, што такое бальшавікі. Для Аляхновіча ж быў важны тэатар. Але ўсё трывала коратка. Летам 1919 году палякі займаюць Менск, трэба зноў прасіць у новых уладаў грошы на тэатар. Палякі не дазвалялі ставіць беларускамоўныя пастаноўкі ў выходныя дні. На выходныя меліся граць толькі польскія пастаноўкі. А хто пойдзе ў звычайны дзень у тэатар? Аляхновіч спрабаваў гэта зьмяніць, бо лічыў, што і беларусы маюць права на свой тэатар. Але хутка зноў падаўся ў Вільню», — расказвае гісторык.
Шоўмэн і таленавіты тэатральны мэнэджар
Сёньня тэатар — гэта мастацтва найперш для гараджанаў, адукаваных людзей, сярэдняй клясы. У часы, калі пачынаў Аляхновіч, тэатар у Беларусі быў мастацтвам для простага народу. Пʼесы Аляхновіча, з аднаго боку, дазвалялі гледачу проста адпачыць, пасьмяяцца, але зь іншага — распаўсюджвалі беларускасьць.
«Усё, што ствараў Аляхновіч, абапіралася на народную традыцыю. Возьмем пʼесу „Чорт і баба“, гэта тыповы народны прадукт. Там было шмат музыкі, сьпеваў, танцаў. Зрэшты, гэтая тэатральная традыцыя на беларускіх землях — яшчэ з XVI ст., калі яна ўводзілася езуітамі. Францішак Аляхновіч паўтараў проста тое, што было ўжо на пачатку XIX ст. у Полацкай акадэміі. Уся драматургія Аляхновіча выводзілася з народу», — кажа Глагоўская.
Гісторык зьвяртае ўвагу, што ў драматургіі Аляхновіча няма рэвалюцыйнасьці, звыклай да тых часоў. Аляхновіч пісаў не палітычныя маніфэсты, а найперш тое, што было цікава публіцы.
«Калі мы паглядзім, што выстаўлялася тады ў Заходняй Беларусі або ў Беларускім дзяржаўным тэатры, то гэта быў найперш рэпэртуар Францішка Аляхновіча. Ён быў лёгкі, добра ўспрымаўся публікай. Такі тэатар забаўляў гледача, але і перадаваў каштоўнасьці», — кажа Глагоўская.
Цікава, што нават калі Аляхновіча саслалі на Салаўкі, то ў Беларусі па вёсках гралі яго пʼесы: «Заручыны Паўлінкі», «Шчасьлівы муж», «Чорт і баба». Паводле Алены Глагоўскай, ніводзін беларускі драматург ня быў такі папулярны ў 20–30-я гады ў Заходняй Беларусі, як Аляхновіч.
Палякі дазвалялі Аляхновічу займацца выключна аматарскім беларускім тэатрам
Пасьля падзелу Беларусі паміж Польшчай і СССР Аляхновіч спадзяваўся, што яму дазволяць адкрыць беларускі тэатар у Вільні. Але польскія ўлады і чуць не хацелі
пра Дзяржаўны беларускі тэатар. Аляхновічу дазволілі займацца толькі аматарскім тэатрам. Ён яго стварыў пры Віленскай беларускай гімназіі.
«Гэта, вядома ж, не давала яму раскрыцца напоўніцу. Уявіце, ён ужо да І сусьветнай вайны быў вядомым акторам. А цяпер мусіў займацца аматарскім тэатрам. Гэта была яго асабістая драма, пэрыяд творчай нерэалізацыі. Але ён працягвае пісаць», — расказвае Глагоўская.
Паўстаюць пʼесы «Няскончаная драма», «Пан міністар». Яны прысьвечаныя адраджэньню беларускай ідэі. Апынуўшыся ў безвыходнай сытуацыі, ён прымае рашэньне ехаць у БССР.
Аляхновіч — аўтар адной зь першых кніг у сьвеце пра сталінскія лягеры
У лістападзе 1926 году ў Менску праходзіла навуковая канфэрэнцыя, прысьвечаная беларускай мове. Аляхновіч едзе ў Савецкую Беларусь у спадзеве, што там зможа рэалізавацца.
«Ён ехаў туды легальна. Яго там віталі як беларускага драматурга, як грамадзяніна Савецкай Беларусі. Жонка з двума сынамі засталіся ў Вільні, бо не было вядома, што атрымаецца ў Менску. Аляхновіч паабяцаў, што калі ў БССР ён атрымае пасаду, задамовіцца, то забярэ і сямʼю. У яго было шмат надзеяў, што нарэшце ён рэалізуе свае мары. Але вельмі хутка яго арыштавалі», — расказвае Алена Глагоўская.
Аляхновічу прысудзілі 10 год ГУЛАГу паводле артыкула аб шпіянажы на карысьць Польшчы. Пазьней ён пісаў, што калі б давялося адседзець тэрмін цалкам, то ён бы гэтага не перажыў. Выйсьці раней яму дапамаглі сябры, якія дамагліся гэтага праз сувязі зь Юзафам Пілсудзкім.
«Вызваленьню Аляхновіча паспрыяў віленскі лекар Адольф Наркевіч. Пазьней менавіта яму Аляхновіч прысьвеціць сваю кнігу пра Салаўкі „Ў капцюрох ГПУ“. У 1933 годзе паміж Польшчай і БССР адбыўся абмен палітвязьнямі, і Аляхновіча выдалі палякам», — расказвае Глагоўская.
Яго абмянялі на Браніслава Тарашкевіча. Гэты момант апісаны ў кнізе. Аляхновіч скончыў свае ўспаміны акурат сцэнай на мосьце, калі ён, вязень Салаўкоў, ідзе ў парваным бушлаце, а насустрач яму ідзе Тарашкевіч у элегантным паліто і капелюшы. Яны падаюць адзін аднаму рукі, і Аляхновіч з жалем кажа: «Бронюсь, Бронюсь, куды ты ідзеш».
Вярнуўшыся ў Вільню, ён даведаўся, што жонка зь ім разышлася. Ён страціў многіх сяброў. У тагачасных газэтах Глагоўская сустракала абвесткі, у якіх Аляхновіч анансаваў стварэньне беларускага тэатру. Але на гэта не было ані людзей, ані грошай. Тады ён пачаў пісаць успаміны пра Салаўкі. Яны публікаваліся ў віленскіх газэтах. У 1935 годзе гэтыя ўспаміны склаліся ў кнігу, спачатку па-польску. Толькі праз пару год Аляхновіч перакладзе кнігу на беларускую.
«Урыўкі тады публікавалі ў многіх польскіх газэтах. Але польскае і беларускае выданьні Аляхновіч выдаў за ўласныя грошы. Пасьля яе пераклалі і на расейскую, украінскую, італьянскую, партугальскую. Але Аляхновіч жадаў, каб урыўкі апублікавалі ў беларускай прэсе. Ён зьвярнуўся з такой просьбай да рэдакцыі „Беларускай Крыніцы“. Але яму адказалі, што ў іх так шмат матэрыялаў, што няма месца для ўспамінаў Аляхновіча», — кажа Алена Глагоўская.
«Тагачасныя ўлады спрыялі пашырэньню гэтай кнігі. Рэкамэндавалі набываць бібліятэкам. Бо гэта было адно зь першых сьведчаньняў пра жыцьцё ў савецкіх лягерах. Мала хто адтуль выходзіў жывы, і яшчэ менш пра гэта пісалі. Дарэчы, пра Салаўкі да Аляхновіча ў 1931 годзе пісаў Францішак Пяткевіч, які сустрэўся зь ім на Салаўках. Ён быў вучнем Аляхновіча зь Віленскай беларускай гімназіі. Але папулярнымі сталі тэксты менавіта Аляхновіча. Відаць, трэба было, каб іх напісаў менавіта драматург», — лічыць гісторык.
Глагоўская дадае, што ў польскага пісьменьніка Чэслава Мілаша, нобэлеўскага ляўрэата, ёсьць тэкст пра тое, як Аляхновіча віталі пасьля вяртаньня з Салаўкоў. Яго запрашалі на літаратурныя сустрэчы, прасілі выступаць перад віленскімі студэнтамі.
«Як пісаў Мілаш, усе ўважліва слухалі, але маладыя не да канца верылі ягоным расповедам. Многія лічылі, што калі Аляхновіча асудзілі ў СССР, то, значыць, ён гэта заслужыў».
Забойства драматурга застаецца загадкай дагэтуль
Калі ў 1940 годзе Вільню перадалі Літве, а Літву далучылі да СССР, то Аляхновіч «залёг на дно». Ён зьмяніў выгляд, імя і схаваўся ў вёсцы пад Вільняй. Пра гэта ведалі толькі самыя давераныя асобы. У Вільню Аляхновіч вярнуўся толькі тады, калі горад занялі немцы. Ён стаў рэдактарам газэты «Беларускі голас». Выданьне праходзіла нямецкую цэнзуру, але, як кажа Глагоўская, пранацысцкіх тэкстаў Аляхновіча ў ёй не было. Газэта расказвала пра тагачаснае жыцьцё беларусаў на Віленшчыне.
Падчас вайны Аляхновіч напіша апошнюю пʼесу — «Круці не круці, трэба памярці». Але памрэ Аляхновіч не сваёй сьмерцю.
Забойства драматурга застаецца загадкай дагэтуль. Ніякіх дакумэнтаў наконт яго не захавалася. Невядома нават, колькі было забойцаў.
«Ва ўспамінах Кастуся Езавітава ёсьць згадка пра расповед трэцяй жонкі Аляхновіча. Яна ўзгадвала, што ў дзьверы іх кватэры на вуліцы Ясінскага пагрукалі нейкія людзі і сказалі, што прывезьлі Аляхновічу нейкія весткі зь Менску. Жонка іх упусьціла ў хату, яны прайшлі ў кабінэт Аляхновіча, трошкі там размаўлялі, а пасьля пачуўся стрэл. Ёсьць розныя вэрсіі, хто гэта быў. І савецкія партызаны, і літоўскія камуністы, і польскія АКаўцы, і што гэта было зроблена нямецкімі рукамі. Гэта было 3 сакавіка 1944 году, таму ніхто ўжо не займаўся сьледзтвам, бо саветы наступалі, а немцы адступалі», — тлумачыць Глагоўская.
Аляхновіча пахавалі на Кальвінскіх могілках (пасьля вайны іх зьнесьлі)
. Глагоўскай удалося паразмаўляць зь людзьмі, якія бралі ўдзел у пахаваньні. Яны сьцьвярджалі, што ў Вільні было толькі два падобныя па размаху пахаваньні. У 1934 годзе, калі памёр навуковец Мікалай Ільяшэвіч, а пасьля ў 1944 годзе — калі забілі Аляхновіча.
«Па Вільні ішло вялікае шэсьце. Захавалася пару здымкаў. Я іх знайшла выпадкова ў прыватных зборах былых вучаніц Віленскай беларускай гімназіі. Яны ўжо нават ня памяталі, каго хавалі, бо яны тады былі маленькімі дзяўчынкамі. Але яны запомнілі гэта як важную падзею і што хавалі кагосьці вельмі важнага», — дадае Алена Глагоўская.
Чаму сыны на паўстагодзьдзя былі вымушаныя забыць пра бацьку
У верасьні 2022 году праўнучка Аляхновіча Эмілія дала Свабодзе інтэрвію, у якім расказала, што і для яе было адкрыцьцём, кім быў яе прадзед. Яна пра гэта дазналася толькі ў 2000-х. Паводле яе слоў, у сям’і практычна не размаўлялі пра Аляхновіча, бо пасьля вяртаньня з Салаўкоў ён ня жыў зь першай жонкай і ня часта бачыў сыноў. Яны вырасьлі і памерлі як палякі. Але Алена Глагоўская ведае пра гэта больш дэталяў. Менавіта яна 20 год таму адшукала сыноў Аляхновічаў у Польшчы.
«У кнізе Аляхновіча пра Салаўкі ёсьць прысьвячэньне Адольфу Наркевічу. А ў Гданьску, дзе я жыву, працаваў тады прафэсар Альгерд Наркевіч. Я яшчэ раней пазнаёмілася зь ім. І вось у 2003 годзе я пазваніла яму з такім пытаньнем: „Ці Адольф Наркевіч мае нешта супольнае з вамі?“. А ён адказаў: „Так, гэта мой бацька, якога саветы арыштавалі і які загінуў пасьля 1939 году“. І калі я спыталася, ці ведае ён нешта пра Францішка Аляхновіча, то ён сказаў, што гэта быў сябра ягонага бацькі. Я тады спытала пра сыноў Аляхновіча. І прафэсар кажа — так, у тэлефоннай кніжцы ёсьць нумар Юркі. Я пазваніла, слухаўку падняў сын Аляхновіча. Мы дамовіліся на сустрэчу. Спадар Юрка сказаў тады мне так: калі б вы да мяне прыйшлі раней, я б не прызнаўся да бацькі».
Шмат гадоў Юры Аляхновіч хаваў праўду пра свайго бацьку, бо ў камуністычнай Польшчы гэта магло б кепска скончыцца. Ён расказаў Глагоўскай, як яму ў 1990 годзе пазваніла дачка, якая пабачыла ў кнігарні кнігу «нейкага Францішка Аляхновіча». Яна спытала бацьку, ці гэта не сваяк які. Юрка Аляхновіч тады адказаў, што ён ня ведае такога чалавека. Гэта быў не пусты страх, у яго былі сурʼёзныя падставы.
У вайну Францішак Аляхновіч сказаў сыну, што той мае невялікі выбар: або ехаць у Менск і служыць у паліцыі, або ехаць на працу ў Нямеччыну. Юрка паехаў кіроўцам у Нямеччыну.
«Пасьля вайны ён хацеў прыехаць у Вільню, але трапіў у Карэлію. Адтуль уцёк у Маскву і праз польскае пасольства трапіў у Вільню. Але маці з братам ужо не было, яны паехалі ў рэпатрыяцыю ў Польшчу. Першая жонка Аляхновіча Станіслава пасялілася ў Гдыні. І Юрка таксама жыў побач. Ён працаваў на суднавэрфі. Каб не прыцягваць да сябе ўвагі, ён уступіў у шэрагі кампартыі, выступаў на мітынгах, прапагандаваў камунізм. Канечне, ён ня быў камуністам, але ведаў, што толькі так можа выжыць», — кажа Глагоўская.
Аднойчы Юрыя Аляхновіча выклікалі ў ваяводзкі камітэт партыі і паказалі дзьве біяграфіі сына Аляхновіча. Адну, якую напісаў ён сам, што ён з рабочай сям’і, і іншую, як сказалі — «сапраўдную».
«Ён расказваў, што калі пабачыў сапраўдную, то ў яго зямля ўцякла з-пад ног. Першы сказ: „Ежы Аляхновіч — сын беларускага нацыяналіста Францішка Аляхновіча“. Далей ён ужо нічога ня бачыў, у яго затрэсьліся ногі. Яму пашанцавала, яго проста выгналі з партыі. А магло быць па-рознаму, гэта ж яшчэ было пры Сталіну», — тлумачыць гісторык.
Усе гады камуністычнай улады ў Польшчы сын Францішка Аляхновіча не прызнаваўся ня толькі ў сувязі з бацькам, але і зь беларускасьцю. Усё зьмянілася толькі на пачатку 2000-х, калі яго знайшла Глагоўская.
«Юрка нарадзіўся ў 1921 годзе. Ён памятаў бацьку яшчэ да яго выезду ў Менск у 1926 годзе. Ён расказваў, як хадзіў з маці на бацькавы спэктаклі, ён ведаў, што на сцэне бацька, і выходзіў пасьля на тую сцэну. Пасьля вяртаньня бацькі з Салаўкоў Юрку было 12 год. Ён быў з бацькам у вельмі добрых адносінах. Для яго бацька быў вялікім сябрам. Яны разам і плавалі па Віліі, і хадзілі на марозіва, паўсюль разам. Юрка быў зь ім зьвязаны. А малодшы Казімір нарадзіўся ў студзені 1925 году. Ён бацькі ня памятаў. Калі бацька вярнуўся з СССР, то быў для яго чужым чалавекам. І блізкасьць паміж імі ніколі не адрадзілася», — кажа Глагоўская.
У выніку Юрка Аляхновіч стаў актыўным сябрам беларускага таварыства «Хатка» ў Гданьску. Калі ў 2005 годзе ў Менску выйшаў зборнік бацькавых твораў, то сыны замовілі па 10 асобнікаў, каб кожнаму ў сям’і дасталася. Алена Глагоўская кажа, што трымае сувязь з усёй сям’ёй Аляхновіча, і большасьць сваякоў захапляюцца продкам.
«Я не магу пагадзіцца з тым, што бацька не перадаў сынам беларускасьць. Старэйшы Юры марыў, што падчас рамонту свайго дома зробіць выяву „Пагоні“ ў муры дома. Але не пасьпеў, памёр. Але калі ён памёр, то „Пагоня“ віднела на ягоным пінжаку». — расказвае Алена Глагоўская.