Асуджанага на 20 гадоў палітвязьня Гундара перавялі на турэмны рэжым
Больш за два гады краязнаўца з Баранавіч адбыў у горадзенскім СІЗА і ўжо некалькі месяцаў знаходзіўся ў бабруйскай калёніі.
Горадзенскі абласны суд 6 чэрвеня пакінуў прысуд палітвязьню бязь зьменаў — 20 гадоў калёніі. Ужо на наступны дзень адразу з карцара яго этапавалі ў калёнію. Жонцы Гундара дазволілі зь ім спатканьне, але яна не пасьпела: мужа ўжо павезьлі па этапе.
Па прыбыцьці ў калёнію Гундара некалькі разоў зьмяшчалі ў штрафны ізалятар.
Акрамя гэтага, у лісьце да родных ён паведаміў, што яго хочуць перавесьці ў турму.
У кастрычніку блізкім стала вядома, што Гундара адправілі ў магілёўскую турму № 4. Зь якой прычыны і ці быў суд па замене рэжыму — сваякам не патлумачылі, піша «Брэсцкая вясна».
Яшчэ на волі Ўладзімер Гундар у выніку хваробы страціў нагу вышэй калена і ў штодзённым жыцьці карыстаўся пратэзам. Аднак у СІЗА пратэз у палітвязьня адабралі, і з таго часу ён перасоўваецца на мыліцах.
Другой праблемай са здароўем у палітвязьня стала частковая страта слыху. Улетку Ўладзімер Гундар расказаў сваякам, што быў аглух на адно вуха, але пазьней слых часткова аднавіўся. Што цяпер са слыхам у Ўладзімера Гундара, сваякам невядома.