У размове з «Народнай Воляй» Тацяна Севярынец распавяла, што ад Паўла ўжо пачалі прыходзіць лісты з Горадзенскай турмы № 1, куды яго этапавалі са шклоўскай калёніі.
«Спачатку адразу тры лісты атрымала, пасьля чаго больш за тыдзень нічога не было. Затым адразу сем лістоў дайшлі да мяне, і праз час яшчэ адзін дайшоў. Я запісваю нумары паштовак, таму бачу, што аб’явіліся нават тыя лісты, якія лічыліся зьніклымі. Яшчэ мяне зьдзівіла, што на адным лісьце сын указвае адзін нумар камэры, у другім — іншы, у трэцім — трэці. Ня ведаю, што там адбываецца, магчыма, сына перакідаюць з камэры ў камэру».
Маці палітвязьня адзначае, што ейны сын «трымаецца».
«Паша трымаецца, усім прывітаньне перадае. Усё разумее і ўсё ведае. А калі пра нешта і ня ведае, то здагадваецца, як яно павінна быць. Сын — чалавек вельмі адукаваны. Паведамляе коратка: „Дзякуй Богу, у мяне ўсё добра“. Натуральна, што ніякія падрабязнасьці свайго знаходжаньня ў турме ня можа напісаць, цэнзура гэта проста не прапусьціць на волю».
Цяпер Павал Севярынец на строгім рэжыме, а гэта ўплывае на колькасьць і парадак пасылак, бандэроляў, спатканьняў.
Калі маці была на кароткатэрміновай сустрэчы з сынам у калёніі, то запытала ў яго, як ён. У адказ Павал толькі паматляў у бакі галавой, маўляў, нельга пра гэта.
7 чэрвеня 2020 году палітыка і пісьменьніка, сустаршыню арганізацыйнага камітэту «Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі» Паўла Севярынца арыштавалі і пазьней абвінавацілі ў падрыхтоўцы масавых беспарадкаў. Праваабаронцы палічылі абвінавачаньне палітычна матываваным і абвясьцілі Севярынца палітычным зьняволеным. 25 траўня 2021 году яго асудзілі на 7 гадоў калёніі строгага рэжыму.
Спачатку Севярынец адбываў пакараньне ў шклоўскай калёніі. У красавіку адміністрацыя папраўчай калёніі № 17 прызнала Паўла «злосным парушальнікам рэжыму». Тады яму скарацілі дазволеную колькасьць званкоў дадому і грашовых пераводаў. А потым яго пазбавілі і працяглага спатканьня. Затым яго перавялі ў Горадзенскую турму № 1, прызначыўшы 3 гады турэмнага рэжыму.