Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Просіць часопісы, піша лісты, раіцца, як карысна патраціць 74 рублі. Навіны Андрэя Кузьнечыка


 Андрэй Кузьнечык, архіўнае фота
Андрэй Кузьнечык, архіўнае фота

Палітвязень, журналіст Свабоды Андрэй Кузьнечык за 664 дні зьвяволеньня напісаў жонцы з-за кратаў 131 ліст, прачытаў каля 100 кніг. У апошнім лісьце ён раіць дачцэ «цікавіцца навукай, бо ў вучобе ня толькі сумнае».

Сумуе па роварных падарожжах: некалі праехаў 280 км за два дні

Андрэй цешыцца добрым надвор’ем — у калёніі ён па-ранейшаму працуе 6 дзён на дварэ, на дрэваапрацоўцы. І прыгадвае сваё роварнае падарожжа ў 280 кілямэтраў.

«У нас тут аксамітны сэзон, а ў вас, мабыць, яшчэ аксаміцейшы.

Пад цёплым ветрыкам прыгадалася, як амаль такім жа надвор’ем недзе 9 верасьня езьдзіў роварам зь Менску ў Бегамле цераз Мсьціж зь Зембінам. 280+ км за два дні. Шыкоўная была паездачка, і цяпер ёсьць што пракручваць у памяці. Зрэшты, і аўтобусная дарога цераз Плешчаніцы застанецца хутка толькі ў памяці. Паглядзеў, як зь яе робяць магістраль з бэтону і разьвязкамі. Спадзяюся, зробяць аб’езд для Бегамля. Ці тады ваш г. п. з амбіцыямі раённага цэнтру зусім без жыцьця застанецца? Мо ўжо і пляны таго аб’езду ёсьць?» — пытаецца ён.

Ліст Андрэя Кузьнечыка жонцы Алесе Рак
Ліст Андрэя Кузьнечыка жонцы Алесе Рак

«Друкаваная эпоха, выглядае, адыходзіць»

Андрэй шмат інфармацыі знаходзіць у пэрыядычных выданьнях, якія выпісвае ў калёніі, — тут дае плён выдатны прафэсіяналізм рэдактара. Калі інфармацыі бракуе, дае жонцы заданьне даведацца пра падрабязнасьці, паглядзець у інтэрнэце альбо пашукаць газэты і часопісы ў шапіках.

«Купляць ня трэба. Проста паглядзі анонсы зь першай старонкі.

А калі не дасі рады, ня бегай па шапіках, столькіх высілкаў гэтая просьба ня вартая.

Шмат якія часопісы добра калі прадаюцца ў адным шапіку каля рэдакцыі, як тое ж (жахлівае) «Полымя» ці «„Маладосьць“. Друкаваная эпоха, выглядае, адыходзіць. Што да моў, то нам з табой, гуманітарыям, думаю, яшчэ пашанцуе вывучыць не адну. А разам і ў шчасьці — клімату ўжо неяк дамо рады...» — піша Андрэй.

Ліст Андрэя Кузьнечыка
Ліст Андрэя Кузьнечыка

«У вучобе ж ня толькі сумнае»

У лістах палітвязень раіцца, як з найбольшай карысьцю патраціць у турэмнай краме вылучаныя на месяц 2 базавыя (адна базавая велічыня — 37 рублёў, то бок на месяц прыпадае 74 рублі. — РС) пры тым, што атаварыцца яму выпадае ня кожны раз, як ён піша, «праз тамтэйшыя „занадта прагрэсіўныя бізнэс-працэсы“».

Андрэй дае парады, як прыахвоціць 9-гадовую дачку Яніну да вучобы, узгадвае супольны з жонкаю пазытыўны досьвед:

«Хацелася б Яніне пажадаць цікавіцца навукай, бо ў вучобе ж ня толькі сумнае. Вось мы з табой каб добра не вучыліся, то мо і не сустрэліся б», — піша Андрэй ў лісьце да жонкі Алесі.

Бацька хвалюецца, ці не занадта дарослая ўжо Яніна для ягоных вершыкаў пра коцікаў і мышак, радуецца яе дасягненьням, посьпехам і творчасьці.

На вакацыі Андрэева жонка Алеся шмат вандравала зь дзецьмі па Беларусі. Яна шле мужу шмат фота дзяцей, каб бацька бачыў, як яны растуць і сталеюць.

«Малайцы, што не седзіце на месцы, дыхаеце сьвежым паветрам, радуеце бабуляў—дзядуляў. Дзякуй за сонечныя і ўсьмешлівыя фоткі. Разглядаю і стараюся пазнаваць і мясьціны заадно», — напісаў Кузьнечык.

Ліст Андрэя Кузьнечыка
Ліст Андрэя Кузьнечыка

«Магутныя фразы пра законы і грошы»

Андрэй шмат чытае, нягледзячы на цяжкую працу 6 дзён на тыдзень і адзін выходны, калі ён піша вялікія лісты родным.

Кузьнечык перачытвае Якуба Коласа, але сьніць пасьля тужлівыя сны. Адначасова з жонкай Алесяй яны прачыталі раман-антыўтопію амэрыканскай пісьменьніцы Айн Рэнд «Атлянт выпрастаў плечы».

«Атлянта» мы з табой узяліся чытаць паралельна. Я ў захапленьні. І хутчэй ад сэнсу словаў, а не ад сюжэту, хоць і ён трымае. Магутныя фразы пра законы, грошы, маніпуляваньне, дасягненьні, маральны кодэкс, працу, злачынства, карысьць і г. д. І самыя характары герояў вельмі магутныя. Хоць і яны, і падзеі, наколькі я разумею, прыдуманыя«, — дзеліцца ў лістах уражаньнямі Андрэй.

Родныя перасылаюць Андрэю чыстыя паштоўкі. Дзеці часам самі іх выбіраюць. На паштоўках з намаляванымі зьвярамі і птушкамі ён піша кранальныя вершы для сына і дачкі. Любіць разглядаць паштоўкі зь беларускімі краявідамі, якія перадаюць жонцы сябры, каб слала Андрэю.

«Дзякуй за зграбную паштоўку з Траецкім прадмесьцем. Забаўна, што мастачка вынесла за рамкі нягеглы „дом чыжа“, але пазначыла „парнік летняй вэранды“. Але ж шмат добрых успамінаў з тым раёнчыкам!

Дзякуй за цеплыню і матывацыю маім далёкім сябрам. Мне ў жыцьці шанцавала на сьветлых, натхняльных і мэтаскіраваных людзей. Іх часьцінка таксама ў маім адчуваньні свабоды і небеспадстаўнасьці надзеі на лепшае», — ня траціць надзею Андрэй Кузьнечык.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG