Будаўніцтва дома паміж вуліцамі Савецкай, Дзяржынскага, Куйбышава і праспэктам Машэрава плянуюць на першы-другі кварталы 2024 году, пасьля таго, як атрымаюць заключэньне экспэртызы. Аўкцыён на заключэньне дамовы арэнды выйграла ТАА «АйранІнвэстПраект».
У гарвыканкаме паведамілі, што «ўлічылі факт» знойдзеных парэштак целаў і «ажыцьцявілі дадатковае абсьледаваньне тэрыторыі». Іншых парэштак на тэрыторыі жылога комплексу не знайшлі.
«Усяго было выкапана 8 равоў глыбінёй 3,5 і даўжынёй 30 мэтраў кожны.
Траншэі пракапаныя на адлегласьці 3 мэтры адна ад адной, такім чынам была ахоплена ўся тэрыторыя кварталу», — паведамілі ў выканкаме.
У студзені 2019 году на месцы будаўніцтва «Прыбускага кварталу» знайшлі фрагмэнты чалавечых касьцей і ўзьвядзеньне аб’екта паставілі на паўзу.
Знойдзеныя парэшткі перапахавалі на могілках пры ўдзеле габрэйскай грамады Берасьця, будоўлю спынілі. Забудоўнік быў ня супраць працягваць, але грамадзкі рэзананс вымусіў улады скасаваць дамову. Актывісты зьбіралі подпісы за тое, каб увогуле забараніць там узьвядзеньне будынкаў і стварыць мэмарыяльны сквэр у гонар 30 000 берасьцейцаў габрэйскай нацыянальнасьці, якія да той вайны складалі больш за палову жыхароў гораду.
Аднак у выканкаме не прыслухаліся да думкі часткі месьцічаў і ўчастак з катлаванам выставілі на аўкцыён. Згодна з умовамі, пераможца таргоў павінен дабудаваць жылы комплекс — чатырохпавярховы дом са спадарожнай інфраструктурай. У сьнежні 2021 году адбылася першая спроба знайсьці інвэстара, у студзені 2022-га — другая, але прапановай уладаў ніхто не зацікавіўся.
У 2020 годзе кіраўнік выканкаму Берасьця Аляксандар Рагачук сказаў, што ўчастак могуць зноў выставіць на аўкцыён, бо праект зьяўляецца «аптымальным з пункту гледжаньня захаваньня памяці і архітэктуры гораду».