Гэтым летам у Дзяржынскай раённай бальніцы пачалі будаваць новую кацельню. Але работы давялося прыпыніць: сярод раскопак будаўнікі пачалі знаходзіць чалавечыя парэшткі, піша мясцовае выданьне DZR.BY.
Першыя косткі знайшлі два дні таму на схіле за бальніцай. Паступова зь нетраў зямлі на глыбіні прыкладна 1,5 мэтра сталі праступаць і іншыя абрысы — дзіцячыя і дарослыя шкілеты. Замест экскаватара будаўнікі ўзяліся за рыдлёўкі і кельні. Паступова тут і там сталі вырастаць цэлыя груды з костак. Што характэрна, людзі ляжаць у зямлі пластамі, адзін над адным. Некаторыя — у становішчы стоячы.
У адным месцы будаўнікам удалося выявіць як быццам цэлае пахаваньне — драўляныя рэшткі труны, а ў ім — шкілет. Побач зь ім знайшлі таксама элемэнты, вельмі падобныя да жаночых упрыгожаньняў (на першы погляд, выкананыя зь нітак блакітнага колеру, але выдатна захаваных) і амаль цэлую пару жаночага абутку — чорныя чаравікі.
Паводле работнікаў, некалі тут стаяла царква, пры якой хавалі мірнае насельніцтва. Таксама відавочцы разглядаюць яшчэ некалькі вэрсіяў. Магчыма, тут расстралялі вязьняў гета, якое знаходзілася ў раёне вуліцы Першамайскай. Таксама гэта можа быць неяк зьвязана з кальвінскім зборам.
Пакуль што на месцы працуе сьледчая група. Падрабязнасьці будуць устанаўлівацца.