Як паведамляе праект «Idel.Реалии», адвакат прасіў суд прызначыць меру стрыманьня, не зьвязаную з пазбаўленьнем волі. Паседжаньне суду адбылося ў закрытым для прэсы рэжыме.
Алсу Курмашаву затрымалі 18 кастрычніка ў Казані. У той жа дзень яе адправілі ў ізалятар часовага ўтрыманьня, дзе яна знаходзілася да гэтага часу.
У РФ яе абвінавачваюць у нібыта нерэгістрацыі так званым «іншаземным агентам», які прадугледжвае пакараньне да 5 гадоў пазбаўленьня волі. Міністэрства юстыцыі Расеі не ўключала журналістку ў рэестар «іншаземных агентаў».
У Расеі гэта першая крымінальная справа паводле артыкулу 330.1 Крымінальнага кодэксу, заведзеная супраць журналіста. Курмашава сваёй віны не прызнае.
Алсу Курмашава — грамадзянка ЗША і Расеі, жыве ў Празе са сваім мужам і дваімі дзецьмі. У Расею яна прыляцела 20 траўня з прычыны неадкладных сямейных спраў. Яе часова затрымалі яшчэ 2 чэрвеня ў аэрапорце Казані падчас чаканьня зваротнага рэйсу ў Чэхію. Тады ў яе канфіскавалі амэрыканскі і расейскі пашпарты, і яна не змагла пакінуць Расею.
Спачатку яе аштрафавалі за тое, што яна не зарэгістравала амэрыканскі пашпарт у органах улады РФ. 18 кастрычніка журналістцы выставілі новае абвінавачаньне.
Курмашава шмат гадоў піша аб праблемах нацыянальных меншасьцяў у Татарстане і Башкартастане, аб грамадзянскіх ініцыятывах па абароне і захаваньні татарскай мовы і культуры.
Раней Камітэт абароны журналістаў (CPJ) і «Рэпартэры бязь межаў» запатрабавалі неадкладнага вызваленьня Курмашавай. Патрабаваньне вызваліць журналістку таксама выказалі ў праваабарончай арганізацыі PEN America і ў Офісе правоў чалавека ААН.
Міжнародная арганізацыя «Рэпарцёры без межаў» запатрабавала неадкладнага вызваленьня Курмашавай.
Закон аб «іншаземных агентах» у Расеі зьявіўся ў 2012 годзе. Ён дазволіў Міністэрству юстыцыі прызнаваць НКА «замежнымі агентамі», калі яны атрымліваюць фінансаваньне з-за мяжы і займаюцца палітычнай дзейнасьцю. Пасьля дадалася магчымасьць прызнаваць «іншаагентамі» СМІ і фізычных асоб.
З 1 сьнежня 2022 году ў Расеі набыў моц закон «Аб кантролі за дзейнасьцю асоб, якія знаходзяцца пад замежным уплывам». Акрамя адзінага рэестра «іншаагентаў», у Расеі зьявіўся рэестр тых, хто «афіляваны» з «іншаагентамі». Імі будуць прызнаваць фізычных асоб, якія былі або зьяўляюцца ў цяперашні час удзельнікамі арганізацыі-«іншаагента». На іх распаўсюджваюцца абмежаваньні, вызначаныя для «іншаагентаў».
Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода і яе рэдакцыі ўнесеныя Міністэрствам юстыцыі Расеі ў сьпісы «іншаземных агентаў» у 2017 годзе. РСЭ/РС ніколі не прызнавала правамоцнасьць гэтага рашэньня. Алсу Курмашава ў асабістай якасьці не прызнаная «іншаземным агентам».