Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Казані затрымалі журналістку Радыё Свабода


Алсу Курмашава, архіўнае фота
Алсу Курмашава, архіўнае фота

У сталіцы Татарстана затрымалі рэдактара праекта Радыё Свабода «Идель.Реалии» Алсу Курмашаву, якая прыехала па сямейных абставінах.

У Казані затрымалі журналістку татара-башкірскай службы Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода Алсу Курмашаву. Яе абвінавацілі ў адмове зарэгістравацца «іншаземным агентам». Пакараньне паводле гэтага абвінавачаньня прадугледжвае штраф, грамадзкія работы або пазбаўленьне волі тэрмінам да 5 гадоў турмы.

«Алсу карыстаецца ў калег вялікай павагай, у сям’і яна верная жонка і клапатлівая маці дваіх дзяцей, — заявіў выканаўца абавязкаў прэзыдэнта мэдыякарпарацыі РСЭ/ РС Джэфры Гедмін. — Яна павінна быць неадкладна вызвалена, каб вярнуцца да сваёй сямʼі».

Алсу Курмашава, грамадзянка ЗША і Расеі, жыве ў Празе са сваім мужам і дваімі дзецьмі. У Расею яна адправілася 20 траўня ў сувязі зь неадкладнай сямейнай неабходнасьцю. Яна была затрымана 2 чэрвеня падчас чаканьня зваротнага рэйсу для вяртаньня ў Чэхію.

Супрацоўнікі аэрапорта Казані канфіскавалі абодва пашпарты Курмашавай. Журналістку аштрафавалі за невыкананьне патрабаваньня аб рэгістрацыі амэрыканскага грамадзянства ў расейскіх органах улады. Яна чакала вяртаньня ёй пашпартоў, калі 18 кастрычніка было абʼяўлена пра новае абвінавачаньне.

Курмашава — дасьведчаная журналістка, які шмат гадоў піша аб праблемах нацыянальных меншасьцяў у Татарстане і Башкартастане. Яна расказвае аб грамадзянскіх ініцыятывах, накіраваных на абарону і захаваньне татарскай мовы і татарскай культуры перад тварам ціску расейскіх уладаў на насельніцтва рэспублік Паволжа, які расьце ў апошнія гады.

Закон аб «іншаземных агентах» у Расеі зьявіўся ў 2012 годзе. Ён дазволіў Міністэрству юстыцыі прызнаваць НКА «замежнымі агентамі», калі яны атрымліваюць фінансаваньне з-за мяжы і займаюцца палітычнай дзейнасьцю. Пасьля дадалася магчымасьць прызнаваць «іншаагентамі» СМІ і фізычных асоб.

З 1 сьнежня 2022 году ў Расеі набыў моц закон «Аб кантролі за дзейнасьцю асоб, якія знаходзяцца пад замежным уплывам». Акрамя адзінага рэестра «іншаагентаў», у Расеі зьявіўся рэестр тых, хто «афіляваны» з «іншаагентамі». Імі будуць прызнаваць фізычных асоб, якія былі або зьяўляюцца ў цяперашні час удзельнікамі арганізацыі-«іншаагента». На іх распаўсюджваюцца абмежаваньні, вызначаныя для «іншаагентаў».

Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода і яе рэдакцыі ўнесеныя Міністэрствам юстыцыі Расеі ў сьпісы «іншаземных агентаў» у 2017 годзе. РСЭ/РС ніколі не прызнавала правамоцнасьць гэтага рашэньня. Алсу Курмашава ў асабістай якасьці не прызнаная «іншаземным агентам».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG