За апошні год Кітай значна павялічыў свой ядзерны арсэнал, і зараз у яго распараджэньні знаходзіцца каля 500 боегаловак. Пра гэта гаворыцца ў штогадовай справаздачы Пэнтагону, дзе таксама зазначаецца, што да 2030 году Пэкін плянуе падвоіць гэтую колькасьць, піша ВВС.
Пры гэтым амэрыканскія вайскоўцы прызнаюць, што Кітай па-ранейшаму прытрымліваецца палітыкі, якая не прадугледжвае нанясеньне прэвэнтыўных ядзерных удараў.
Хоць у справаздачы Пэнтагону выказваецца заклапочанасьць, што рост ядзернага патэнцыялу Кітая перавысіў чаканьні, яго ядзерны арсэнал усё яшчэ неадпаведна малы ў параўнаньні з арсэналамі Расеі і ЗША. Паводле зьвестак Стакгольмскага інстытуту дасьледаваньня праблемаў міру, Расея валодае прыкладна 5889 боегалоўкамі, а ЗША — 5244.
Міністэрства абароны ЗША вызначала колькасьць кітайскіх боегаловак на 2021 год у 400 штук.
Афіцыйная прадстаўніца кітайскага МЗС Мао Нін на прэс-канфэрэнцыі 20 кастрычніка заявіла, што справаздача Пэнтагону «поўная забабонаў і распаўсюджвае тэорыі аб пагрозе з боку Кітаю».
«Кітай заўсёды падтрымліваў свае ядзерныя сілы на мінімальным узроўні, неабходным для забесьпячэньня нацыянальнай бясьпекі, і мы ня маем намеру ўвязваць у гонку ядзерных узбраеньняў ні з адной з краін», — заявіла яна.
Кітайскі дыплямат запэўніла, што «Кітай ня будзе пагражаць ядзернай зброяй ніводнай з краін, толькі калі самі яны ня стануць пагражаць выкарыстаньнем такой зброі супраць Кітаю», і абрынулася з крытыкай на ЗША за іх рашэньне «зрабіць значныя інвэстыцыі ў мадэрнізацыю сваіх ядзерных сіл».
- Пэкін афіцыйна прытрымліваецца палітыкі непрымяненьня ядзернай зброі першым, сьцьвярджаючы, што выкарыстоўвае яе толькі як сродак у адказ. Аднак у апошнія гады пры Сі Цзіньпіне была запушчана маштабная праграма пераўзбраеньняў, якая ўключае і мадэрнізацыю ядзернага арсэнала з тым, каб ня толькі стрымліваць суперніка, але і нанесьці па ім ядзерны ўдар, калі палітыка стрымліваньня не спрацуе.