Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі ўвялі чарговыя абмежаваньні і зборы для кампаній зь «недружалюбных» краінаў


Аляксандар Лукашэнка, архіўнае ілюстрацыйнае фота
Аляксандар Лукашэнка, архіўнае ілюстрацыйнае фота

19 кастрычніка Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ № 326, які ўносіць карэкціроўкі ва ўказ № 93 ад 14 сакавіка 2022 году «Аб дадатковых мерах па забесьпячэньні стабільнага функцыянаваньня эканомікі». Зьмены закрануць замежныя кампаніі зь «недружалюбных» кампаній.

Указам уводзіцца сыстэма кантролю з боку дзяржавы за адчужэньнем замежнікамі з так званых «недружалюбных краінаў» доляў у статутных фондах (акцый) і нерухомай маёмасьці беларускіх прадпрыемстваў. Цяпер адчужэньне будзе магчымае толькі з дазволу беларускага ўраду і пры ўмове выплаты ў мясцовы бюджэт унёску ня менш як у 25% ад рыначнага кошту доляў (акцый), нерухомай маёмасьці гэтых прадпрыемстваў, паведамляе прэс-служба Лукашэнкі.

Акрамя гэтага, указам Лукашэнка надзяліў беларускі ўрад правам павялічваць памеры страхавых унёскаў на транспарт замежных дзяржаў, якія разарвалі двухбаковыя пагадненьні аб абавязковым страхаваньні грамадзянскай адказнасьці ўласьнікаў транспартных сродкаў — «у якасьці меры ў адказ», гаворыцца ў прэс-рэлізе. Раней для беларусаў стала недаступная «Зялёная карта».

Таксама ўводзіцца збор з кампаній, якія надаюць паслугі па ўезьдзе і разьмяшчэньні грузавых аўтамабіляў з Эўразьвязу (зарэгістраваных у ЭЗ) у спэцыяльна ўстаноўленых месцах для правядзеньня грузавых апэрацый. Збор — 0,8 базавай велічыні за рэалізаваную арганізацыяй паслугу (на сёньня гэта 29,6 рубля). Навацыя набудзе моц праз 3 месяцы пасьля афіцыйнага апублікаваньня ўказу.

  • У сакавіку 2022 году ўказам Лукашэнкі замежным інвэстарам са сьпісу «недружалюбных» забаранілі адчужаць прыналежныя ім долі і акцыі ў статутных фондах беларускіх юрыдычных асоб, распараджацца акцыямі па сваім жаданьні, а ў кастрычніку яшчэ больш узмацнілі абмежаваньні — забаранілі рэарганізацыю кампаній і выхад зь бізнэсу.
  • 6 красавіка 2022 году ўрад Беларусі зацьвердзіў пералік «замежных дзяржаў, якія чыняць недружалюбныя дзеяньні ў адносінах да беларускіх юрыдычных і (або) фізычных асоб». Да іх далучаны ўсе краіны ЭЗ, а таксама Новая Зэляндыя, Альбанія, Ісьляндыя, Паўночная Македонія, Вялікая Брытанія і Паўночная Ірляндыя, ЗША, Чарнагорыя, Швайцарыя.
  • 9 красавіка Эўразьвяз забараніў аўтамабільныя грузаперавозкі, у т. л. транзытныя, для беларускіх і расейскіх кампаній. Забарона не датычыць шэрагу тавараў, такіх як фармацэўтычныя, мэдычныя, сельскагаспадарчыя і харчовыя, уключаючы пшаніцу, а таксама аўтамабільных перавозак у гуманітарных мэтах. Абмежаваньні былі прынятыя «ў сувязі з сытуацыяй у Беларусі і датычнасьцю Беларусі да расейскай агрэсіі супраць Украіны».
  • У адказ Беларусь амаль цалкам забараніла ўезд фураў эўрапейскіх кампаній: ім дазваляецца ехаць толькі праз пэўныя пункты пропуску ў спэцыяльна вызначаныя месцы для перагрузкі і перачэпліваньня. Праўда, у траўні 2022 году Беларусь зьмякчыла забарону для аўтаперавозчыкаў з Эўразьвязу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG