Новай пастановай пашыраецца пералік грузаў і транспартных сродкаў, якія не трапляюць пад забарону перамяшчэньня праз мытную мяжу Эўразійскага эканамічнага саюзу ў Беларусь аўтамабіляў (і цягачоў), зарэгістраваных у ЭЗ.
Як паведамляе Мінтранс Беларусі, цяпер пад забарону не падпадаюць:
- буйнагабарытныя грузы, для перавозкі якіх патрабуецца спэцыяльны дазвол, калі, зыходзячы з тэхнічных характарыстык грузу і (або) тэхналягічных асаблівасьцяў перавозкі, немагчымае іх накіраваньне ў спэцыяльна вызначаныя месцы, а таксама транспартныя сродкі для перавозкі такога грузу пры ўмове ўзгадненьня іх перамяшчэньня Мінтрансам;
- транспартныя сродкі, якія перавозяцца на аўтавозах, і самі аўтавозы.
Пастанова набывае моц з дня яе прыняцьця.
9 красавіка Эўразьвяз забараніў аўтамабільныя грузаперавозкі, у т. л. транзытныя, для беларускіх і расейскіх кампаній. Забарона не датычыць шэрагу тавараў, такіх як фармацэўтычныя, мэдычныя, сельскагаспадарчыя і харчовыя, уключаючы пшаніцу, а таксама аўтамабільных перавозак у гуманітарных мэтах. Абмежаваньні былі прынятыя «ў сувязі з сытуацыяй у Беларусі і датычнасьцю Беларусі да расейскай агрэсіі супраць Украіны».
У адказ Беларусь забараніла ўезд фур эўрапейскіх кампаній.