Затрыманьні за кветкі
Сілавікі паведамілі пра затрыманьне двух мужчын, якія раздавалі кветкі на жаночых маршах у 2020 годзе, і адной дзяўчыны. Відэа зь імі апублікаваў адзін праўладны тэлеграм-канал.
Затрыманыя беларусы ў відэа, запісаным пад прымусам, кажуць, што раздавалі кветкі на жаночых маршах, а таксама бралі ўдзел у несанкцыянаваных мітынгах. Затрыманая жанчына расказала, што хадзіла практычна на ўсе нядзельныя маршы і прыцягвалася да адміністрацыйнай адказнасьці за ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах, атрымлівала штрафы і брала крэдыты на іх пагашэньне.
Па якім артыкуле іх затрымалі і ў якім яны цяпер статусе, невядома.
У Верхнядзьвінску далі вялікі штраф за фота ў тындары
Паводле паведамленьня канала «Віцебск, я гуляю!», мясцовыя міліцыянты пабачылі ў праграме для знаёмстваў Tinder фота мужчыны ў майцы з «Пагоняй» і склалі на яго пратакол паводле арт. 24.23 КаАП (парушэньне парадку арганізацыі і правядзеньня масавых мерапрыемстваў).
Судзьдзя мясцовага суда Тацяна Кукліна аштрафавала мужчыну на 3330 рублёў, а майку загадала зьнішчыць.
Штраф за колер катафотаў
Міліцыянты бачаць бел-чырвона-белы сьцяг у паўсядзённых прадметах, якія раней не выклікалі б ніякага падазрэньня. Жыхар Рагачова Пятро Русак атрымаў штраф за катафоты чырвонага і серабрыстага колераў, якія падаліся міліцыянту дэманстрацыяй бел-чырвона-белага сьцяга.
У рагачоўскім РАУС на мужчыну склалі пратакол за «пікетаваньне з парушэньнямі ўстаноўленага парадку», піша «Гомельская вясна».
2 кастрычніка судзьдзя Вольга Пакроўская вынесла пастанову па артыкуле 24.23 КаАП (парушэньне парадку арганізацыі і правядзеньня масавых мерапрыемстваў) і наклала на Пятра Русака штраф памерам 555 рублёў.