Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новым намесьнікам Карпянкова стаў камандзір САХРу, які з 2020 году пад санкцыямі ЭЗ


Аляксандар Быкаў, архіўнае фота 2019 году
Аляксандар Быкаў, архіўнае фота 2019 году

Аляксандар Лукашэнка ўказам ад 28 верасьня прызначыў палкоўніка Аляксандра Быкава першым намесьнікам камандуючага ўнутранымі войскамі Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі — начальнікам штабу.

Генэрал-маёр Ігар Бурмістраў, які раней займаў гэтую пасаду, звольнены з вайсковай службы ў запас па ўзросьце з правам нашэньня вайсковай формы і знакаў адрозьненьня, паведамляе прэс-служба Лукашэнкі.

Раней Аляксандар Быкаў займаў пасаду камандзіра спэцыяльнага атраду хуткага рэагаваньня (САХР) унутраных войскаў МУС Беларусі. Хоць спэцыяльнае прызначэньне САХР — сілавая падтрымка праваахоўнікаў пры затрыманьні асабліва небясьпечных злачынцаў, найперш узброеных, байцы САХР разам з супрацоўнікамі АМАП і ГУБАЗіК неаднойчы ўдзельнічалі ў затрыманьні праціўнікаў рэжыму Лукашэнкі, супраць якіх пасьля заводзілі палітычна матываваныя справы.

Аляксандар Быкаў яшчэ ў кастрычніку 2020 году трапіў пад санкцыі Эўразьвязу. Афіцыйная падстава ўнясеньня ў санкцыйны сьпіс — «рэпрэсіі і запалохваньне пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году мірных дэманстрантаў, у прыватнасьці адвольныя арышты і жорсткае абыходжаньне, уключаючы катаваньні».

Унутраныя войскі МУС Беларусі былі актыўна задзейнічаныя ў падаўленьні масавых пратэстаў у 2020 годзе, іх таксама прыцягвалі да разгону вулічных акцый у ранейшыя гады.

Камандуючым унутранымі войскамі МУС і намесьнікам міністра ўнутраных спраў Беларусі зьяўляецца Мікалай Карпянкоў, адзін з галоўных выканаўцаў палітычных рэпрэсіяў у краіне. Падчас пратэстаў 2020 году Карпянкоў узначальваў Галоўнае ўпраўленьне барацьбы з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй МУС, якое вызначылася катаваньнямі грамадзян. ГУБАЗіК працягвае перасьледаваць апанэнтаў улады і цяпер.

Мікалай Карпянкоў вядомы сваімі рэзкімі выказваньнямі супраць праціўнікаў рэжыму накшталт «прадстаўнікі апазыцыі ашалелі і дэградавалі... у іх настолькі ўсяліўся д’ябал, што яны рэальна шалёныя сабакі, якія заслугоўваюць толькі аднаго — сьмерці» і падобнымі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG