Агульны аб'ём гандлю паміж Тэгеранам і Менскам цягам наступных двух гадоў павінен дасягнуць 400 млн даляраў, паведамляе іранскае агенцтва навін Tasnim з спасылкай на кіраўніка Арганізацыі падтрымкі гандлю Ірану Мэхдзі Зэйгамі.
Такі прагноз чыноўнік зрабіў, камэнтуючы вынікі 16-га пасяджэньня сумеснай беларуска-іранскай камісіі эканамічнага супрацоўніцтва, якое прайшло 9 кастрычніка ў Тэгеране.
Росту тавараабароту, на думку Зэйгамі, будзе спрыяць падпісаньне пагадненьня аб свабодным гандлі паміж Іранам і Эўразійскім эканамічным саюзам.
Паводле зьвестак міністэрства прамысловасьці Беларусі, пратакол пасяджэньня сумеснай камісіі прадугледжвае «рэалізацыю бакамі ў бліжэйшай пэрспэктыве захадаў у сфэрах прамысловай каапэрацыі, сельскай гаспадаркі і вэтэрынарыі, аховы здароўя і фармацэўтыкі, транспарту і супрацоўніцтва паміж гандлёва-прамысловымі палатамі».
Ведамства інфармуе, што 10 кастрычніка міністар прамысловасьці Аляксандр Рагожнік як сустаршыня камісіі правядзе сустрэчы ў міністэрстве дарог і горадабудаўніцтва Ірану, а таксама ў міністэрстве аховы здароўя і мэдычнай адукацыі Ірану.
Паводле інфармацыі з адкрытых крыніц, у 2022 годзе беларуска-іранскі тавараабарот перавысіў 100 млн даляраў, павялічыўшыся за год утрая. Пры гэтым беларускі экспарт у Іран вырас амаль у шэсьць разоў. У гэтую краіну пастаўлялі ў асноўным калійныя ўгнаеньні, «спэцыфічныя тавары», лесаматэрыялы, сынтэтычныя ніткі. З Ірану імпартавалі харчаваньне.