Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Правільныя і няправільныя жанчыны. Каго шануе рэжым


Лідзія Ярмошына, якая на той час была старшынёй Цэнтральнай выбарчай камісіі, на датэрміновым галасаваньні падчас выбараў у Палату прадстаўнікоў, 14 лістапада 2019
Лідзія Ярмошына, якая на той час была старшынёй Цэнтральнай выбарчай камісіі, на датэрміновым галасаваньні падчас выбараў у Палату прадстаўнікоў, 14 лістапада 2019

Узнагароджваць адных і караць іншых — нармальна для любой дзяржавы і любога грамадзтва. Тых, хто робіць злачынствы, накіроўваюць у турмы, а тых, хто робіць штосьці добрае, шануюць і ўзнагароджваюць мэдалямі і граматамі. Але Беларусь цяпер — гэта каралеўства крывых люстэркаў, і ў ім усё наадварот: гераічныя і годныя людзі сядзяць у турме, а тыя, чую дзейнасьць яўна варта праверыць на склад злачынства, атрымліваюць запрашэньні на сьвяточныя прыёмы.

І сёньня ў нас жаночы выпуск гэтага абсурду — у Заслаўі прайшло «рэспубліканскае сьвята ўшанаваньня ўзроставых жанчын» (гэтую фармулёўку прыдумала ня я). І не, там не было гераінь накшталт Ніны Багінскай ці Алены Гнаўк. Такія жанчыны, якія хочуць, каб Беларусь была разьвітай годнай эўрапейскай краінай, з сапраўднай дэмакратыяй і павагай да правоў чалавека, цяперашнім рэжымам ня проста не шануюцца, а актыўна перасьледуюцца.

Замест іх там была Лідзія Ярмошына, якая шмат гадоў забясьпечвала фальсыфікацыі на выбарах; Марыя Худая, якая ў 1997 годзе ўдзельнічала ў падпісаньні дамовы «Пра саюз Беларусі і Расеі»; Ларыса Хацько, якая лічыць, што ў 2020 годзе пратэстоўцы «радзіму за 30 срэбранікаў прадалі», а цяпер вучыцца ў Акадэміі кіраваньня.

Асабліва іранічна гэта выглядае на фоне нядаўняга так званага Дня народнага адзінства. Народ у нас такі адзіны, што тых, хто выступае за дэмакратычныя выбары і недапушчальнасьць неапраўданага гвалту, кідаюць за краты альбо выціскаюць з краіны, а тых, для каго радзіма — гэта Лукашэнка, запрашаюць у сьвяточныя залі, ушаноўваюць і ўзнагароджваюць.

І пакуль Вольга Шпілеўская, старшыня Беларускага саюзу жанчын, расказвае, якім добрым было сьвята ў Заслаўі і як прыемна там было стасавацца ўдзельніцам, яе зусім не хвалюе лёс іншых жанчын, якія цяпер знаходзяцца ў катавальных умовах. Ні Паліна Шарэнда-Панасюк, ні Вольга Залатар, ні Алена Маўшук, ні Марыя Калесьнікава, ні Кацярына Андрэева, ні Антаніна Канавалава яе не цікавяць. І Шпілеўскай асабіста, і ўсёй сыстэме, якой яна так аддана служыць, пляваць на маці, разлучаных са сваімі дзецьмі, і пляваць на дзяцей, якія цяпер у лепшым выпадку жывуць у іншых родных, а ў горшым — апынуліся ў інтэрнатах, бо іх маці асудзілі з палітычных матываў.

Пляваць ім і на тых жанчын, якія вымушаны ўцякаць з радзімы, каб застацца на волі самім і ўратаваць дзяцей ад такога расстаньня. Мяне гэта даўно не зьдзіўляе, але я ўпэўнена, што нельга рабіць выгляд, нібыта такая сытуацыя — гэта норма. Са злом нельга мірыцца, і яго нельга пакідаць незаўважаным. Бо калі ўшаноўваюць Ярмошыну — гэта велізарнае зло, а не «ну што зь іх узяць».

Мы і праўда мала што можам цяпер узяць з тых, хто ёсьць часткай рэжыму Лукашэнкі і дазваляе яму пасьпяхова функцыянаваць, пераўтвараючы вялікую краіну на канцлягер. Але мы можам і мусім супрацьстаяць абсурду, называючы рэчы сваімі імёнамі: сапраўдныя злачынцы павінны быць у турме, а палітзьняволеныя мусяць выйсьці на волю, атрымаць годную рэабілітацыю і кампэнсацыю. І менавіта іх мы будзем шанаваць за сьмеласьць, годнасьць і ўпартасьць, зь якой яны працягваюць змагацца.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG