Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каханьне за кратамі. Як у Беларусі прызнаюць палітзьняволенымі цэлыя сем’і


Ілюстрацыйная графіка
Ілюстрацыйная графіка

1438 чалавек — столькі беларусаў праваабаронцы «Вясны» прызналі палітвязьнямі па стане на 14 лютага (іншыя праваабарончыя ініцыятывы называюць большыя лічбы). Свабода паглядзела, колькі сямейных пар і за што зазналі ў Беларусі палітычна матываваны крымінальны перасьлед.

«Яна ў цяжкім псыхалягічным стане, на яе ціснуць увесь час»

Пасьля пратэстаў у Пінску ў жніўні 2020 году затрымалі сужэнцаў Сяргея і Алену Маўшукоў. У сям’і пяцёра дзяцей. Сяргей Маўшук атрымаў 6 з паловай гадоў калёніі, ягоная жонка Алена — шэсьць гадоў.

Алену Маўшук трымаюць у зьняволеньні ў жаночай калёніі № 24 (Рэчыцкі раён). Яе пазбавілі бацькоўскіх правоў. Гэта значыць, што яна мае цяпер вялікі доўг перад дзяржавай за ўтрыманьне дзяцей. «На яе аказваецца вялікі ціск у Зарэччы (калёнія № 24. — РС). Колькі б яна ні працавала, выплаціць той штучны доўг за дзяцей ня хопіць ніякіх заробкаў у калёніі. Яе пазбавілі спатканьняў, перадач, зьмяшчаюць у ШЫЗА і ПКТ. Яна ў цяжкім, прыгнечаным псыхалягічным стане», — расказала Свабодзе Марына (імя зьмененае. — РС), якая нядаўна вызвалілася з калёніі № 24.

«Муж у Ваўкавыску, жонка ў Гомлі, дзеці — у Варшаве»

У 2020 годзе міліцыя затрымала сямейную пару Сяргея Ярашэвіча і Антаніны Канавалавай. Яны атрымалі па пяць з паловай гадоў калёніі ў так званай справе тэлеграм-канала «Армия с народом». Цяпер Сяргей Ярашэвіч адбывае пакараньне ў ваўкавыскай калёніі, Антаніна Канавалава — у гомельскай. Іхныя малыя дзеці, Ваня і Насьця, цяпер жывуць у Варшаве разам з бабуляй Ганнай. Яна здолела іх вывезьці з Беларусі, каб дзеці ня трапілі ў прытулак.

24 траўня 2022 году КДБ унёс Сяргея Ярашэвіча ў сьпіс асоб, «датычных да тэрарыстычнай дзейнасьці». У жніўні 2022-гга адміністрацыя ваўкавыскай калёніі зьмяшчала палітвязьня ў ШЫЗА і ПКТ. У студзені 2023 году над Сяргеем адбыўся чарговы суд за «злоснае непадпарадкаваньне адміністрацыі калёніі». Да тэрміну ў пяць з паловай гадоў яму дадалі яшчэ 9 месяцаў няволі.

Сьвятара адправілі за краты на 16 гадоў, яго жонку — на 15, сына — на 19

Сяргей Разановіч, жыхар Жабінкаўскага раёну, да затрыманьня служыў праваслаўным сьвятаром. Яго затрымалі разам з жонкай Любоўю і сынам Паўлам у межах «справы Аўтуховіча».

У лютым 2021 года КДБ унёс палітвязьня ў сьпіс «асобаў, датычных да тэрарыстычнай дзейнасьці». На судзе ў «справе Аўтуховіча», фігурантаў якой абвінавацілі паводле цяжкіх «тэрарыстычных» артыкулаў, Сяргею Разановічу прысудзілі 16 гадоў пазбаўленьня волі. Ягоная жонка Любоў пакараная 15 гадамі калёніі, сын Павал — 19.

Жонку за падтрымку мужа пакаралі калёніяй на два гады

Журналіста Радыё Свабода, блогера Ігара Лосіка суд пакараў 15 гадамі пазбаўленьня волі. Ён адбывае пакараньне ў наваполацкай калёніі. На волі ў Ігара заставаліся жонка Дар’я і 4-гадовая дачка Паўліна.

Суд над Ігарам у «справе Ціханоўскага» праходзіў у закрытым рэжыме ў будынку гомельскага СІЗА. Сваякоў на суд не пусьцілі. Нягледзячы на гэта, усе месяцы судовага паседжаньня Дар’я Лосік правяла пад мурамі турмы. Такім чынам яна падтрымлівала свайго мужа.

Дар’я неаднаразова пісала ў сацыяльных сетках і давала камэнтары СМІ пра сытуацыю з мужам. 18 студзеня 2023 году Дар’ю Лосік асудзілі на 2 гады пазбаўленьня волі за камэнтар тэлеканалу «Белсат», прызнанаму «экстрэмісцкім фармаваньнем». Да абвяшчэньня прысуду сужэнцам не дазвалялася ліставацца. Пасьля прысуду Ігар напісаў Дар’і 15 лістоў, а яна не атрымала ніводнага.

Пра чатырохгадовую дачку Паўлінку ці сямейныя навіны Дар’я і Ігар маглі даведвацца толькі зь лістоў сваіх бацькоў.

Сталі мужам і жонкай у турме

У студзені 2021 году ў Менску затрымалі журналіста і мэдыямэнэджара Андрэя Аляксандрава і ягоную сяброўку Ірыну Злобіну. 1 верасьня 2022 году Андрэй і Ірына пажаніліся ў СІЗА-1 на Валадарскага.

Канчатковае абвінавачаньне Аляксандраву і Злобінай выставілі паводле шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэксу, у тым ліку за «здраду дзяржаве». Іх судзілі ў «справе БелаПАН».

Вырак Андрэю Аляксандраву — 14 гадоў калёніі, Ірыне Злобінай — 9 гадоў. Суд праходзіў у закрытым рэжыме, таму падрабязнасьці невядомыя. Цяпер Аляксандраў знаходзіцца ў наваполацкай калёніі, Злобіна — у гомельскай.

Сямейныя пары ў турме, іншыя чакаюць суду

14 сьнежня 2021 году ў Менску быў вынесены прысуд у крымінальнай справе палітвязьняў, удзельнікаў музычнага фэнтэзі-фольк-гурту Irdorath Уладзімера і Надзеі Калачоў. Іх абвінавацілі ў «арганізацыі і падрыхтоўцы дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак» і ў «фінансаваньні ці іншым матэрыяльным забесьпячэньні такой дзейнасьці».

Сужэнцаў Калачоў і яшчэ 14 чалавек затрымалі 2 жніўня 2021 году на сьвяткаваньні дня народзінаў Надзеі Калач. На шасьцярых з затрыманых завялі крымінальныя справы. Да суду Ўладзімера і Надзею ўтрымлівалі ў СІЗА № 1 Менску. Музыкам прысудзілі па 2 гады пазбаўленьня волі.

У менскім СІЗА-1 цяпер знаходзяцца ў якасьці абвінавачаных паводле «народнага» артыкулу 342 КК вядомы рэпэтытар Яўген Лівянт, ягоная жонка Юлія і іхная дачка Ганна. Сілавікі абвінавачваюць Лівянта і ягоную жонку ў «арганізацыі і падрыхтоўцы дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўным удзеле ў іх».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG