Куды зьнікае дабрачыннасьць пры дыктатуры
Шыкоўна адрэстаўраваны будынак у цэнтры Менску, на вуліцы Чырвонаармейскай 15, як вынікае з тлумачэньня Лукашэнкі, будзе зусім не ягонай новай рэзыдэнцыяй, а офісам дабрачыннага Фонду Першага. («На верхнім паверсе даручыў усе дабрачынныя фонды, якія мы закрылі (сабачак лячылі, катоў і гэтак далей) сабраць пад адным дахам»).
Мэта, якую ставіць гэтым Лукашэнка, відавочна, даволі простая і зразумелая. Ведаючы, наколькі значнымі былі сумы, якімі распараджаліся зьнішчаныя ім грамадзкія харытатыўныя арганізацыі, ён хацеў бы, каб грошы на дабрачынныя мэты па-ранейшаму паступалі, але каб кантраляваў іх асабіста ён. Каб не заставалася ніякай не падкантрольнай рэжыму ініцыятывы. Вось як Лукашэнка сказаў пра гэта 6 кастрычніка падчас паездкі па Берасьцейшчыне:
«Галоўнае, што мы зможам акумуляваць грошы тых, хто неабыякавы. І з майго боку — гарантыя таго, што гэтыя грошы раскрадзеныя ня будуць... Я, можна сказаць, сваё імя туды аддаў — фонд Першага, каб мы маглі сабраць нейкія грошы і дапамагчы тым, хто ў патрэбе...»
«Мы іх прыкрылі тут. І тыя, хто нам дапамагаў і хоча дапамагчы, юрыдычна ня могуць. Тады я кажу: давайце пад эгідай прэзыдэнта створым фонд, адкрыты абсалютна, каб людзі, якія ў гэты фонд уносяць сродкі, разумелі, куды ідуць гэтыя грошы».
Праблема для Лукашэнкі — у тым, што грошы гэтыя паступалі галоўным чынам з заходніх заможных краін, дзе існуюць тысячы падобных арганізацый і фондаў, якія дзеля сваіх заяўленых статутных мэтаў гатовыя былі дапамагаць адпаведным беларускім грамадзкім ініцыятывам. І дапамагалі: інвалідам-вазочнікам; цяжкім невылечна хворым; тым, хто мае патрэбу ў пратэзах; нарказалежным; ахвярам хатняга гвалту і гандлю людзьмі; беспрытульным жывёлам; рознага кшталту экалягічным праектам, якія ставілі на мэце ахову рэдкіх птушак, жывёлаў, ляндшафтаў... Гэты пералік можна працягваць вельмі доўга. Сумы, якія на працягу апошніх трох дзесяцігодзьдзяў паступалі з-за мяжы на рахункі беларускіх дабрачынных арганізацый і фондаў, вымяраліся дзясяткамі і сотнямі мільёнаў даляраў. Натуральна, што пасьля зьнішчэньня гэтых арганізацый спынілася і фінансаваньне дабрачынных праектаў з Захаду. І няўжо, ствараючы на руінах разбуранага «трэцяга сэктару» ўласны новы дабрачынны фонд, Лукашэнка ўсур’ёз разьлічвае, што гэта грашовая плынь можа аднавіцца?
«Пры сацыялізьме дабрачыннасьць не патрэбна»
Як і ў многіх іншых сфэрах, Лукашэнка, ствараючы на руінах зьнішчаных грамадзкіх арганізацый паслухмяныя і падкантрольныя сымулякры, арыентуецца на блізкі і зразумелы яму савецкі досьвед. Досьвед такі ў СССР у розныя пэрыяды яго існаваньня быў супярэчлівы. Ідэю дабрачыннасьці бальшавіцкі рэжым зь першых гадоў свайго існаваньня лічыў ідэйна шкоднай. Сапраўды, як можна было дапусьціць, што ў дзяржаве рабочых і сялян, якая нібыта забясьпечыла сацыяльную роўнасьць і будуе бясклясавае грамадзтва, нехта пакутуе ад галечы, самоты ці адсутнасьці даступнай мэдычнай дапамогі, што хтосьці мае патрэбу ў міласэрнасьці і спачуваньні? Гэта дыскрэдытавала асновы камуністычнай ідэалёгіі і практыкі. У сталінскім выданьні Вялікай савецкай энцыкляпэдыі (1950) паняцьце «дабрачыннасьць» вызначалася наступным чынам:
«Дапамога, якая крывадушна аказваецца прадстаўнікамі пануючых клясаў... некаторай частцы немаёмнага насельніцтва з мэтай падману працоўных і адцягваньня іхнай увагі ад клясавай барацьбы... Пры сацыялізьме дабрачыннасьць не патрэбна, бо ў грамадзтве скасаваныя беднасьць і галеча».
Цікава, што лёгіка Лукашэнкі прыблізна тая ж. Адкрыта адмаўляць неабходнасьць дабрачынных гуманітарных арганізацый ён ня можа, але тое, што нехта іншы, па-за кантролем рэжыму, можа хутчэй і больш эфэктыўна вырашаць вострыя для грамадзтва праблемы, гэта ў ягонае разуменьне сьвету, відавочна, не ўпісваецца. І ў шчырую бескарысьлівую дапамогу з Захаду ён таксама паверыць ня можа. Як бальшавікі ня верылі ў тое, што капіталісты, дасылаючы хлеб у ахопленае голадам Паволжа, шчыра хацелі накарміць галодных (а не пахіснуць веру працоўных ва ўсемагутнасьць бальшавікоў і адцягнуць увагу ад сусьветнай пралетарскай рэвалюцыі).
Паняцьці «міласэрнасьць», «спагада», «спачуваньне» ў жорсткай таталітарнай сыстэме ўвогуле лічыліся чымсьці архаічным, буржуазным перажыткам, адрынутым бадзёрымі будаўнікамі новага грамадзкага ладу. Таленавітыя радкі расейскага паэта Сямёна Гудзэнкі «Нас не нужно жалеть, ведь и мы никого б не жалели...», напісаныя ў 1945-м, былі своеасаблівым жыцьцёвым лёзунгам тых пакаленьняў.
Дзяржава пераможцаў лічыла прыніжэньнем уласнай годнасьці дазволіць у сябе дабрачыннасьць. Красамоўная дэталь пасьляваеннай савецкай рэчаіснасьці. Вакзалы, цягнікі, увогуле людныя месцы ўсіх савецкіх гарадоў пасьля 1945 году былі запоўнены інвалідамі. Аднаногімі з той вайны вярнуліся 3 мільёны былых савецкіх салдат, зусім бязногімі — 1 мільён 200 тысяч. Ні нармальных пратэзаў, ні інвалідных калясак магутная савецкая дзяржава для іх не вырабляла, а папрасіць на Захадзе, прыняць адтуль дабрачынную дапамогу лічыла для сябе непрымальным прыніжэньнем. Многія з тых абяздоленых людзей самастойна майстравалі сабе з дошак і падшыпнікаў прымітыўныя вазкі, на якіх і перамяшчаліся па вуліцах. Часта яны выступалі перад мінакамі з імправізаванымі канцэртамі, жабрацтвам зарабляючы на выпіўку.
У 1948 годзе ў краіне пачалася падрыхтоўка да «вялікага юбілею» — 70-годзьдзя Сталіна. А летам 1949-га нехта зь недальнабачных камуністычных начальнікаў, імкнучыся выслужыцца перад правадыром, наладзіў перад Крамлём, на Краснай плошчы, дэманстрацыю інвалідаў-франтавікоў — «калясачнікаў», «кастыльнікаў», «паўзуноў»... Таварышу Сталіну ўбачанае страшна не спадабалася. І ён аддаў загад: «Ачысьціць краіну ад сьмецьця!». Маштабную ачыстку вуліц ад інвалідаў, якія псавалі выгляд сацыялістычных гарадоў, праводзілі па начах адмысловыя нарады міліцыі і органаў дзяржбясьпекі. Затрыманых жабракоў і бяздомных, большасьць якіх былі інвалідамі вайны, затрымлівалі, везьлі на чыгуначныя станцыі, грузілі ў цяплушкі, везьлі ў аддаленыя дамы-інтэрнаты (часта яны разьмяшчаліся ў былых манастырах на поўначы і нагадвалі турмы). Пашпарты і салдацкія кніжкі пры гэтым адбіралі. Для інвалідаў гэта звычайна была дарога ў адзін канец.
Прафэсійныя абаронцы міру
Тыя нешматлікія псэўдаграмадзкія арганізацыі з намёкам на гуманітарныя мэты, якія ў СССР пачалі ствараць пасьля Сталіна, па сутнасьці, былі дэкарацыяй, вітрынай, бачнасьцю грамадзкай ініцыятывы. У рэчаіснасьці любая такая дзейнасьць была пад жорсткім кантролем партыйных органаў. На пасады кіраўнікоў у гэтыя структуры прызначаліся звычайна былыя чыноўнікі, партыйныя функцыянэры, выпраўленыя на пэнсію. Для іх гэта была магчымасьць з важным выглядам засядаць у ганаровых прэзыдыюмах, мець неблагі дадатак да і без таго высокай намэнклятурнай пэнсіі і за казённы кошт выпраўляцца ў замежныя паездкі для «абмену досьведам».
Своеасаблівым узорам, да якога ўрэшце можа схіліцца тая дабрачынная арганізацыя, якую стварае Лукашэнка, можа служыць добра знаёмы многім людзям старэйшага пакаленьня Савецкі фонд міру. Ён быў створаны падчас хрушчоўскай адлігі, у 1961 годзе. На той час камуністычны рэжым ужо адышоў ад татальнага адмаўленьня дабрачыннасьці як «буржуазнага спосабу адурманьваньня працоўных мас».
Але і прызнаваць, што грамадзтва само здольнае самаарганізоўвацца і супольна вырашаць тыя ці іншыя рэальныя праблемы, савецкія правадыры не зьбіраліся. Проста вырашана было стварыць сваю, клясава блізкую камуністычную «дабрачыннасьць». Савецкім грамадзянам дазволена было ахвяраваць грошы дзеля «змаганьня за мір». Пра тое, у чым заключалася такое змаганьне, людзі мелі вельмі прыблізнае ўяўленьне.
Але фонд папаўняўся спраўна. Крыніц было некалькі, і ўсе іх кантралявалі і накіроўвалі ў патрэбным для сябе кірунку ўлады. Напрыклад, вымушаныя былі масава пералічваць значную частку сваіх даходаў у гэты фонд царкоўныя прыходы і япархіі. Зараблялі на суботніках і пералічвалі грошы ў Фонд міру студэнты і школьнікі. На многіх прадпрыемствах прымушалі арганізоўваць так званыя «вахты міру»: дзённы заробак усіх работнікаў у «прымусова-добраахвотным парадку» пералічваўся ў Фонд міру. Сакратар парткаму на адпаведным сходзе тлумачыў: гэтым наш калектыў дапамагае абяздоленым дзецям Анголы (ці Віетнаму, ці Нікарагуа, ці Этыёпіі, ці палестынскім уцекачам у Лібане — у залежнасьці ад таго, дзе ў гэты час Савецкі Саюз спрабаваў усталяваць ідэйна блізкія рэжымы).
Варта прызнаць, што пэўны сэнс у такім спосабе адбіраньня грошай у той час у савецкага рэжыму быў. Бо якім яшчэ чынам можна было параўнальна законна абабраць фармальна аддзеленую ад дзяржавы царкву, якая зьбірала зь вернікаў немалыя сродкі? Альбо: з дапамогай фонду, які фармальна лічыўся грамадзкім, можна было пад выглядам гуманітарных мэтаў фінансаваць тыя рэжымы, у якіх Савецкі Саюз праводзіў тагачасныя «спэцапэрацыі».
Так ці інакш, за тры дзесяцігодзьдзі Савецкі фонд міру ператварыўся ў вельмі багатую арганізацыю, якая да таго ж была закрытай і непразрыстай (яе фінансавыя справаздачы не публікаваліся). Паводле некаторых ацэнак, штогод фонд зьбіраў каля 400 мільёнаў савецкіх рублёў. Тагачасны кіраўнік СФМ, славуты шахматыст Анатолій Карпаў у адным з інтэрвію прызнаваўся, што ў 1989 годзе праўленьне Фонду распараджалася рэсурсамі памерам у 4,5 мільярда рублёў (паводле тагачаснага афіцыйнага курсу — каля 7 мільярдаў даляраў). Пры гэтым выдаткоўвалася ўсё гэта галоўным чынам на патрэбы шматлікіх замежных сяброў Савецкага Саюзу — у прыватнасьці, на аплату навучаньня ў Савецкім Саюзе студэнтаў з краін Азіі і Афрыкі. У СССР доўга і ўпарта не хацелі прызнаваць, што ў гуманітарнай дапамозе маюць патрэбу мільёны ўласных грамадзян. Зьмены адбыліся толькі ў апошнія гады існаваньня савецкага рэжыму, пры Гарбачову: тады багатыя рэзэрвы фонду нечакана для саміх ягоных кіраўнікоў улады дазволілі выдаткоўваць на дапамогу пацярпелым ад Чарнобылю і ад армянскага землятрусу 1988 году.
Беларускія міратворцы
Што адметна, у Беларусі Фонд міру з савецкага часу захаваўся практычна ў нязьменным стане. У часы БССР гэта была філія Савецкага фонду міру, якую працяглы час узначальваў скульптар Заір Азгур, вядомы сваімі шматлікімі помнікамі камуністычным правадырам, асабліва Леніну. Па прыкладзе Масквы ў Беларусі ў савецкі час таксама знайшлі некалькі крыніц шчодрага фінансаваньня. Напрыклад, на многіх заможных прадпрыемствах пад ціскам ідэалягічнага начальства ўкаранілі «ініцыятыву»: залічваць у склад рабочых брыгад вэтэранаў вайны, заробак якіх павінен быў пералічвацца ў Фонд міру. Ці яшчэ адзін спосаб: славутым пісьменьнікам і дзеячам мастацтва, якія ў той час атрымлівалі немалыя ганарары і прэміі, настойліва раілі дзяліцца атрыманым з фондам. Пад такія «рэквізыцыі» ў розны час падпадалі Іван Мележ і Кандрат Крапіва, Ігар Лучанок і Яўген Глебаў. Што праўда, у якасьці кампэнсацыі іх потым уключалі ў рознага кшталту замежныя «міратворчыя» паездкі, што па тых часах было не абы-якім бонусам.
Сёньня ацалелы Беларускі фонд міру — абсалютна сэрвільная паслухмяная ўладзе арганізацыя, якую ўзначальваюць мала каму вядомыя асобы. Яе не чапаў ГУБАЗІК у ліпені 2021-га, ніхто не арыштоўваў, не абшукваў і не саджаў у турму яе актывістаў. А арганізацыя, калі верыць яе афіцыйнаму сайту, агромністая: нібыта 950 тысяч актывістаў і 148 гарадзкіх і раённых арганізацый. Бескарысна шукаць на афіцыйным сайце БФМ хаця б згадку пра расейска-ўкраінскую вайну, пра тое, як у беларускім грамадзтве ставяцца да гэтай вайны альбо якімі рэпрэсіямі ўлада рэагуе нават на самыя малыя праявы антываенных настрояў. Пра тое, каб сам БФМ зладзіў якую-небудзь грамадзкую антываенную акцыю, нават і размовы няма. Мяркуючы па зьмесьце афіцыйнай інтэрнэт-старонкі фонду, там займаюцца выключна абстрактнай барацьбой за мір, а таксама «за мір у сям’і» і за ўшанаваньне памяці ахвяраў Вялікай Айчыннай вайны.
А грашовыя даходы і магчымасьці сёньняшняга БФМ на тле колішніх абаротаў савецкага часу выглядаюць мізэрна. Паводле афіцыйнай інфармацыі, «у 2013–2017 гадах Беларускі фонд міру накіраваў на рэалізацыю статутных мэтаў і задач 2 мільёны 648 тысяч рублёў». Атрымліваецца, 530 000 рублёў на год на ўсю краіну. На што можа хапіць такіх грошай? Хіба што на рэклямныя ўлёткі ды на якія-небудзь насьценгазэты.
Сурагаты міласэрнасьці
Што хаваць і што (і каму) дэманстраваць з дапамогай свайго «фонду Першага» хоча Лукашэнка, пытаньне цьмянае. Усе крыніцы, здольныя прыносіць прыбытак, у Беларусі і без таго пад ягоным поўным кантролем. Так што перакладаць грошы з адной кішэні ў другую сэнсу нібыта няма. Разьлічваць на аднаўленьне фінансаваньня з-за мяжы таксама не выпадае. А калі мэта толькі ў тым, каб зьбіраць дадатковыя грошы з уласнага насельніцтва, апэлюючы да людзкой міласэрнасьці, то чаму было не рэанімаваць Беларускі фонд міру і ўдыхнуць у яго другое жыцьцё, аднавіўшы старыя савецкія практыкі «добраахвотна-прымусовых» унёскаў і новых суботнікаў? Магчыма, разьлік на тое, што ў «фонд Першага» людзі будуць пералічваць грошы з куды большай ахвотай, чым у фонд міру зь ягонай сумнеўнай рэпутацыяй і мутным бэкграўндам?
Падобна, пэўнага адказу на гэтыя пытаньні пакуль няма і ў самога Лукашэнкі. Ці не таму і зацягваецца ўся справа з пачаткам працы фонду: з таго часу, як ён зарэгістраваны, мінуў ужо год, а збор грошай пакуль так і не пачаўся, на рахунках фонду адны нулі. І ці не адзінай яркай дэтальлю новай структуры, зьвесткі пра якую шырока разышліся па сьвеце дзякуючы журналісцкаму расьсьледаваньню, застаецца туалетны яршок за 600 рублёў з новага офісу «фонду Першага».
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.